1 Былі ж у народзе і фальшывыя прарокі, як і ў вас бываюць настаўнікі-ашуканцы, каторыя ўцягваюць у згубныя сэкты і, адцураўшыся Таго, хто іх адкупіў, Валадара, рыхтуюць сабе скорую загубу.
2 І многія пойдуць сьлядамі іхняй распусты, і дарога праўды імі зьняважана будзе.
3 І яны ў сваёй хцівасьці будуць лавіць вас лісьлівымі словамі, але прысуд на іх даўно гатовы, і загуба іх не абміне.
4 Бо калі саграшыўшых анёлаў Бог не пашкадаваў, але, зьвязаўшы путамі пякельнае цемры, аддаў захаваць на суд;
5 і калі (Бог) не пашкадаваў перашага сьвету, а ўхаваў толькі васьмёх з Ноем, вястуном праўды, наводзячы патоп на бязбожны сьвет;
6 таксама гарады Садому і Гамору, абвярнуўшы ў попел, асудзіў на загубу, даючы прыклад кары для тых, што будуць бязбожнымі ў будучыні,
7 і выратаваў справядлівага Лёта, мучанага распуснымі паводзінамі нягоднікаў,
8 бо гэты справядлівы, пражываючы сярод іх, з дня на дзень сваю справядлівую душу мучыў іх бязбожнымі ўчынкамі, каторыя бачыў і аб каторых чуў.
9 Дык ведае Госпад, як пабожных выратаваць ад спакушэньня, а несправядлівых захаваць на пакараньне ў дзень суду,
10 а перад усім тых, што ідуць за целам у нячыстых пажаданьнях і пагарджаюць начальствам; нахабнікаў, пыхліўцаў, што адважваюцца блявузгаць на хвалу (нябесную),
11 у той час як анёлы, большыя іх сілай і моцай, не адважваюцца перад Госпадам даваць ім асуджэньня.
12 Яны як неразумныя жывёлы, прызначаны з натуры сваёй на ўлоў і ўбой, лаюць тое, што не разумеюць, ды ў сапсуцьці знаходзяць сваім пагінуць,
13 атрымаюць кару як заплату за несправядлівасьць. За асалоду ўважаюць яны штодзённую распусту, як сарамотнікі і агіднікі шукаюць асалоды ў сваіх брудных раскошах, банкетуючы з вамі.
14 Вочы іхнія поўныя чужалоства і няспыннага грэху, зводзяць яны душы хісткія; сэрцы іхнія апанаваныя хцівасьцю, яны — сыны праклёну;
15 зыйшоўшы з простага шляху, заблукалі ды пайшлі дарогай Балаама, сына Басора, які ўзьлюбіў плату за несправядлівасьць,
16 але быў пакараны за сваё злачынства: пад'ярэмная жывёла, нямая, прамовіўшы чалавечым голасам, стрымала дурасьць прарока.
17 Яны — крыніцы без вады, воблакі, віхрам гнаныя, каторых чакае туман цемры.
18 Узьнёсла і пуста гаворачы, зводзяць пажаданьнямі цялеснымі і распустай тых, што ледзь толькі ўцяклі ад пражываючых у аблудзе,
19 абяцаюць ім свабоду, а самі — нявольнікі сапсуцьця; бо хто кім пераможаны, той таго і нявольнік.
20 Бо калі хто ўцёк ад брыдотаў сьвету праз пазнаньне Госпада нашага і Збаўцы Езуса Хрыста, а потым зноў захапляецца імі, дык апошнія яго справы горшыя за папярэднія.
21 Лепш было б ім дарогі справядлівасьці ня ведаць, чым, пазнаўшы, адвярнуцца назад ад дадзенага ім сьвятога прыказаньня.
22 Споўнілася бо на іх тое, аб чым слушна кажа прыказка: "Сабака вярнуўся да сваіх рыготаў, а свіньня памытая — у сваё балота".
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Другі ліст Пётры, 2 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.