Да Эфэсянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Эфэсянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

І вас, мёртвых праз праступкі і грахі вашыя,
 

у якіх вы некалі хадзілі паводле веку гэтага сьвету, па волі князя, які валадарыць у паветры, духа, які дзейнічае цяпер у сынах непакорнасьці, —
 

між якімі і мы ўсе жылі некалі ў пажаданьнях цела нашага, выконваючы волю цела і думак, і былі па прыродзе дзецьмі гневу, як і іншыя, —
 

Бог, багаты міласэрнасьцю, праз вялікую любоў Сваю, якою палюбіў нас,
 

і нас, мёртвых праз праступкі, ажывіў разам з Хрыстом, — ласкай [Божай] вы збаўленыя, —
 

і ўваскрасіў, і пасадзіў у нябёсах у Хрысьце Ісусе,
 

каб зьявіць у вяках, якія прыходзяць, бязьмернасьць багацьця ласкі Сваёй у ласкавасьці да нас у Хрысьце Ісусе.
 

Бо ласкаю [Божай] вы збаўленыя праз веру; і гэта не ад вас — Божы дар:
 

не праз учынкі, каб ніхто не хваліўся.
 

Бо мы — твор Ягоны, створаныя ў Хрысьце Ісусе на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прыгатаваў, каб мы ў іх хадзілі.
 

Дзеля гэтага памятайце, што вы, некалі пагане целам, называныя неабрэзанымі праз тых, якія завуцца абрэзанымі целам [абразаньнем], зробленым рукамі,
 

што вы былі ў той час без Хрыста, адлучаныя ад грамадзянства Ізраіля і чужыя запаветам абяцаньня, ня маючы надзеі і бязбожнікі ў сьвеце.
 

А цяпер у Хрысьце Ісусе вы, што былі некалі далёка, сталіся блізкімі праз кроў Хрыста.
 

Бо Ён — супакой наш, Які ўчыніў з абодвух адно і зруйнаваў загарадку, што стаяла пасярэдзіне,
 

зьнішчыўшы варожасьць Целам Сваім, Закон прыказаньняў, які быў у пастановах, каб з двух стварыць у Сабе аднаго новага чалавека, прыносячы супакой,
 

і ў адным целе пагадзіць абодвух з Богам праз крыж, забіўшы на ім варожасьць.
 

І, прыйшоўшы, Ён дабравесьціў супакой вам, якія далёка і якія блізка,
 

бо праз Яго абодва маем доступ да Айца ў адным Духу.
 

Дык вы ўжо не чужынцы і ня прыхадні, але суграмадзяне сьвятым і хатнія ў Бога,
 

збудаваныя на падмурку апосталаў і прарокаў, маючы Самога Ісуса Хрыста за кутні камень,
 

на якім уся пабудова, разам змацаваная, расьце ў сьвятую бажніцу ў Госпадзе,
 

на якім і вы разам будуецеся на жытло Божае Духам.