Дзеі 10 разьдзел
Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
А ў Цэзарэі быў адзін муж, на імя Карнэль, сотнік кагорты, называнай Італійскай,
У Цэзарэі жыў адзін чалавек імем (на імя) Карнелій, сотнік кагорты, званай Італ'янскай.
пабожны і багабойны з усім домам сваім. Ён чыніў шмат міласьцінаў народу і ўсьцяж маліўся Богу.
Ён, як увёсь яго дом — быў пабожны, багабаязны. Тайна даваў міласьціну людзям ды заўсёды маліўся да Бога.
Ён бачыў яўна ў відзежы каля дзявятае гадзіны дня анёла Божага, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: «Карнэль!»
Каля дзевятай гадзіны дня ён у візіі выразна ўбачыў Анёла Божага ўваходзячага да яго і кажачага яму: Карнелій!"
Ён жа, углядаючыся на яго і будучы ў страху, сказаў: «Што, Госпадзе?» А той сказаў яму: «Малітвы твае і міласьціны твае ўзыйшлі на памяць перад Богам.
А ён углядаючыся ў яго ахоплены страхам, сказаў: "Што такое, Госпадзе?" Анёл сказаў Яму: "Маленьні твае і міласьціны твае падняліся на від Божы.
І цяпер пашлі ў Ёппу мужоў, і пакліч Сымона, які называецца Пятром;
Дык зараз жа пашлі людзей у Ёппэ і прывядзі нейкага Сымона, званага Пятром.
ён гасьцюе ў нейкага Сымона гарбара, дом якога ля мора. Ён скажа табе, што ты мусіш рабіць».
Ён гасьціць у нейкага гарбара Сымона, яго дом каля мора".
Калі ж анёл, які гаварыў з Карнэлем, адыйшоў, ён, паклікаўшы двух слугаў сваіх і пабожнага жаўнера з тых, што былі пры ім,
Калі зьнік анёл, каторы з ім гутарыў, Карнелій паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і багабойнага ваяку, з тых, што былі яму падчынены,
і ўсё ім распавёўшы, паслаў іх у Ёппу.
дый расказаўшы ім усё, паслаў іх у Ёппэ.
А на наступны дзень, як яны былі ў дарозе і набліжаліся да гораду, Пётар узыйшоў на дах памаліцца каля шостае гадзіны.
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётр узыйшоў на дах памаліцца. Была меней болей шостая гадзіна.
Адчуў жа голад і захацеў есьці; а калі гатавалі, ахапіла яго захапленьне,
Пачуў ён голад і хацелася яму есьці. Калі прыгатаўлялі яму ежу, ён папаў у захапленьне.
і бачыць ён неба расчыненае і начыньне нейкае, якое зыходзіла да яго, быццам вялікі абрус, зьвязаны за чатыры канцы і апусканы на зямлю.
Ён бачыць адкрытае неба ды нейкі спускаючыся прадмет, падобны да вялікага настольніка, чатырма канцамі спускаючагася на зямлю.
У ім былі ўсе чатырохногія зямныя, і зьвяры, і паўзуны, і птушкі нябесныя.
Былі на ім усякія чацьвяраногія і рэптылія (паўзуны) зямлі і нябесныя птушкі.
І стаўся голас да яго: «Устаўшы, Пётар, заколвай і еш».
Азваўся голас да яго: "Устань, Пётр, забівай і еш!"
А Пётар сказаў: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо ніколі ня еў я паганага ці нячыстага».
А Пётр сказаў: "Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі ня еў нічога паганага і нячыстага".
І голас ізноў другі раз да яго: «Што Бог ачысьціў, ты не пагань».
А голас паўторна адазваўся да яго: "Што Бог ачысьціў, не называй таго нячыстым".
Сталася ж гэта тройчы, і начыньне ізноў узьнялося ў неба.
Паўтарылася гэта тры разы. І зараз жа той прадмет быў узяты ў неба.
Калі ж Пётар бянтэжыўся ў сабе, што б значыў відзеж, які бачыў, вось, мужы, пасланыя ад Карнэля, распытаўшы пра дом Сымона, спыніліся ля брамы
Калі Пётр разважаў, што можа абазначаць візія, якую бачыў, перад брамай затрымаліся пасланьнікі (вястуны) Карнелія, пыталіся пра дом Сымона.
і, крыкнуўшы, спыталіся, ці тут гасьцюе Сымон, называны Пятром.
Яны пыталіся ў голас: "Ці тут гасьціць Сымон, названы Пятром?"
А як Пётар думаў пра гэты відзеж, сказаў яму Дух: «Вось, тры мужы шукаюць цябе.
Пятру разважаючаму пра візію, сказаў Дух: "Во гэтыя тры мужчыны пытаюцца пра цябе.
Дык, устаўшы, зыйдзі і ідзі з імі, нічога не сумняваючыся, бо Я паслаў іх».
Дык устань, сыйдзі на ніз ды ідзі да іх, не сумневаючыся, бо Я іх паслаў".
Зыйшоўшы ж да тых мужоў, пасланых да яго ад Карнэля, Пётар сказаў: «Вось, я той, каго вы шукаеце. Што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»
Затым сыйшоў Пётр да тых людзей і сказаў: "Гэта, каторага шукаеце, што за прычына, дзеля якой вы прыбылі?"
Яны ж сказалі: «Карнэль, сотнік, муж праведны і багабойны, пра якога сьведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў загад ад сьвятога анёла паклікаць цябе ў дом свой і паслухаць словы ад цябе».
Яны адказалі: "Сотнік Карнелій, чалавек справядлівы і багабойны, аб чым можа засьведчыць увесь жыдоўскі народ, атрымаў ад свайго анёла паручэньне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць таго, што ты скажаш".
Тады Пётар, запрасіўшы, гасьцяваў іх, а на заўтра пайшоў з імі, і некаторыя з братоў, якія з Ёппы, пайшлі з ім.
Тады Пётр запрасіў іх у дом і ўгасьціў. А на другі дзень разам з імі, у таварыстве некаторых братоў з Ёппэ (Яфы) выбраўся ў дарогу.
І на наступны дзень прыйшлі яны ў Цэзарэю, а Карнэль чакаў на іх, склікаўшы сваякоў сваіх і блізкіх сяброў.
На другі дзень прыбыў у Цэзарыю. Карнелій чакаў на іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.
Калі ж сталася, што Пётар увайшоў, Карнэль, сустрэўшы яго, упаў да ног ягоных і пакланіўся.
А калі Пётр падходзіў, Карнелій выйшаў яму на спатканьне (пераняў яго), паў яму да ног і пакланіўся.
А Пётар падняў яго, кажучы: «Устань, і я таксама чалавек».
Пётр падняў яго, кажучы: "Устань, бо і я такі самы чалавек".
І, размаўляючы з ім, увайшоў, і знаходзіць шмат сабраных.
І гутарачы з ім увайшоў у дом і знайшоў там шмат сабраўшыхся.
І прамовіў да іх: «Вы ведаеце, што не належыцца мужу Юдэйскаму злучацца ці зыходзіцца з чужынцамі, але Бог паказаў мне не называць ніякага чалавека паганым ці нячыстым.
Ён сказаўім: "Ведаеце, што жыду нельга спатыкацца або гасьціць з чужынцамі. Але Бог мне аб'явіў, што ніводнага чалавека нельга лічыць паганым і нячыстым.
Дзеля гэтага я і прыйшоў, як быў пакліканы, без пярэчаньняў. Дык пытаюся: дзеля якой прычыны вы паклікалі мяне?»
Таму вось запрошаны, не сумневаючыся — прыбыў. Дык цяпер пытаюся навошта мяне запрасілі?"
І прамовіў Карнэль: «Ад чацьвёртага дня аж да гэтае гадзіны я посьціў і а дзявятай гадзіне маліўся ў доме маім; і вось, стаў перада мною муж у сьветлым адзеньні
Карнелій адказаў: "Калі чатыры дні таму а дзевятай гадзіне маліўся я ў сваім доме, явіўся перада мною чалавек у бліскучай шаце,
і мовіць: “Карнэль, пачутая малітва твая, і міласьціны твае ўзгаданыя перад Богам.
і сказаў: "Карнелій, тваё маленьне выслухана. Бог успомніў на твае міласьціны.
Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром; ён гасьцюе ў доме Сымона гарбара, ля мора; ён, прыйшоўшы, скажа табе”.
Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сымона, званага Пятром. Ён гасьціць у Доме Сымона, гарбара каля мора".
Дык я неадкладна паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, прыйшоўшы. А цяпер мы ўсе прыйшлі перад [аблічча] Бога, каб слухаць усё, што загадана табе ад Бога».
Дык паслаў не марудзячы па цябе, а ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад Богам, каб паслухаць усяго, што табе Госпад паручыў".
А Пётар, расчыніўшы вусны, сказаў: «Праўдзіва спасьцерагаю, што не на аблічча зважае Бог,
Тады Пётр адкрыўшы вусны сказаў: "Я перакананы, што Бог па праўдзе не зважае на асобу.
але ў кожным народзе прыемны Яму той, хто баіцца Яго і чыніць праведнасьць.
Але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і паступае (спаганяе) справядліва.
Слова паслаў Ён сынам Ізраіля, дабравесьцячы супакой праз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усяго.
Паслаў Ён Сваё слова сынам Ізраеля, аб'яўляўчы ім мір праз Езуса Хрыста. Ён Госпадам усіх.
Вы ведаеце слова, што сталася па ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, пасьля хрышчэньня, якое абвясьціў Ян,
Вы ведаеце, што адбывалася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, па хросьце, які прапаведаваў Ян.
як Бог памазаў Духам Сьвятым і моцай Ісуса з Назарэту, Які хадзіў, робячы дабро і аздараўляючы ўсіх, прыгнятаных д’яблам, бо Бог быў з Ім.
Пра Езуса Назарэту, Каторага Бог намасьціў Духам Сьвятым і могацьцю. Прайшоў Ён дабро чынячы і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманам, бо Бог быў з Ім.
І мы — сьведкі ўсяго, што Ён учыніў у краіне Юдэйскай і ў Ерусаліме. І забілі Яго, павесіўшы на дрэве.
Мы яўляемся сьведкамі ўсяго. Што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме. Яго вось забілі прыбіўшы (павесіўшы) да дрэва (крыжа).
Яго Бог уваскрасіў на трэці дзень, і даў Яму аб’яўляцца
Бог ускрасіў Яго трэцяга дня і пазволіў Яму аб'яўляцца,
не ўсяму народу, але сьведкам, наперад прызначаным ад Бога, нам, якія елі і пілі з Ім пасьля ўваскрасеньня Яго з мёртвых.
не ўсяму народу, але нам выбраным успярэдня Богам. На сьведку, нам, каторыя з Ім елі і пілі па Ягоным уваскрасеньню.
І Ён загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць вызначаны ад Бога Судзьдзя жывых і мёртвых.
Ён нам загадаў вясьціць і даказваць (сьведчыць) народу, што Ён устаноўлены Богам суддзёю жывых і памёршых.
Пра Яго ўсе прарокі сьведчаць, што ўсякі, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэньне грахоў праз імя Ягонае».
Усе прарокі даказваюць гэта, што кожны, хто верыць у Яго, праз Яго імя атрымоўвае адпушчэньне грахоў".
Калі Пётар яшчэ гаварыў словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, якія слухалі слова.
Калі Пётр гаварыў яшчэ гэта, Дух Сьвяты сыйшоў на ўсіх, каторыя слухалі навукі (слова).
І дзівіліся верныя з абрэзаных, якія прыйшлі з Пятром, што і на паганаў выліты дар Сьвятога Духа,
Дык веручыя з абразаньня, прыйшоўшыя з Пятром. Былі надта зьдзіўлены (атаўпянелі), што дар Духа Сьвятога вылены быў таксама на паганаў.
бо чулі іх, як гаварылі мовамі і ўзьвялічвалі Бога. Тады адказаў Пётар:
Бо чулі іх гаворачы (чужымі) мовамі і славячымі Бога.
«Няўжо нехта можа забараніць [узяць] вады дзеля хрышчэньня тых, якія атрымалі Духа Сьвятога, як і мы?»
Тады вось адазваўся Пётр: Хто можа бараніць хрысьціць тых, што атрымалі Духа Сьвятога як і мы?"
І загадаў ім ахрысьціцца ў імя Госпада. Тады прасілі яго застацца на некалькі дзён.
І загадаў іх хрысьціць у імя Езуса Хрыста. Затым упрасілі яго затрымацца ў іх некалікі дзён.