Мацьвея 7 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Не судзіце, каб вас не судзілі.
Не судзіце, каб не былі суджаныя.
Бо якім судом вы будзеце судзіць, такім і вас асудзяць, і якою меркай вы будзеце мерыць, такою вам будуць мерыць.
Бо якім судом судзіце, такім будзеце суджаны, і якою меркаю мераеце, гэткаю і вам адмераюць.
Чаму ж ты ў воку брата твайго сцяблінку бачыш, а бервяна ў сваім воку не бачыш?
Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня бачыш?
Або як жа скажаш брату твайму: “Дазволь, я выцягну сцяблінку з вока твайго”, — а вось, бервяно ў воку тваім?
Ці як скажаш брату твайму: “Дазволь, выму сучок з вока твайго”, а вось, у воку тваім — бервяно?
Крывадушнік, выкінь перш бервяно з свайго вока і тады ўгледзіш, як выняць сцяблінку з вока брата твайго.
Крывадушнік! Вымі перш бервяно з вока твайго, і тады ўбачыш, як выняць сучок з вока брата твайго.
Не давайце сабакам святога, ды не кідайце перлаў вашых перад свіннямі, каб яны не стапталі іх нагамі сваімі ды, павярнуўшыся, не разарвалі вас.
Не давайце сьвятога сабакам і ня кідайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб яны не патапталі іх нагамі сваімі і, павярнуўшыся, не парвалі вас.
Прасіце — і будзе вам дадзена. Шукайце — і знойдзеце. Стукайце — і адчыняць вам.
Прасіце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае; і хто шукае, знаходзіць; і хто стукаецца, таму адчыняюць.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму адчыняць.
Ці ёсць між вамі чалавек, які дасць сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба?
Ці ёсьць між вамі чалавек, які, калі сын ягоны папросіць хлеба, дасьць яму камень?
Або, калі папросіць рыбу, дасць яму змяю?
І калі папросіць рыбы, дасьць яму зьмяю?
Дык калі вы, ліхія, навучыліся даваць сынам сваім добрыя дарункі, дык куды больш Айцец ваш, Які ёсць у небе, дасць добрае тым, што просяць у Яго.
Дык калі вы, будучы злымі, умееце добрыя дары даваць дзецям вашым, тым больш Айцец ваш, Які ў небе, дасьць добрае тым, што просяць у Яго.
І ўсё, што толькі хочаце, каб вам рабілі людзі, вы і самі ім рабіце. Гэта ёсць закон і прарокі.
Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі, тое і вы ім рабіце; бо ў гэтым Закон і Прарокі.
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на згубу, ды многа такіх, што праз іх ідуць.
Уваходзьце праз цесную браму, бо шырокая брама і прасторны шлях, што вядуць да загубы, і шмат хто ўваходзіць праз іх,
А якая ж цесная брама і вузкая дарога, што вядзе да жыцця, і нямнога такіх, што знаходзяць яе.
бо цесная брама і вузкі шлях, што вядуць у жыцьцё, і мала хто знаходзіць іх.
Сцеражыцеся фальшывых прарокаў, што прыходзяць да вас у авечым адзенні, а ў сярэдзіне яны ваўкі драпежныя.
Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым адзеньні, а ўнутры яны — ваўкі драпежныя.
Па пладах іх пазнаеце іх. Няўжо збіраюць з церня вінаград або з чыліму фігі?
Паводле пладоў іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць з церняў вінаград або з асоту фігі?
Так кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады, а благое дрэва — плады благія.
Гэтак усякае добрае дрэва дае плады добрыя, а благое дрэва дае плады дрэнныя.
Не можа дрэва добрае радзіць плады благія, а дрэва благое радзіць плады добрыя.
Ня можа дрэва добрае даваць плады дрэнныя, ані благое дрэва даваць плады добрыя.
Кожнае дрэва, якое не родзіць добрага плода, будзе ссечана і кінута ў агонь.
Усякае дрэва, якое не дае добрага плоду, сьсякаюць і кідаюць у агонь.
Такім чынам, па пладах іх пазнаеце іх.
Таму паводле пладоў іхніх пазнаеце іх.
Не кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе, Госпадзе”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ёсць у небе.
Ня кожны, хто кажа Мне: “Госпадзе! Госпадзе!”, увойдзе ў Валадарства Нябеснае, але той, хто выконвае волю Айца Майго, Які ў небе.
Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Няўжо мы не праракавалі ў імя Тваё? Ды ці не ў імя Тваё выганялі дэманаў? Ды ці не ў імя Тваё ўчынялі цуды?”
Многія скажуць Мне ў той дзень: “Госпадзе, Госпадзе! Ці не ў Тваё імя мы прарочылі? І ці не ў Тваё імя выганялі дэманаў? І ці не ў Тваё імя шмат цудаў чынілі?”
А Я тады абвяшчу ім: “Ніколі Я вас не ведаў. Ідзіце прэч ад Мяне, вы, што творыце беззаконне”.
І тады прызнаюся ім: “Я ніколі ня ведаў вас. Адыйдзіцеся ад Мяне, вы, што чыніце беззаконьне”.
Такім чынам, кожны, хто слухае гэтыя словы Мае ды выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека разумнага, які збудаваў свой дом на камені.
Дык кожнага, хто слухае гэтыя словы Мае і выконвае іх, прыраўняю да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на скале.
І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён не ўпаў, бо быў пабудаваны на камені.
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той; і ён ня ўпаў, бо быў умацаваны на скале.
А кожны, хто слухае Мае словы і не выконвае іх, прыпадобніцца да чалавека неразумнага, які збудаваў свой дом на пяску.
А кожны, хто слухае гэтыя словы Мае і не выконвае іх, будзе падобны да чалавека дурнога, які пабудаваў дом свой на пяску.
І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падулі вятры, і абрынуліся на той дом, і ён упаў, і вялікім было яго падзенне».
І пайшоў дождж, і разьліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і ўдарылі на дом той, і ён упаў, і было падзеньне ягонае вялікае».
І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, дзівіліся многія людзі з вучэння Яго.
І сталася, калі Ісус скончыў гэтыя словы, натоўпы дзівіліся з вучэньня Ягонага,
Бо вучыў Ён іх, як Той, Хто мае ўладу, а не як іх кніжнікі.
бо Ён вучыў іх, як той, хто мае ўладу, і не як кніжнікі.