Эклезіяста 2 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Я сказаў у сэрцу сваім: «Хадзі ж цяпер, я спрабую цябе веселатою, наглядзіся на дабрыню»: і вось, гэта таксама марнасьць.
 
І сказаў я ў сэрцы маім: «Ану ж бо праверу цябе я радасьцю, і нацешуся дабром»; але ж гэта — марнота!

Празь сьмех я сказаў «Дурнота!» і празь веселату: «Што даець яна?»
 
Пра сьмех я сказаў: «Недарэчнасьць!», а пра радасьць: «Што яна дасьць?»

Я прабаваў у сэрцу сваім цешыць віном цела свае, а сэрца свае ўводзіць у мудрасьць, няцца й дурноты, пакуль не абачу, што добрае сыном людзкім, што рабілі б яны пад нябёсамі ў ліках дзён жыцьця свайго.
 
Намысьліў я ў сэрцы маім падбадзёрваць віном маё цела і, тым часам як сэрца маё кіравацьмецца мудрасьцю, ня цурацца і дурасьці, пакуль не пабачу, што добра сынам чалавечым, што маюць яны рабіць пад небам за кароткія дні свайго веку.

Я ўчыніў вялікія справы: пастанавіў сабе дамы, пасадзіў сабе вінішчы,
 
Учыніў я вялікія дзеі: дамы я сабе збудаваў, насадзіў сабе вінаграднікі;

Уладзіў сабе гароды а сады, і пасадзіў дзервы ўсялякае садавіны ў іх;
 
завёў сабе сады і гаі, насадзіў у іх розных пладовых дрэў;

Зрабіў сабе копані водаў, каб навадняць гаі, ідзе растуць дзервы;
 
нарабіў сабе сажалак, каб паліваць зь іх гаі, у якіх дрэвы растуць;

Прыдбаў слугаў а нявольнікі, і чэлядзь была ў мяне; і былі ў мяне таксама стады буйнога й драбнога статку — балей, чымся ў вусіх, былых перад імною ў Ерузаліме;
 
наняў сабе слуг і служанак, і дамачадцы былі ў мяне; а таксама буйной і дробнай худобы было ў мяне болей, чым ва ўсіх, што жылі да мяне ў Ерусаліме;

Зьбер сабе таксама срэбра а золата і асаблівы скарб із каралёў а краінаў; замеў сабе пяюноў а пяюльлі і раскошы сыноў людзкіх — караліцу а караліцы;
 
сабраў сабе срэбра і золата й скарбаў каштоўных ад цароў і правінцый; завёў у сябе сьпевакоў і сьпявачак і асалоду сыноў чалавечых — мноства жонак і наложніц.

Значыцца, я быў вялікі і ўзьвялічыўся болей за ўсіх, былых перад імною ў Ерузаліме; таксама мудрасьць мая была з імною.
 
І ўзьвялічыўся я і ўзбагацеў над усімі, што жылі да мяне ў Ерусаліме; і мудрасьць мая засталася пры мне.

І чаго б не прасілі вочы мае, я не задзержаваў ад іх; не адмаўляў сэрцу свайму ніякае радасьці, бо сэрца мае цешылася з усяе гарапашнасьці мае; і гэта было маёй дзеляй з усяе гарапашнасьці мае.
 
І нічога, чаго вочы мае ні прагнулі, я ім не адмовіў; ад ніводнае радасьці сэрца майго ня ўхіліў, бо сэрца маё суцяшалася кожнаю працай маёю; і гэта было маёй доляй ва ўсіх маіх працах.

І глянуў я на ўсі работы свае, што зрабілі рукі мае, і на гарапашнасьць, што я дазнаваў робячы: і вось, усе марнасьць а немарасьць духа, і няма перавагі пад сонцам.
 
І калі я зірнуў на ўсе дзеі мае, якія ўчыняў я сваімі рукамі, на працу, якую рабіў я: і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам, і ніякай карысьці пад сонцам.

І зьвярнуўся я пабачыць мудрасьць і шал а дурноту; бо што можа зрабіць тый, што прыходзе па каралю, на тое, што ўжо зроблена?
 
Пастанавіў я сабе пабачыць і мудрасьць, шаленства і дурасьць. Бо што зробіць пасьля цара чалавек звыш таго, што зроблена ўжо?

І абачыў я, што ё перавага мудрасьці над дурнотаю, як перавага сьвятліні над цямнотаю;
 
І ўбачыў я, што мудрасьць пераважае над дурасьцю так, як сьвятло над цемраю.

У мудрага вочы ў галаве ягонай, а дурны ходзе ў цямноце. І пазнаў я, таксама я, што адна прыгода прыгаджаецца ўсім ім.
 
У мудрага вочы яго — у галаве яго, а бязглузды ходзіць у цемры. І даведаўся я таксама, што аднолькавая спаткае ўсіх доля.

І сказаў я ў сэрцу сваім: «Як прыгодзіцца неразумнаму, так прыгодзіцца й імне: дык нашто ж я быў мудрэйшы?» І сказаў я ў сэрцу сваім, што гэта таксама марнасьць;
 
І сказаў я ў сэрцы маім: «І мяне спасьцігне такая самая доля, як і дурнога: навошта ж я надта мудры зрабіўся?» І сказаў я ў сэрцы маім, што і гэта — марнасьць.

Бо мудрага ня будуць памятаваць вечна, як, і неразумнага; у прыйдучыя дні ўсе чыста забудзецца, і як памрэць мудры, так памрэць неразумны.
 
Бо мудрага помніць ня будуць вечна, як і дурнога; у днях наступных забудзецца ўсё, і памірае мудры гэтаксама, як і бязглузды.

І зьненавідзіў я жыцьцё; бо ліхая імне справа, спраўляная пад сонцам, бо ўсе марнасьць а немарасьць духа.
 
І зьненавідзеў жыцьцё я: бо апрыкралі мне ўсе ўчынкі, якія пад сонцам зьдзяйсьняюцца; бо ўсё — пустая марнасьць і пагоня за ветрам!

І зьненавідзіў я ўсю гарапашнасьць сваю, што я рабіў пад сонцам; бо я пакіну яе чалавеку, што будзе просьле мяне.
 
І зьненавідзеў усю маю працу, якую рабіў я пад сонцам; бо мушу пакінуць яе чалавеку, які прыйдзе пасьля мяне.

І хто ведае, будзе ён мудры ці дурны? ён, адылі, будзе мець уладу над усёй маёй гарапашнасьцяй, што я рабіў, і паказаў сябе мудрым пад сонцам. Гэта таксама марнасьць.
 
І хто ведае: мудры ён будзе альбо дурны? А валодаць ён будзе ўсёй працай маёю, якую рабіў я і ў якой паказаў сябе мудрым пад сонцам. І гэта — марнасьць!

Дык я абярнуўся, каб абезнадзеіць сэрца свае з усяе гарапашнасьці, што я меў пад сонцам;
 
І спаняверыўся я і ўмаўляў маё сэрца адцурацца ад працы ўсяе, якую рабіў я пад сонцам:

Бо бывае чалавек, што працуе з мудрасьцю, зь ведаю а ўменьням, прымеж тога людзіне, што не працавала ў тым, мае аддаць яе на дзель. Гэта таксама марнасьць а вялікае ліха.
 
Бо бывае такі чалавек, які ў працы і мудры, і ўдзельны, і плённы, а павінен пакінуць усё чалавеку, які над тым не працаваў. І гэта — марнасьць і вялікае ліха!

Бо што будзе чалавеку з усяе гарапашнасьці, зь немарасьці сэрца свайго, што ён рабіў пад сонцам?
 
Бо што будзе мець чалавек ад працы сваёй і клопату сэрца свайго, якімі мазоліцца ён пад сонцам?

Бо ўсі дні ягоныя — болі а гнеў, а ўсі заняткі ягоныя, нават ночы, не супачывае сэрца ягонае. І гэта марнасьць.
 
Бо ўсе яго дні — пакуты, і праца ягоная — смутак; нават і ўночы сэрца яго спакою ня мае. І гэта — марнасьць!

Нічога няма лепшага людзіне, як есьці й піць і дазваляць душы сваёй бачыць дабро з гарапашнасьці свае. Таксама гэта бачыў я, што яно ад рукі Божае;
 
Няма чалавеку ўлады над тою даброцьцю, каб есьці і піць і каб душа мела радасьць ад працы ягонай. Я ўбачыў: і гэта — з рук Божых.

Бо хто можа есьці альбо хто можа чуць болей як я?
 
Бо хто можа есьці і хто безь яго можа цешыцца з асалодаў?

Бо людзіне, што добрая ў ваччу Бога, Ён даў мудрасьць а веду а радасьць; але грэшніку даець клопат зьбіраць а ашчаджаць, каб даць добраму перад Богам. Гэта таксама марнасьць а немарасьць духа.
 
Бо чалавеку, які перад абліччам Ягоным ёсьць добры, Ён мудрасьць дае, і веды, і радасьць; а грэшнаму клопат дае — зьбіраць, назапашваць, каб богаспадобнаму потым аддаць. І гэта — марнасьць і пагоня за ветрам!