Дзеі 19 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Сталася ж, калі Апалёс быў у Карыньце, што Павал, прайшоўшы вышэйшыя краіны, прыйшоў у Эфэс і, знайшоўшы некаторых вучняў,
 
Калі Аполлёс прабываў у Карынце, Павал узгорыстай ваколіцай, прыйшоў у Эфэз ды напаткаў нейкіх вучняў.

сказаў да іх: «Ці прынялі вы Духа Сьвятога, паверыўшы?» Яны ж сказалі яму: «Але ж мы ня чулі, ці ёсьць Сьвяты Дух».
 
3апытаў іх: "Ці атрымалі вы Духа Сьвятога, калі прынялі веру?" А яны яму: "Мы нават ня чулі, ці ёсьць Дух Сьвяты."

І ён сказаў да іх: «Дык у што вы хрысьціліся?» Яны ж сказалі: «У хрышчэньне Янавае».
 
"Дык які вы хрост прынялі?" — спытаўся. А яны адказалі: "Янаў Хрост".

А Павал сказаў: «Ян хрысьціў хрышчэньнем навяртаньня, кажучы народу, каб верылі ў Таго, Які ідзе за ім, значыць у Хрыста Ісуса».
 
Тады Павал выясьніў: "Ян хрысьціў хростам наварачэньня, заахвочваючы людзей у Таго, хто прыйдзе па ім, значыць у Езуса."

Пачуўшы ж, яны былі ахрышчаныя ў імя Госпада Ісуса.
 
Калі яны гэта пачулі, прынялі хрост у імя Госпада Езуса.

І, як усклаў Павал рукі на іх, зыйшоў на іх Дух Сьвяты, і гаварылі мовамі, і прарочылі.
 
А калі Павал усклаў на іх рукі, Дух Сьвяты сыйшоў на іх. Гаварылі мовамі і праракавалі.

А было іх усіх каля дванаццаці мужоў.
 
Было іх усіх каля дванаццаці мужчынаў.

Увайшоўшы ж у сынагогу, ён адважна гаварыў тры месяцы, ведучы гутаркі і пераконваючы пра Валадарства Божае.
 
Затым увайшоў у сынагогу і адважна навучаў праз тры месяцы дыскутуючы і пераконваючы пра Каралеўства Божае.

А як некаторыя закамянелі і ня верылі, праклінаючы гэты шлях перад мноствам, [Павал], адыйшоўшы ад іх, аддзяліў вучняў, штодня ведучы гутаркі ў школе нейкага Тырана.
 
Калі аднак некаторыя ўпіраліся ў няверстве ды блюзнілі і ня верылі праклінаючы гэты шлях перад грамадамі, дык адлучыўся ён ад іх ды аддзяліў вучняў, ды штодзень навучаў іх у школе Тыраноса.

Дзеялася ж гэта два гады, так што чулі слова Госпада Ісуса ўсе жыхары Азіі, Юдэі і Грэкі.
 
Прадаўжалася гэта два гады, так што ўсё жыхары Азіі, жыды і Грэкі мелі магчымасьць слухаць слова Госпадава.

І Бог чыніў незвычайныя цуды праз рукі Паўла,
 
А Бог чыніў такжа цуды праз рукі Паўла,

так што хусткі ці паясы ад цела ягонага ўскладалі на нядужых, і пакідалі іх хваробы, і духі злыя выходзілі з іх.
 
так што нават хусткі і перавяскі з яго цела клалі на хворых, а хваробы зчазалі з іх ды выходзілі ліхія духі.

А некаторыя з вандроўных экзарцыстаў Юдэйскіх намагаліся над апанаванымі злымі духамі называць імя Госпада Ісуса, кажучы: «Заклінаем вас Ісусам, Якога абвяшчае Павал».
 
Але некаторыя падарожныя егзорцысты жыдоўскія прабавалі прызываць імя Госпада Езуса над апанаванымі ліхім духам. Яны запрысягалі: "Запрысягаю вас праз Госпада Езуса, пра каторага вясьціць Павал."

Былі ж нейкія сямёра сыноў Скевы, першасьвятара Юдэйскага, якія рабілі гэта.
 
Рабіла гэта сем сыноў нейкага Скева, архісьвятара жыдоўскага.

А злы дух, адказваючы, сказаў: «Ісуса ведаю, і Павал мне вядомы. А вы хто будзеце?»
 
Ліхі дух адказваў ім: "Знаю Езуса і ведаю аб Паўле, а вы што за такія?"

І чалавек, у якім быў злы дух, кінуўшыся на іх і апанаваўшы іх, адолеў іх, так што яны голыя і параненыя ўцяклі з таго дому.
 
І кінуўся на іх чалавек, апанаваны ліхім духам, паваліў усіх ды пабіў так, што голыя і пакалечаны ўцяклі з таго дому.

Гэта сталася вядомым Юдэям і Грэкам, што жылі ў Эфэсе, і ахапіў страх іх усіх, і ўзьвялічвалася імя Госпада Ісуса.
 
Пра гэта даведаліся ўсе жыды і Грэкі, пражываючыя ў Эфэзе ды страх паў на ўсіх і славілі імя Госпада Езуса.

І многія з тых, што паверылі, прыходзілі, вызнаючы і апавядаючы ўчынкі свае,
 
Многа веручых прыходзіла і таксама вызнавала і выяўляла свае ўчынкі.

і даволі з тых, што займаліся непатрэбнымі вучэньнямі, папрыносіўшы кнігі, спалілі перад усімі, і палічылі кошт іхні, і знайшлі пяцьдзясят тысячаў срэбнікаў.
 
І многа такжа з тых, каторыя займаліся чарамі /магіяй/, зносілі кнігі і палілі іх на вачах усіх. Аблічалі цану іх на пяцьдзесят тысяч дынараў серабра.

З гэткай моцай расло і крапчэла слова Госпада.
 
Так магутна расло і ўмацоўвалася слова Госпадава.

А калі гэта споўнілася, Павал палажыў у духу ісьці ў Ерусалім, прайшоўшы Македонію і Ахаю, кажучы: «Пабыўшы там, мушу я і Рым убачыць».
 
Споўніўшы ўсё гэта, Павал намераваўся у Духу прайсьці праз Мацэдонію і Ахаю дый ісьці ў Ерузалім. Ён казаў: "Наведаўшы гэтыя краіны напраўлюся ў Рым паглядзець".

Паслаўшы ж у Македонію двух служыцеляў сваіх, Цімафея і Эраста, сам застаўся часова ў Азіі.
 
Дык выслаў у Мацэдонію двух сваіх памагатараў: Цімафея і Эраста, а сам застаўся на нейкі час у Азіі.

У гэты ж час сталася хваляваньне немалое з прычыны шляху [Госпада],
 
У той як толькі час узьнікла нямалае забурэньне з прычыны дарогі /Госпада/.

бо нейкі залатар, на імя Дэмэтры, што рабіў срэбныя бажніцы Артэміды і даваў майстрам немалы заробак,
 
Адзін серабрар (серабоўнік), імем Дэмэтрый вырабляў сярабраныя мініяцюрныя сьвятыні (храмы) Артэміды і гэтым даваў добра зарабляюць рамесьнікам.

сабраўшы іх ды іншых працаўнікоў такога самага [рамяства], сказаў: «Мужы, вы ведаеце, што з гэтае работы — наш дабрабыт.
 
Вось ён сабраў іх разам з іншымі работнікамі гэтага рамясла і сказаў: "Мужчыны, вы ведаеце, што з гэтага рамясла нам дабрабыт.

І вы бачыце і чуеце, што ня толькі ў Эфэсе, але амаль у-ва ўсёй Азіі гэты Павал, пераканаўшы, даволі народу адвярнуў, кажучы, што гэта ня богі, якія рукамі зробленыя.
 
Але бачыце і чуеце, што ня толькі у Эфэзе, але блізу ва ўсёй Азіі гэты Павал пераканаў ды зьвёў шмат людзей даказваючы, што гэта не багі, што зроблены рукамі.

А гэта ня толькі пагражае, што нашае рамяство прыйдзе ў заняпад, але і што сьвятыня вялікае багіні Артэміды за нішто лічыцца будзе, і зьнішчыцца веліч тае, якой пакланяецца ўся Азія і ўвесь сусьвет».
 
Гразіць небяспека, што ня толькі наша рамясло ўпадзе, але і сьвятыня вялікай багіні Дыяны /Артэніды/ ня будзе мець значэньня ды і яна сама, слаўлена ва ўсёй Азіі, будзе пазбаўлена маестату."

Пачуўшы ж [гэта] і напоўніўшыся ярасьцю, яны закрычалі, кажучы: «Вялікая Артэміда Эфэская!»
 
Калі гэта пачулі, надта ўзлаваліся і пачалі крычаць: "Вялікая Дыяна /Артэміда/ Эфэзкая!

І ўвесь горад напоўніўся ўзрушэньнем, і, падхапіўшы Гая і Арыстарха, Македонцаў, спадарожнікаў Паўла, рынуліся аднадушна ў тэатар.
 
Абурэньне і замяшаньне ахапіла увесь горад. Схваціўшы Гаюса і Арыстарка Мацэдонцаў, сяброў Паўла, пусьціліся грамадна да тэатру.

А калі Павал хацеў выйсьці да народу, вучні не дазволілі яму.
 
Паўла хочачага ўмяшацца у натоуп, вучні не дапусьцілі.

І некаторыя з начальнікаў Азійскіх, якія былі сябрамі ягонымі, паслаўшы да яго, прасілі не ісьці ў тэатар.
 
Таксама некаторыя прыхільныя яму ўрадаўцы паслалі да яго з просьбай каб ён не ішоў у тэатр.

Дык кожны крычаў нешта сваё, бо збор быў узрушаны, і большасьць ня ведала, дзеля чаго сабраліся.
 
А там адны дамагаліся аднаго, а іншыя — другога. Сабраньне было бурлівае і многія ня ведалі чаго сабраліся.

А з натоўпу паклікалі Аляксандра, якога выпхнулі Юдэі. Аляксандар жа, зрабіўшы знак рукою, хацеў адказваць перад народам.
 
Па трэбаваньню жыдоў, з натоўпу быў выведзены Александр. Александар даў знак рукою, хацеў гаварыць да народа.

Калі ж даведаліся, што ён Юдэй, узьняўся крык у адзін голас, і крычалі каля дзьвюх гадзінаў: «Вялікая Артэміда Эфэская!»
 
Але пазналі, што ён жыд, то закрычалі ўсе ў адзін голас і каля двух гадзін крычалі: "Вялікая Дыяна /Артэміда/ Эфэзкая!"

Пісар жа, суцішыўшы натоўп, кажа: «Мужы Эфэсцы! Які ж чалавек ня ведае, што горад Эфэс ёсьць служыцелем вялікае багіні Артэміды і Дыяпэта?
 
Наастатак /гарадзкі/ пісар успакоіў грамады. Ён сказаў: ''Эфэзцы! Ці ёсьць чалавек, каторы ня ведаў, што горад Эфэз славіць вялікую Дыяну /Артэміду/ і што статуя яе Юпітэрам спушчана?

А як гэта бясспрэчна, вы мусіце суцішыцца і нічога неразважна не рабіць.
 
Гэтаму нельга запярэчыць. Таму павінны вы ўспакоіцца і нічога не рабіць не абдумана.

Бо вы прывялі гэтых мужоў, якія ані сьвятыні не абакралі, і ня блюзьнілі супраць багіні вашае.
 
Прывялі вы гэтых людзей, каторыя не яўляюцца ані сьвятакрадцамі /сьвятыні не абакралі/,ані не блюзнілі на нашу багіню".

Дык калі Дэмэтры і майстры, што з ім, маюць супраць некага слова, ёсьць суды і ёсьць праконсулы, няхай адны адных абвінавачваюць.
 
А калі Дзімітрый /Дэмэтрый/ і яго рамесьнікі маюць проціў некага справу, то хай на рынку праводзяцца суды, на гэта ёсьць праконсулы, хай яны адны другіх вінавацяць.

А калі шукаеце нечага іншага, [няхай] будзе вырашана на законным зборы.
 
А калі чаго іншага дамагаецеся, вырашыцца гэта законна на скліканым сходзе.

Бо мы ў небясьпецы быць абвінавачанымі ў паўстаньні дзеля сёньняшніх [падзеяў], ня маючы ніякай прычыны, каб магчы даць справаздачу пра гэты сход».
 
Пагражалі бо нам абвіненьне адносна сягоньняшняга забурэньня, бо няма ніякае прычыны, дзеля якой маглі б апраўдаць гэтага зборышча." Па гэтых словах разпусьціў сабраньне.

І, сказаўшы гэта, распусьціў збор.