Быццё 48 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька яго. І ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу і Эфраіма.
Па гэтых падзеях было паведамлена Язэпу, што захварэў бацька ягоны. Дык ён узяў з сабой двух сыноў, Манасу і Эфраіма.
І сказалі старому: «Вось жа, сын твой Язэп прыйшоў да цябе». Ён, сабраўшы сілы, сеў на ложку
І сказалі старому: «Вось жа сын твой Язэп прыйшоў да цябе». Ён, сабраўшы сілы, сеў на ложку
і, калі той увайшоў да яго, сказаў: «Усемагутны Бог аб’явіўся мне ў Лузе, які ёсць у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
і сказаў Язэпу: «Усемагутны Бог аб'явіўся мне ў Люзе, у зямлі Ханаан, і дабраславіў мяне,
і сказаў: “Я пашыру цябе і размножу, і зраблю цябе мноствам народаў. Дам табе і нашчадкам тваім па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасць”.
і сказаў: «Я вырашчу цябе і размножу, і зраблю цябе шматлюдным народам. Дам табе і патомству твайму па табе гэтую зямлю на вечную ўласнасьць».
Дык два твае сыны, якія нарадзіліся табе ў зямлі Егіпецкай, перш чым я прыйшоў да цябе сюды, мае будуць: Эфраім і Манаса будуць лічыцца маімі, як Рубэн і Сімяон.
Дык два твае сыны, каторыя нарадзіліся табе ў Эгіпце перш, чым я перабраўся да цябе, мае будуць: Эфраім і Манаса будуць маімі, як Рубэн і Сымон.
Астатнія ж, якія народзяцца табе пасля іх, будуць тваімі і імем братоў сваіх назавуцца ва ўладаннях сваіх.
Аднак патомства, каторае табе па іх народзіцца, — тваім будзе. Будзе яно называцца ад імёнаў сваіх братоў, абжытых на ўласнасьці сваёй.
У мяне, вось, калі я вяртаўся з Падан-Арама, памерла Ракель, маці твая, у зямлі Ханаан, у той жа дарозе, калі заставаўся яшчэ нейкі кавалак да Эфраты, і я пахаваў яе ля дарогі ў Эфрату, якая іншым імем называецца Бэтлехэм».
Мне вось, калі я варочаўся з Паддан-Араму, памерла Рахель, маці твая, у зямлі Ханаан у той жа дарозе, калі заставаўся яшчэ нейкі кавалак да Эфраты, і я пахаваў яе ля дарогі ў Эфрату, каторая іншым імем называецца Бэтлеем».
Бачачы ж сыноў яго, спытаўся ў яго: «Хто гэта?»
Бачучы ж сыноў ягоных, спытаўся ў яго: «Што за яны?»
[Язэп] адказваў: «Сыны мае, якіх даў мне Бог у гэтым месцы». «Падвядзі, — кажа, — іх да мяне, каб я іх дабраславіў!»
Язэп адказваў: «Гэта сыны мае, каторых даў мне Бог у гэтым месцы». «Падвядзі, — кажа, — да мяне, я іх дабраслаўлю».
А вочы Ізраэля дзеля вялікай старасці былі зацмёныя і не маглі выразна бачыць. Дык калі падвёў іх да яго, абняў іх і пацалаваў,
А вочы Ізраэля дзеля вялікай старасьці былі зацьмёныя і невыразна бачылі. Дык калі падвёў Язэп іх да яго, ён абняў іх і пацалаваў,
і сказаў сыну свайму: «Не быў я пазбаўлены таго, каб убачыць цябе, звыш таго, паказаў мне Бог нашчадкаў тваіх».
і сказаў сыну свайму: «Не спадзяваўся я бачыць цябе, але Бог паказаў мне цябе і дзяцей тваіх».
Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькі, пакланіўся яму тварам аж да зямлі.
Язэп, адсунуўшы дзяцей ад грудзей бацькі, пакланіўся яму тварам аж да зямлі.
І паставіў Эфраіма праваруч сябе, гэта значыць леваруч Ізраэля, а Манасу лявіцай сваёй, значыць, праваруч бацькі; і падвёў абодвух да яго.
Затым, маючы абодвух сыноў, — Эфраіма па правай руцэ, або зь левага боку Ізраэля, а Манасу па левай руцэ, або з правага боку Ізраэля, — падвёў іх да бацькі.
Той, выцягнуўшы правую руку, паклаў яе на галаву Эфраіма, малодшага брата, а левую руку — на галаву Манасы, старэйшага гадамі, змяняючы рукі.
Але Ізраэль, выцягнуўшы правую руку, палажыў яе на галаве Эфраіма, малодшага брата, а левую руку — на галаве Манасы, старэйшага гадамі, зьмяняючы рукі.
І дабраславіў Якуб Язэпа, і сказаў: «Бог, у прысутнасці Якога хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ізаак, Бог, Які пасвіў мяне ад юнацтва майго аж па сённяшні дзень,
І дабраславіў Якуб Язэпа, і сказаў: «Бог, у прысутнасьці Каторага хадзілі бацькі мае, Абрагам і Ізаак, Бог, Каторы пасьвіў мяне ад юнацтва майго аж па сёньняшні дзень,
Анёл, які вырываў мяне з усякіх бед, хай дабраславіць гэтых хлопцаў! Хай імя маё, а таксама імёны бацькоў маіх, Абрагама і Ізаака, прызываюцца над імі, і хай яны растуць у вялікае мноства на зямлі!»
Анёл, каторы вырываў мяне з усякіх бедаў, хай дабраславіць гэтым хлопцам! Хай імя маё, а таксама імёны бацькоў маіх, Абрагама і Ізаака, прызываюцца над імі, і хай яны растуць у вялікую многасьць на зямлі!»
Калі Язэп убачыў, што бацька яго паклаў правую руку на галаву Эфраіма, не спадабалася гэта яму. І, схапіўшы бацькаву руку, паспрабаваў перакласці з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
Калі Язэп убачыў, што бацька ягоны палажыў правую руку на галаве Эфраіма, не спадабалася гэта яму. І ўзяў ён руку бацькаву, каб як пералажыць з галавы Эфраіма на галаву Манасы.
І сказаў бацьку: «Не выпадае так, ойча, бо гэты першародны: пакладзі правіцу сваю на яго галаву!»
І сказаў бацьку: «Невыпадак так, ойча, бо гэты першародны: палажы руку сваю на ягоную галаву!»
Але бацька, пярэчачы, сказаў: «Ведаю, сын мой, ведаю, і гэты таксама стане народам і памножыцца, але брат яго меншы большым будзе за яго, і патомства яго разрасцецца ў мноства плямёнаў».
Але бацька, пярэчачы, сказаў: «Ведаю, сын мой, ведаю, і зь яго вырасьце племя, каторае такжа размножыцца, аднак брат яго малодшы будзе большы ад яго, бо патомства ягонае разрасьцецца ў мноства плямёнаў».
І дабраславіў іх у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраслаўляць Ізраэль, і скажа: “Хай учыніць табе Бог, як Эфраіму і як Манасе!”» І даў ён пяршынства Эфраіму перад Манасам.
І дабраславіў ім у той дзень, кажучы: «Табою будзе дабраславіць Ізраэль, кажучы: Хай учыніць табе Бог як Эфраіму і як Манасе!» І даў ён пяршынства Эфраіму перад Манасам.
І сказаў ён Язэпу, сыну свайму: «Вось, я паміраю, але Бог будзе з вамі і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
І сказаў ён Язэпу, сыну свайму: «Вось я паміраю, але Бог будзе з вамі, і верне вас у зямлю бацькоў вашых.
І я даю табе болей, чым братам тваім, на адну частку, якую здабыў я з рукі амарэя мечам і лукам сваім».
І я дам табе болей, чым братам тваім, на адну частку, каторую здабыў я на Амарэйцах мячом і лукам сваім».