Эклезіяста 8 разьдзел

Кніга Эклезіяста, альбо Прапаведніка
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Хто як мудрэц, і хто ведае значэньне рэчаў? Мудрасьць чалавека прасьвятляе аблічча ягонае, і суровасьць аблічча ягонага зьмяняецца.
 
Хто ёсьць — як мудрэц, і хто разумее значэньне слова? Мудрасьць прасьвятляе чалавеку аблічча яго, і суровасьць твару яго зьмяняецца.

Я [раю]: [Словы] вуснаў валадара захоўвай дзеля словаў прысягі перад Богам.
 
Я кажу: трымайся царскага слова, і гэта дзеля прысягі перад Богам.

Не сьпяшайся зыходзіць ад аблічча ягонага, не стой пры словах ліхіх, бо ўсё, што захоча, ён зробіць.
 
Не сьпяшайся ўхіляцца аблічча яго і не зацінайся ў слове благім; бо ён усё можа зрабіць, што захоча.

Дзе слова валадара, там улада, і хто скажа яму: “Што ты робіш?”
 
Дзе слова цара, там улада, і хто яму скажа: «што ты робіш?».

Хто захоўвае прыказаньне, не дазнае ніякага ліха. А сэрца мудрага спазнае і час, і суд,
 
Хто выконвае запаведзь, той не зазнае нічога ліхога. Сэрца мудрага ведае час і ўправу;

бо для кожнай рэчы ёсьць час і суд, а вялікае ліха чалавеку з-за таго,
 
бо на ўсякую рэч ёсьць свая пара і ўправа; а чалавеку вялікае ліха з таго,

што ня ведае ён, што будзе, і як гэта будзе, хто паведаміць яму?
 
бо ня ведае ён, што будзе; і як яно будзе — хто скажа яму?

Няма чалавека, які мае ўладу над ветрам, каб утрымаць вецер, і няма ўладара над днём сьмерці, і няма звальненьня ў гэтай вайне, і не ўратуе беззаконьне таго, хто мае яго.
 
Чалавек ня мае ўлады над духам, каб дух утрымаць, і няма ў яго ўлады над сьмертнай часінай, і няма збавеньня ў гэтым змаганьні, і не ўратуе бязбожнасьць бязбожніка.

Усё гэта я бачыў, і прыкладаў сэрца маё да ўсіх справаў, якія робяцца пад сонцам, [бачыў] час, калі чалавек мае ўладу над чалавекам на гора яму.
 
Усё гэта бачыў я і да сэрца майго браў усякую справу, якая пад сонцам чыніцца. Бывае час, калі чалавек валадарыць над чалавекам на шкоду яму.

Таксама бачыў я злачынцаў пахаваных, і прыходзілі [да іх], і адыходзілі ад месца сьвятога, і забываліся ў горадзе, што яны так рабілі. І гэта таксама марнасьць.
 
Бачыў тады я, што хавалі бязбожных, і прыходзілі ў магілу, і адыходзілі далёка ад сьвятога месца, і забывалі ў горадзе іх, што жылі праведна. І гэта — марнасьць!

Бо не адразу выносіцца прысуд супраць ліхіх учынкаў. Дзеля гэтага сэрца сыноў чалавечых напоўнена імі, каб чыніць зло.
 
Няскора ўчыняецца суд над благімі справамі; таму не баіцца сэрца сыноў чалавечых чыніць ліхату.

Хоць грэшнік сто разоў чыніць зло, але доўга жыве. Але я ведаю таксама, што будзе добра тым, якія баяцца Бога, якія баяцца аблічча Ягонага.
 
Хоць сто разоў робіць грэшнік ліхое і зацінаецца ў тым, але ведаю я, што добра будзе богабаязным, якія перад абліччам Ягоным стаяць багавейна;

І ня будзе добра бязбожніку, і не падоўжыць ён дзён сваіх, падобны да ценю той, хто ня мае страху перад абліччам Божым.
 
а бязбожнаму добра ня будзе, і як цень, нядоўга стаяцьме той, хто перад Богам не багавейны.

Ёсьць такая марнасьць, якая робіцца на зямлі, што ёсьць праведнікі, з якімі здараецца тое, на што заслугоўваюць учынкі бязбожнікаў, і ёсьць бязбожнікі, з якімі здараецца тое, на што заслугоўваюць учынкі праведнікаў. І я сказаў, што гэта таксама марнасьць.
 
Ёсьць на зямлі і такая марнота: праведнага спасьцігае тое, чаго заслугоўваюць дзеі бязбожных, а зь бязбожнымі чыніцца тое, чаго заслугоўваюць дзеі праведнікаў. І сказаў я: і гэта — марнасьць!

І пахваліў я радасьць, бо няма нічога чалавеку лепшага пад сонцам, як есьці і піць, і весяліцца, і гэта няхай будзе з ім у цяжкай працы ягонай у дні жыцьця ягонага, якія даў яму Бог пад сонцам.
 
І ўславіў я радасьць; бо няма лепшага чалавеку пад сонцам, як есьці, піць і радавацца; гэта ідзе зь ім у працы ў дні жыцьця яго, якія даў яму Бог пад сонцам.

Калі прыклаў я сэрца маё, каб спазнаць мудрасьць і ўбачыць заняткі, якімі займаюцца на зямлі, бо дзень і ноч ня бачыць [чалавек] сну для вачэй сваіх,
 
Калі паклаў я на сэрца помысел мой, каб мудрасьць спазнаць і пабачыць справы, што робяцца на зямлі і сярод якіх чалавек ані ўдзень, ані ўночы спачыну ня мае:

тады ўбачыў я ўсе справы Божыя, што чалавек ня можа зразумець справы, якія робяцца пад сонцам; і колькі б чалавек ні намагаўся шукаць гэта, нічога ня знойдзе; і хаця б мудры сказаў, што ведае, ён ня можа знайсьці.
 
тады я і ўбачыў усе дзеі Божыя і зразумеў, што ня можа чалавек спазнаць дзеі пад сонцам. Колькі б ні працаваў чалавек, каб дашукацца, а не зразумее таго; і калі б сказаў які-небудзь мудрэц, што ён ведае, — а ня здолее ён даўмецца да таго.