Малахіі 2 разьдзел
Кніга прарока Малахіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
І цяпер да вас, святары, адносіцца прыказанне гэтае.
І цяпер для вас прыказаньне гэтае, сьвятары.
Калі вы не жадаеце слухаць ды не жадаеце ўзяць сабе ў сэрца, каб шанаваць імя Маё, — кажа Госпад Магуццяў, — дык Я спашлю на вас праклён і пракляну дабраславенні вашы; і пракляну іх за тое, што вы не ўзялі гэтага да сэрца.
Калі вы не паслухаеце, і калі ня прыймеце да сэрца, каб даваць славу імені Майму, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Я пашлю на вас праклён і пракляну дабраславенствы вашыя, і нават ужо праклінаю, бо вы ня прыймаеце [гэтага] да сэрца.
Вось, Я забяру ў вас плячо і нячыстасць кіну вам у твар, нячыстасць ахвяр вашых святочных, і возьме яна вас разам з сабою;
Вось, Я пакараю насеньне вашае і накідаю гной на абліччы вашыя, гной сьвяточных [ахвяраў] вашых, і вынясуць вас разам з ім.
І пераканаецеся тады, што Я даў вам гэтае прыказанне, каб быў Мой запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў. —
І вы даведаецеся, што Я паслаў вам прыказаньне гэтае, каб быў запавет Мой з Левіем, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
Запавет Мой з ім быў дамоваю жыцця і супакою, і Я яго даў яму разам са страхам, і ён баяўся Мяне і шанаваў імя Маё.
Запавет Мой з ім быў жыцьцём [для яго], і Я даў яму страх, і ён баяўся Мяне, і перад абліччам імя Майго быў напоўнены страхам.
Закон праўды быў на вуснах яго, і злачыннасці не было на вуснах яго; у згодзе і ў праўдзе хадзіў ён са Мною і многіх адвярнуў ад несправядлівасці.
Закон праўды быў на вуснах ягоных, і беззаконьне не было знойдзена ў вуснах ягоных. У супакоі і справядлівасьці ён хадзіў са Мной і шмат каго адвярнуў ад беззаконьня.
Вусны бо святара захоўваюць веданне, і закон будуць шукаць у вуснах яго, бо ён пасланец Госпада Магуццяў.
Бо вусны сьвятара павінны захоўваць веданьне, і закону шукаюць з вуснаў ягоных, бо ён — пасланец ГОСПАДА Магуцьцяў.
А вы сышлі з дарогі, і надта многіх адвярнулі ад закону; парушылі вы запавет з Левіем, — кажа Госпад Магуццяў, —
Але вы зьвярнулі са шляху, і зрабілі, што шмат [людзей] спатыкнуліся ў Законе, зьнішчылі запавет Левія, кажа ГОСПАД Магуцьцяў.
таму і Я аддаў вас на пагарду і на прыніжэнне на віду ўсіх народаў, бо не трымаліся вы дарог Маіх і крывадушнічалі ў справах закону».
І Я таксама зраблю вас пагрэбаванымі і прыніжанымі перад усім народам, бо няма сярод вас тых, якія захоўваюць шляхі Мае і падымаюць аблічча на Закон.
Ці ж усе мы не маем аднаго Айца? Ці ж не стварыў нас адзін Бог? Дык чаму ж тады кожны з нас крывадушна чыніў адносна брата свайго, парушаючы запавет бацькоў нашых?
Хіба не адзін Айцец у-ва ўсіх нас? Хіба не адзін Бог стварыў нас? Чаму кожны здраджвае брату свайму, зьневажаючы запавет бацькоў нашых?
Здраджвае Юда, і агіднасць дапушчана ў Ізраэлі і ў Ерузаліме, бо Юда апаганіў святыню Госпада, якую любіў, і ўзяў сабе за жонку дачку чужога бога.
Здрадзіў Юда, і ўчынена агіда ў Ізраілі і ў Ерусаліме, бо Юда зьняважыў сьвятыню ГОСПАДА, якую Ён любіць, і ўзяў за жонку дачку бога чужога.
Хай знішчыць Госпад з палатак Якуба кожнага чалавека, хто зробіць падобнае, сына і ўнука, а таксама тых, хто ўскладае ахвяру Госпаду Магуццяў.
Няхай ГОСПАД выгубіць кожнага з намётаў Якуба, хто робіць гэта, і таго, хто бачыць [гэта], і хто абараняе, хоць бы ён прыносіў дар ГОСПАДУ Магуцьцяў.
І гэта вы таксама робіце: вы абліваеце ахвярнік Госпадаў слязамі, галашэннем і ўздыханнем, так што ўжо болей Я не гляну на ахвяру ды не прыму з рукі вашай ахвяры прыемнай;
І яшчэ другое вы робіце: абліваеце сьлязьмі ахвярнік ГОСПАДА з плачам і стогнам. Ён ужо не зьвяртае [ўвагі] на дары і не прыймае іх зычліва з рук вашых.
і вы пытаецеся: «З якой прычыны?» Бо Госпад быў сведкам між табой і жонкаю маладосці тваёй, адносна якой ты стаў няверны; а яна сяброўка твая і жонка запавету твайго.
І вы кажаце: «За што?» Бо ГОСПАД быў сьведкам паміж табою і жонкай маладосьці тваёй, якой ты здрадзіў, а яна — сяброўка твая і жонка запавету твайго.
Ці не даканаў Ён адзінства цела і духа? Дык якога адзінства жадаеш, акрамя патомства ад Бога. Дык беражыце дух ваш і жонцы маладосці сваёй будзьце вернымі.
Ці ж ня [Бог] адзін зрабіў [нас], і рэшта духу [належыць] Яму. І што шукае адзіны [Бог]? Насеньня Божага. Таму захоўвайце дух ваш, і няхай [ніхто] ня здраджвае жонцы маладосьці сваёй.
Калі хто з нянавісці аддаліў жонку, — кажа Госпад, Бог Ізраэля, — пакрые адзенне яго злачыннасць, — кажа Госпад Магуццяў. — Беражыце дух ваш і не будзьце нявернымі.
Бо Я ненавіджу развод, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля, і таго, хто пакрывае ліхадзействам адзеньне сваё. Таму захоўвайце дух ваш, і ня здраджвайце.
Вы гнявіце Госпада сваімі словамі і кажаце: «Чым гнявім мы Яго?» Тым, што кажаце: «Кожны, хто чыніць зло, добры перад абліччам Госпада, і такія вось падабаюцца Яму», або: «Дзе ж Бог, справядлівы суддзя»?
Вы стамілі ГОСПАДА словамі вашымі, і вы кажаце: «Чым мы стамілі?» Размовамі вашымі: «Кожны, хто робіць ліха — добры ў вачах ГОСПАДА, і Ён мае ўпадабаньне ў іх», альбо: «Дзе Бог суду?»