2 да Фесаланікійцаў 2 разьдзел
Другое пасланьне да Фесаланікійцаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Чарняўскага 2012
Просім вось вас, браты, дзеля прыйсьця Госпада нашага Ісуса Хрыста і нашага зграмаджэньня перад Ім,
Просім вось вас, браты, праз прыйсце Госпада нашага Ісуса Хрыста і наша спатканне з Ім,
не хістайцеся пасьпешна розумам і не трывожцеся ані праз духа, ані праз слова, ані праз пасланьне, нібы ад нас, што быццам надыйшоў дзень Хрыстовы.
каб вы не хісталіся паспешна розумам і не палохаліся ці то ад духа, ці то праз слова, ці то праз ліст, нібы ад нас, што быццам надыходзіць дзень Госпадаў.
Няхай ніхто аніяк вас ня зводзіць, бо [дзень гэты ня прыйдзе], пакуль ня прыйдзе перш адступніцтва і не адкрыецца чалавек грэху, сын загубы,
Няхай ніхто вас не зводзіць ніякім чынам, бо дзень гэты не прыйдзе, пакуль не прыйдзе перш адступленне ды пакуль не з’явіцца чалавек бязбожны, сын загубы,
які супрацівіцца і вывышаецца па-над усё, што называецца Богам ці чаму пакланяюцца, так што ў сьвятыні Божай засядзе ён як бог, заяўляючы пра сябе, што ён — бог.
які працівіцца і ўзвышаецца па-над усім, што называецца Богам або што ўшаноўваецца, так, што ён засядзе ў святыні Божай, выдаючы сябе за Бога.
Ці не памятаеце, што я, яшчэ як быў у вас, гаварыў вам гэтае?
Ці ж не памятаеце, што, калі я яшчэ прабываў у вас, вам аб гэтым казаў?
І цяпер ведаеце, што трымае, каб адкрыцца яму ў свой час.
І ведаеце цяпер, што яго трымае ад з’яўлення ў свой час.
Бо таямніца беззаконьня ўжо дзейнічае, няхай толькі той, што трымае цяпер, будзе забраны спасярод.
Таямніца нягоднасці ўжо дзейнічае; але толькі [абмежавана] да таго часу, пакуль будзе сярод той, хто трымае цяпер.
І тады адкрыецца беззаконьнік, якога Госпад заб’е духам вуснаў Сваіх і зьнішчыць зьяўленьнем прыйсьця Свайго,
Тады і аб’явіцца той бязбожнік, якога Госпад Ісус заб’е духам вуснаў Сваіх і знішчыць яго магутнасцю прыходу Свайго,
таго, якога прыйсьце праз дзеяньне шатана, будзе з усёй сілаю, і знакамі, і фальшывымі цудамі,
таго, прыход якога намаганнем шатана [будзе] з усёю сілаю, і знакамі, і ўяўнымі цудамі,
і з усякім ашуканствам няправеднасьці для тых, якія гінуць з-за таго, што не прынялі любові праўды, каб ім быць збаўленымі.
і з усякімі нягоднымі ашуканствамі для тых, якім ісці на загубу, бо яны не прынялі любові праўды, каб збавіцца.
І з-за гэтага пашле ім Бог дзеяньне аблуды, каб верылі хлусьні,
І дзеля таго спасылае ім Бог дзеянні подступу, каб верылі падману.
каб былі асуджаныя ўсе, якія не паверылі праўдзе, але ўпадабалі няправеднасьць.
Так будуць асуджаны ўсе, што не ўверылі праўдзе, а ўзлюбілі беззаконне.
А мы заўсёды павінны дзякаваць Богу за вас, улюбёныя Госпадам браты, што Бог ад пачатку, праз асьвячэньне Духа і веру праўдзе, выбраў вас на збаўленьне,
Нам жа належыць заўжды дзякаваць Богу за вас, умілаваныя Госпадам браты, бо ад пачатку, праз асвячэнне Духа і веру праўды Бог вас выбраў на збаўленне,
да якога і паклікаў вас праз Эвангельле нашае на атрыманьне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
да якога паклікаў вас праз Евангелле наша на атрыманне славы Госпада нашага Ісуса Хрыста.
Дык, браты, стойце і трымайцеся традыцыі, якой вы навучыліся ці праз слова, ці праз пасланьне нашае.
Дык вось, браты, стойце і трымайцеся традыцый, якім навучыліся ці то праз словы, ці то праз лісты нашы.
Сам жа Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог і Айцец наш, Які палюбіў нас і даў пацяшэньне вечнае і надзею добрую ў ласцы,
Хай жа Сам Госпад наш Ісус Хрыстос і Бог, Айцец наш, Які ўзлюбіў нас і даў вечнае суцяшэнне і добрую надзею ў ласцы,
няхай пацешыць вашыя сэрцы і няхай умацуе вас у-ва ўсякім слове і справе добрай.
суцешыць сэрцы вашы і ўмацуе ва ўсякай добрай дзейнасці і слове.