Выхад 35 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Такім чынам, сабраўшы ўсю грамаду сыноў Ізраэля, ён сказаў ім: «Вось што загадаў Госпад, каб споўнілася.
 
І сабраў Майсей усю грамаду сыноў Ізраіля, і сказаў: «Вось словы, якія загадаў ГОСПАД, каб выконваць іх.

Шэсць дзён працуйце, а сёмы дзень хай будзе вам святы, субота і адпачынак для Госпада; хто будзе працаваць у той дзень, загіне.
 
Шэсьць дзён будзеш рабіць работу, а ў сёмы дзень будзе ў вас сьвята, супачынак супачынку для ГОСПАДА; кожны, хто будзе рабіць у ім работу, памрэ.

Не распальвайце агню ў дзень суботні ва ўсіх жытлах вашых».
 
Не паліце агню ў-ва ўсіх сядзібах вашых у дзень супачынку».

І сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраэля: «Вось што загадаў Госпад, кажучы:
 
І сказаў Майсей усёй грамадзе сыноў Ізраіля: «Гэта слова, якое загадаў ГОСПАД, кажучы:

“Вылучыце ў сябе дары для Госпада”. Кожны добраахвотна і са шчыраю душою хай зложыць гэта для Госпада: золата, і срэбра, і медзь,
 
“Зьбярыце ад сябе дар ГОСПАДУ. Кожны шляхетнага сэрца няхай прынясе дар ГОСПАДУ: золата, срэбра і медзь,

і пурпур, і гіяцынт, і чырвань і вісон, казіную поўсць
 
і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную [поўсьць],

і шкуры бараноў, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія, таксама дрэва акацыі
 
і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі,

і алей для каганцоў, і вострыя духмяныя рэчывы, каб прыгатаваць алейкі і найсаладзейшае курэнне,
 
і алей для асьвятленьня, і пахошчы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня,

камяні оніксавыя і самацветы на аздабленне эфода і нагрудніка.
 
і камяні оніксу, і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку.

Хто з вас мудры, хай прыйдзе і робіць, што загадаў Госпад, гэта значыць:
 
І ўсе з вас, хто мудры сэрцам, няхай прыйдуць і зробяць усё, што загадаў ГОСПАД:

скінію і палатку яе, і пакрыцце, аплікі і дошкі з жэрдкамі, слупы і падножжы іх;
 
Сялібу і намёт для яе, і пакрыцьцё для яе, гачыкі для яе і дошкі для яе, насілы яе, слупы яе і падстаўкі яе,

каўчэг і жэрдкі, перамольню і заслону, якая вешаецца перад ёй;
 
Каўчэг [Сьведчаньня] і насілы для яго, накрыўку і заслону, якая вісіць,

стол з жэрдкамі, і з пасудзінамі, і з хлябамі пакладнымі;
 
стол і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, і хлябы пакладныя,

падсвечнік, каб падтрымліваць лямпы, пасудзіны яго, і лямпы, і алей на сілкаванне лямп;
 
і сьвечнік для асьвятленьня з начыньнямі ягонымі, і лямпы для яго, і алей для асьвятленьня,

ахвярнік каджэння і жэрдкі, і алей для намашчэння, і кадзіла з вострых духмяных рэчываў; заслону на ўваход у палатку;
 
і ахвярнік каджэньня, і насілы для яго, і алей памазаньня і пахкае кадзіла, і заслону на ўваходзе ў Сялібу,

ахвярнік цэласпалення і ягократы медныя з жэрдкамі і пасудзінамі яго, таз з яго падножжам;
 
ахвярнік цэласпаленьня і крату мядзяную для яго, і насілы для яго, і ўсё начыньне ягонае, мыцельнік і падставу ягоную,

заслона для ўваходу ў панадворак са слупамі і падножжамі;
 
заслоны панадворку, слупы ягоныя і падстаўкі іхнія, і заслону на ўваходзе ў панадворак,

калкі скініі і панадворка з ланцужкамі іх;
 
калкі Сялібы і калкі панадворку, і вяроўкі да іх,

шаты тканыя, што ўжываюцца ў час служэння ў свяцілішчы, святыя шаты для Аарона святара і шаты для сыноў яго, каб служылі Мне святарамі».
 
адзеньні службовыя для служэньня ў сьвятыні, і адзеньні сьвятыя для Аарона сьвятара, і адзеньні для сыноў ягоных для служэньня сьвятарскага”».

Адышоў з вачэй Майсея ўвесь сход сыноў Ізраэля,
 
І адыйшла ўся грамада сыноў Ізраіля ад аблічча Майсея.

і прыйшоў кожны, хто быў з найшчырэйшай душою, і прынёс добраахвотна дары для Госпада на пабудову палаткі сустрэчы і што трэба было для служэння і шатаў святых.
 
І прыходзіў кожны чалавек, якога прынукала да гэтага сэрца ягонае, і кожны, якога заахвочваў дух ягоны, і прыносілі дар ГОСПАДУ на вырабленьне Намёту Спатканьня, і на ўсё служэньне ў ім, і на адзеньні сьвятыя.

Мужчыны і жанчыны, усе добраахвотна прыносілі заколкі і завушніцы, пярсцёнкі і бранзалеты; і ўсякая залатая рэч была выдзелена ў дар Госпаду.
 
І прыходзілі мужчыны і жанчыны, усе ахвотнага сэрца, і прыносілі кольцы і завушніцы, і пярсьцёнкі, і бранзалеты, і ўсялякія рэчы залатыя, і кожны, патрэсваючы, [складаў] золата для ГОСПАДА [як ахвяру] патрэсваньня.

Калі хто меў гіяцынт і пурпур, чырвань, вісон і казіную поўсць, барановы шкуры, пафарбаваныя ў чырвоны колер, і шкуры сінія,
 
І кожны, у каго быў блакіт і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіная поўсьць, і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, прыносіў іх.

металы срэбра і медзі, дрэва акацыі на ўсякі ўжытак, прыносілі Госпаду.
 
І кожны, хто ахвяроўваў дар срэбра і медзі, прыносіў гэты дар для ГОСПАДА. І кожны, у каго знайшлося дрэва акацыі, прыносіў [яго] на ўсялякую патрэбу служэньня.

Таксама і жанчыны ўмелыя далі тое, што пралі: гіяцынт і пурпур, і чырвань, і вісон,
 
І ўсе жанчыны, мудрыя сэрцам, пралі рукамі сваімі і прыносілі пражу блакіту, пурпуру і барвовага кармазыну, і вісону.

і казіную поўсць, добраахвотна ўсе прыносячы.
 
І ўсе жанчыны, якіх прынукала сэрца іхняе, пралі ў мудрасьці казіную [поўсьць].

А кіраўнікі прынеслі камяні оніксавыя, і самацветы для аздаблення эфода і нагрудніка,
 
А начальнікі прыносілі камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку,

і вострыя духмяныя рэчывы, і алей, каб зрабіць каганцы, і каб прыгатаваць алейкі, і каб скласці кадзіла з найсаладзейшым пахам.
 
і пахошчы, і алей для асьвятленьня, і алей памазаньня, і пахкае кадзіла.

Усе мужчыны і жанчыны са шчырай душою прынеслі дары, каб адбыліся справы, якія Госпад загадаў праз пасрэдніцтва Майсея. Усе сыны Ізраэля прысвяцілі Госпаду добраахвотныя дары.
 
Кожны мужчына і жанчына з сыноў Ізраіля, якіх заахвочвала сэрца іхняе прынесьці на ўсялякую работу, якую ГОСПАД загадаў зрабіць рукою Майсея, прыносілі дабраахвотна для ГОСПАДА.

І Майсей прамовіў да сыноў Ізраэля: «Вось, Госпад паклікаў па імені Бесэлеэля, сына Ура, сына Гура з пакалення Юды;
 
І сказаў Майсей сынам Ізраіля: «Глядзіце, ГОСПАД паклікаў па іменьні Бэцалеэля, сына Урыя, сына Хура, з калена Юды,

і напоўніў яго Духам Божым, мудрасцю, і ўмеласцю, і ведамі на ўсякую справу,
 
і напоўніў яго Духам Божым, мудрасьцю, разумнасьцю, веданьнем і [ўменьнем] да ўсялякай працы,

каб разумець і вырабляць з золата, срэбра і медзі,
 
і мастацкімі здольнасьцямі рабіць з золата, срэбра і медзі,

каб разрэзваць і ўстаўляць каштоўныя камяні і каб рэзаць па дрэве — усё, што магчыма зрабіць па-майстэрску.
 
і абрабляць камяні для асаджэньня іх, і абрабляць дрэва, і рабіць [з ім] усялякую мастацкую работу.

Уклаў таксама ў сэрца яго, каб ён вучыў іншых, у яго самога і ў Агаліяба, сына Ахісамаха з пакалення Дана.
 
І здольнасьць вучыць даў у сэрца яго і Агаліява, сына Ахісамаха, з калена Дана.

Напоўніў Ён іх абодвух мудрасцю, каб рабілі работу мастацкую ткача і вышывальшчыка па гіяцынце і пурпуры, і чырвані, і вісоне, і звычайнага ткача, што выконвае ўсякую работу і вынаходзіць штосьці новае».
 
І Ён напоўніў іх мудрасьцю сэрца, каб яны рабілі ўсякую працу разьбяра, і мастака, і вышывальніка на блакіце, пурпуры, барвовым кармазыне і вісоне, і ткача, які робіць усякую працу і мастацкі аздабляе [тканіну].