Выхад 37 разьдзел

Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

А Бесэлеэль зрабіў і каўчэг з дрэва акацыі, што меў у даўжыню два локці з паловаю, а ў шырыню і вышыню — паўтара локця; і пакрыў ён яго найчысцейшым золатам знутры і звонку.
 
І зрабіў Бэцалеэль каўчэг з дрэва акацыі; два локці з паловаю даўжыня яго, і паўтары локці шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго.

І зрабіў вакол яго залаты вянок,
 
І пакрыў яго шчырым золатам унутры і звонку, і зрабіў наўкола яго вянок залаты.

адліўшы да яго чатыры залатыя кольцы да чатырох падножжаў; два кольцы да аднаго боку і два — да другога.
 
І выліў да яго чатыры колцы залатыя, на чатырох кутах яго, два колцы на адным баку яго, і два колцы на другім баку яго.

З дрэва акацыі зрабіў таксама жэрдкі, якія пакрыў золатам;
 
І зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пакрыў іх золатам.

і прасунуў іх у кольцы, што былі на абодвух баках каўчэга, каб насіць яго.
 
І ўлажыў насілы ў колцы па баках каўчэга, каб насіць каўчэг.

Зрабіў і перамольню з найчысцейшага золата: даўжынёю — два з паловаю локці, а шырынёю — паўтара локця.
 
І зрабіў накрыўку са шчырага золата; два локці з паловаю даўжыня яе, і паўтары локці шырыня яе.

Зрабіў таксама двух херубінаў з чаканнага золата, памясціў на абодвух канцах перамольні:
 
І зрабіў двух херувімаў з золата; каванымі зрабіў іх з абодвух бакоў накрыўкі:

аднаго херубіна на адным канцы аднаго краю, а другога херубіна на канцы другога краю; на кожным краі перамольні зрабіў ён двух херубінаў,
 
аднаго херувіма з гэтага канца, і аднаго херувіма з другога канца; разам з накрыўкай зрабіў херувімаў на абодвух баках яе.

што ўзнімалі крылы ўгору і закрывалі сваімі крыламі перамольню, і глядзелі адзін на аднаго, і твары херубінаў былі звернуты да перамольні.
 
І былі херувімы распусьціўшы крылы ўгару, і захіналі крыламі сваімі накрыўку, а абліччамі сваімі былі [зьвернуты] адзін да аднаго; да накрыўкі былі [зьвернуты] абліччы херувімаў.

Зрабіў і стол з дрэва акацыі, у даўжыню — два локці, і ў шырыню — адзін локаць, а ў вышыню ён меў паўтара локця,
 
І зрабіў стол з дрэва акацыі, два локці даўжыня яго, і локаць шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго.

і пакрыў яго найчысцейшым золатам, і зрабіў на ім вакол залаты вянок.
 
І пакрыў яго шчырым золатам, і зрабіў яму вянок залаты наўкола.

Таксама зрабіў кругом ліштву залатую на чатыры пальцы і над ёю — залаты вянок.
 
І зрабіў яму наўкола ліштву шырынёю ў далонь, і зрабіў вянок залаты для ліштвы ягонай.

Адліў і чатыры залатыя кольцы, якія прымацаваў на чатырох вуглах для кожнай ножкі стала каля ліштвы;
 
І выліў для яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіў колцы да чатырох рагоў, якія пры чатырох ножках ягоных.

і прасунуў у іх жэрдкі, каб стол можна было насіць.
 
Пры ліштвах былі колцы, каб укладаць насілы і насіць стол.

Зрабіў таксама і самі жэрдкі з дрэва акацыі і пакрыў іх золатам;
 
І зрабіў насілы з дрэва акацыі для нашэньня стала, і пакрыў іх золатам.

з найчысцейшага золата зрабіў таксама пасудзіны да ўсялякага ўжытку для стала, чары, і фіялы, і кіяфы, і кратэры, у якіх трэба прыносіць узліванні.
 
І зрабіў са шчырага золата начыньне, што на стале: місы ягоныя, і чашы ягоныя, кубкі ягоныя і збаны, каб наліваць імі.

Зрабіў і чаканны падсвечнік з найчысцейшага золата, падножжа яго і стрыжань; чары, яблыкі і кветкі былі з ім адным цэлым;
 
І зрабіў сьвечнік са шчырага золата, каваным зрабіў сьвечнік; падстава яго, і сьцябло яго, чарачкі яго, яблыкі яго і кветкі яго выходзілі з яго.

шэсць галін выходзіла з абодвух яго бакоў, тры галіны з аднаго боку і тры галіны з другога;
 
І шэсьць сьцяблінаў выходзіла з бакоў яго: тры сьцябліны сьвечніка з аднаго боку яго, і тры сьцябліны сьвечніка з другога боку яго.

на адной галіне знаходзіліся тры чары ў форме міндалевага дрэва з яблыкамі і кветкамі, і тры чары ў форме міндалёвага дрэва на другой галіне з яблыкамі і кветкамі. Аднолькавае было на шасці галінах, што выходзілі са стрыжня падсвечніка.
 
Тры чарачкі, [падобныя] да мігдалу, з яблыкам і кветкаю, былі на адной сьцябліне, і тры чарачкі, [падобныя] да мігдалу, з яблыкам і кветкаю, былі на другой сьцябліне. Гэтак на шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка,

А на самім стрыжні былі чатыры чары ў форме міндалевага дрэва, з яблыкамі і кветкамі;
 
А на [камлі] сьвечніка былі чатыры чарачкі, [падобныя] да мігдалу, з яблыкам і кветкаю.

адзін яблык быў пад кожнымі дзвюмя галінамі ў трох месцах; гэтых галін, што выходзяць з аднаго стрыжня, атрымліваецца шэсць.
 
І яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума галінамі, [што выходзяць] з яго, на шасьці сьцяблінах, што выходзяць з яго.

Такім чынам, яблыкі і галіны былі адно са стрыжнем, і ўсё было вычаканена з найчысцейшага золата.
 
Яблыкі іхнія і сьцябліны іхнія выходзілі з яго; ён увесь суцэльна каваны са шчырага золата.

Зрабіў і сем лямп са шчыпцамі і пасудзінамі, дзе збіраецца нагар, з найчысцейшага золата.
 
І зрабіў сем лямпаў для яго, і абцужкі да яго, і папяльнічку да яго са шчырага золата.

Талент найчысцейшага золата важыў падсвечнік і ўсе яго прыналежнасці.
 
З таленту золата шчырага зрабіў яго з усімі прыладамі ягонымі.

З дрэва акацыі пабудаваў і ахвярнік каджэння, што меў у даўжыню і ў шырыню локаць, а ў вышыню — два локці; з вуглоў яго выходзілі рогі.
 
І зрабіў ахвярнік каджэньня з дрэва акацыі; локаць — даўжыня яго, і локаць — шырыня яго, ён чатырохкутны; і два локці — вышыня ягоная; з яго выходзілі рогі ягоныя.

І пакрыў яго найчысцейшым золатам з кратамі, і сценамі, і рагамі. Зрабіў на ім і залаты вянок кругом,
 
І пакрыў яго шчырым золатам, верх ягоны і сьценкі ягоныя наўкола, і рогі ягоныя, і зрабіў да яго вянок залаты наўкола.

і пад вянком на двух баках памясціў два залатыя кольцы, каб прасоўваць у іх жэрдкі і каб можна было насіць ахвярнік.
 
І два колцы залатыя зрабіў пад вянком ягоным на двух вуглах ягоных; з двух бакоў ягоных зрабіў месцы да насілаў, каб насіць яго на іх.

А самі жэрдкі ён зрабіў з дрэва акацыі і пакрыў іх залатымі пласцінамі.
 
І зрабіў насілы з дрэва акацыі, і пакрыў іх золатам.

Прыгатаваў і алей для святога намашчэння, і кадзіла з найчысцейшых вострых духмяных прыпраў працы майстра, які прыгатаўляе мазі і фарбы.
 
І зрабіў алей памазаньня сьвятога і пахкае кадзіла чыстае, работы мяшальніка масьцяў.