Выхад 18 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Калі Етра, цесць Майсея, святар мадыянскі, пачуў пра ўсё, што Бог учыніў для Майсея і для Ізраэля, народа Свайго, і што Госпад вывеў Ізраэль з Егіпта,
 
І пачуў Етра, сьвятар Мадыянскі, цесьць Майсея, пра ўсё, што зрабіў Бог для Майсея і Ізраіля, народу Свайго, бо вывеў ГОСПАД Ізраіля з Эгіпту.

ён узяў Сэфару, жонку Майсея, якую той раней вярнуў,
 
І ўзяў Етра, цесьць Майсея, Цыпору, жонку Майсея, якую той быў адаслаўшы,

і двух сыноў яго, з якіх адзін зваўся Гэрсам, бо сказаў бацька: «Я быў чужынцам у зямлі чужой»;
 
і двух сыноў ейных, у якіх аднаго імя — Гершом, бо казаў Майсей: «Я стаўся прыхаднем у зямлі чужой»,

а другі зваўся Эліязэр; бо казаў: «Бог бацькі майго — успаможца мой, і ўратаваў мяне ад меча фараонавага».
 
а імя другога — Эліезэр, бо [казаў]: «Бог бацькі майго [быў] дапамогай маёй і выбавіў мяне ад мяча фараона».

І прыйшоў Етра, цесць Майсееў, і сыны яго, і жонка яго да Майсея ў пустыню, дзе стаяў ён лагерам каля гары Божай;
 
І прыйшоў Етра, цесьць Майсея, і сыны ягоныя, і жонка ягоная да Майсея ў пустыню, дзе ён стаяў табарам каля гары Божай,

і паведаміў Майсею, гаворачы: «Я, цесць твой, Етра, прыходжу да цябе, і жонка твая, і два сыны твае разам з ёю».
 
і сказаў Майсею: «Я, цесьць твой Етра, прыйшоў да цябе, і жонка твая, і два сыны ейныя з ёю».

І выйшаў Майсей насустрач цесцю свайму, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і прывіталіся яны словамі мірнымі, і ўвайшлі ў палатку.
 
І выйшаў Майсей насустрач цесьцю свайму, і пакланіўся, і пацалаваў яго, і пыталіся адзін у аднаго, як маюцца, і ўвайшлі ў намёт.

І Майсей расказаў цесцю свайму ўсё, што зрабіў Госпад фараону і егіпцянам дзеля Ізраэля, і пра ўсякія цяжкасці, што здарыліся з імі ў дарозе, і як вызваліў іх Госпад. а: «Госпад — сцяг мой»
 
І распавёў Майсей цесьцю свайму пра ўсё, што зрабіў ГОСПАД з фараонам і Эгіптам з прычыны Ізраіля, і пра ўсе цяжкасьці, якія напаткалі іх у дарозе, і як выбавіў іх ГОСПАД.

І ўзвесяліўся Етра з дабрадзействаў, якія ўчыніў Госпад Ізраэлю, і з таго, што вырваў яго з рук егіпцян.
 
І радаваўся Етра з усяго дабра, якое ГОСПАД зрабіў для Ізраіля, калі выбавіў яго з рукі Эгіпцянаў.

І сказаў ён: «Дабраславёны Госпад, Які вызваліў вас з рук егіпцян ды з рукі фараона.
 
І сказаў Етра: «Дабраслаўлёны ГОСПАД, Які выбавіў вас з рукі Эгіпцянаў і з рукі фараона, Які выбавіў народ з-пад рукі Эгіпцянаў.

Цяпер я переканаўся, што Госпад магутнейшы за ўсіх багоў, таму што вырваў народ з рук егіпцян, якія пагарджалі ім».
 
Цяпер я ведаю, што большы ГОСПАД за ўсіх багоў, бо ў той справе, у якой яны выхваляліся, Ён быў па-над імі».

Дык Етра, цесць Майсея, склаў Богу цэласпаленні і ахвяры, а Аарон і ўсе старэйшыны Ізраэля прыйшлі, каб есці хлеб з ім у прысутнасці Бога.
 
І ўзяў Етра, цесьць Майсея, цэласпаленьне і ахвяры для Бога, і прыйшоў Аарон і ўсе старшыні Ізраіля, каб есьці хлеб з цесьцем Майсея перад абліччам Бога.

А на другі дзень сеў Майсей, каб судзіць народ, які стаяў перад Майсеем з ранку аж да вечара.
 
І сталася назаўтра, і сеў Майсей судзіць народ, і стаяў народ перад Майсеем з раніцы да вечара.

Калі цесць яго ўбачыў гэта, а менавіта ўсё, што ён рабіў у народзе, сказаў: «Што гэта такое, чым ты займаешся ў народзе? Чаму ты адзін сядзіш, а ўвесь народ стаіць перад табой з ранку аж да вечара?»
 
І бачыў цесьць Майсея ўсё, што ён рабіў для народу, і сказаў: «Што гэта за справа, якую ты робіш для народу? Дзеля чаго ты сядзіш сам адзін, а ўвесь народ стаіць перад табою з раніцы да вечара?»

І Майсей адказаў яму: «Народ прыйшоў да мяне, пытаючыся пра рашэнне Божае.
 
І сказаў Майсей цесьцю свайму: «Бо прыходзіць народ да мяне, каб пытацца ў Бога.

І калі паміж імі ўзнікае якая-небудзь спрэчка, прыходзяць да мяне, каб я судзіў паміж імі і каб я аб’яўляў прыказанні Божыя і Яго законы».
 
Бо калі яны маюць нейкую справу, прыходзяць да мяне, і я суджу паміж адным [чалавекам] і другім, і абвяшчаю пастановы Божыя і законы Ягоныя».

І сказаў ён: «Не добрую справу ты выконваеш.
 
І сказаў цесьць Майсея яму: «Нядобрая гэтая рэч, якую ты робіш.

Знясілішся і ты, і народ гэты, які з табой. Па-над сіламі тваімі гэты занятак, адзін не зможаш яго адолець.
 
Мучаешся ты і мучаеш народ гэты, які з табою; бо цяжкая для цябе справа гэтая, ты ня можаш рабіць яе сам адзін.

Але паслухай словы мае і парады, і будзе Бог з табою: ты будзь у народзе дзеля таго, што тычыцца Бога, каб выяўляць Богу яго справы
 
Цяпер паслухай голас мой; я дам табе раду, і будзе Бог з табою. Ты будзь [заступнікам] за народ перад Богам і прынось Богу справы гэтыя.

і каб аб’яўляць народу пастановы, і законы, і шлях, па якіх яны павінны ісці, і справу, якую яны павінны рабіць.
 
І ты навучай іх пастановам і законам, і дай ім ведаць шлях, па якім яны маюць ісьці, і ўчынкі, якія яны маюць рабіць.

Але з усяго народа абяры сабе людзей мудрых і богабаязных, у якіх ёсць праўда і якія ненавідзяць хцівасць; і прызнач з іх тысячнікаў, і сотнікаў, і кіраўнікоў над пяццюдзесяццю чалавекамі, і кіраўнікоў над дзесяццю чалавекамі,
 
І ты выглядзі з усяго народу людзей здольных, якія баяцца Бога, людзей праўды, якія ненавідзяць хцівасьць, і пастаў іх як начальнікаў над тысячамі, начальнікаў над сотнямі, начальнікаў над пяцідзясяткамі і начальнікаў над дзясяткамі.

каб яны судзілі людзей у кожны час. Важнейшыя справы хай табе прадстаўляюць, а справы малаважныя хай толькі самі вырашаюць; табе будзе лягчэй, калі цяжар будзе
 
І няхай яны судзяць народ у кожным часе. І станецца, што кожную справу вялікую яны будуць прыносіць да цябе, а кожную справу малую будуць судзіць самі. І будзе табе лягчэй, і яны панясуць [цяжар] з табою.

Калі тое зробіш, выканаеш наказ Божы і пастановы Яго зможаш падтрымаць, і ўвесь гэты народ вернецца ў мясціны свае ў згодзе».
 
Калі гэтую рэч зробіш, і Бог загадае [гэта] табе, ты зможаш стаяць, і таксама ўвесь народ гэты прыйдзе на сваё месца ў супакоі».

Выслухаўшы гэта, Майсей зрабіў усё, што ён яму параіў;
 
І паслухаў Майсей голасу цесьця свайго, і зрабіў усё, што той сказаў.

і, выбраўшы з усяго Ізраэля людзей здольных, ён зрабіў іх князямі народа, тысячнікамі і сотнікамі, і кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, і кіраўнікамі над дзесяццю,
 
І выбраў Майсей людзей здольных з усяго Ізраіля, і прызначыў іх галоўнымі над народам, начальнікамі над тысячамі, начальнікамі над сотнямі, начальнікамі над пяцідзясяткамі і начальнікамі над дзесяткамі.

каб яны судзілі народ у кожны час. А калі што важнейшае было, звярталіся да яго, лягчэйшыя ж справы самі судзілі.
 
І судзілі яны народ у кожным часе, справу цяжкую прыносілі да Майсея, а кожную справу малую судзілі самі.

І адправіў Майсей цесця свайго, і ён вярнуўся назад у сваю зямлю.
 
І адпусьціў Майсей цесьця свайго, і той пайшоў у зямлю сваю.