Быццё 44 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І загадаў Язэп аканому дому свайго, кажучы: «Напоўні збожжам іх мяхі, колькі могуць змясціць, і пакладзі грошы кожнага наверсе меха.
 
І загадаў Язэп загадчыку дому свайго: «Напоўні мяхі іхнія збожжам да поўнасьці і палажы грошы наверх у кожны мех.

А ў адтуліну меха малодшага пакладзі чару маю срэбраную і плату, якую ён даў за пшаніцу». Так і было зроблена.
 
А чашу маю серабраную і плату за пшаніцу палажы наверх мяха наймалодшага». Так ён і зрабіў.

І назаўтра, калі развіднела, яны былі адпушчаны з асламі сваімі.
 
І на сьвітаньні ён адправіў іх разам зь іх асламі.

Ледзь, аднак, выбраліся яны з горада і крыху прайшлі, Язэп, паклікаўшы аканома дому, сказаў яму: «Уставай, і дагані людзей, і, затрымаўшы, скажы: “Чаму адгадзілі вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне срэбраную чару?
 
Заледзь аднак выбраліся яны з гораду і крыху адыйшліся, Язэп сказаў загадчыку дому: «Уставай, і дагані людзей гэтых, і скажы ім: Чаму адгадзіліся вы ліхам за дабро? Чаму ўкралі ў мяне серабраную чашу?

Хіба ж гэта не тая, з якой п’е гаспадар мой і на якой ён звычайна варожыць? Вялікае ліха вы ўчынілі!”»
 
Гэта ж тая (чаша), з каторай п'е гаспадар мой і на каторай ён звычайна варожыць! Ліхое вы ўчынілі!»

І зрабіў той, як ён загадаў, і, затрымаўшы іх, па парадку сказаў [усё гэта].
 
І зрабіў загадчык, як загадана, і затрыманым па парадку сказаў усё гэта.

Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Немагчыма, каб паслугачы твае ўчынілі гэткую ганебную справу.
 
Яны адказалі: «Чаму так кажа гаспадар наш? Слугі твае ня робяць гэтак.

Грошы, якія мы знайшлі наверсе мяхоў, мы прынеслі табе назад з зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасці золата ці срэбра з дому гаспадара твайго?
 
Грошы, якія мы знайшлі на версе мяхоў, вярнулі табе зь зямлі Ханаан. І як маглі мы ўкрасьці золата ці серабро ў доме гаспадара нашага?

У якога з паслугачоў тваіх знойдзецца, што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем паслугачамі гаспадара нашага».
 
У каторага са слугаў тваіх знойдзецца (тая чаша), што шукаеш, той хай памрэ, а мы будзем слугамі гаспадара нашага».

Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэнні: у каго будзе знойдзена, ён будзе паслугачом маім. Вы ж будзеце невінаватыя».
 
Ён сказаў ім: «Хай станецца па вашым рашэньні: у каго будзе тое знойдзена, ён будзе слугою маім. Вы ж будзеце невінаватыя».

І так паспяшаліся, зняўшы мяхі на зямлю, і паадкрывалі кожны.
 
І так напосьпех, зьняўшы мяхі на зямлю, паадкрывалі кожны.

І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чару ў мяху Бэньяміна.
 
І ён, абшукваючы іх, пачынаючы ад старэйшага да наймалодшага, знайшоў чашу ў мяху Бэн'яміна.

І яны, з жалю раздзёршы адзенне і ўсклаўшы зноў мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад.
 
І яны, з жалю разьдзёршы адзеньне і ўсклаўшы мяхі на аслоў, вярнуліся ў горад.

І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа — а ён быў яшчэ дома, — і ўсе разам укленчылі перад ім.
 
І Юда з братамі ўвайшоў да Язэпа, а ён быў яшчэ там, і ўсе ўкленчылі перад ім на калені.

І ён сказаў ім: «Чаму вы надумалі так зрабіць? Ці вы не ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў майстэрстве варажбы?»
 
І ён сказаў ім: «Як маглі вы так зрабіць? Ці вы ня бачылі і ня ведаеце, што няма падобнага мне чалавека ў гаданьні?»

Юда адказаў яму: «Што адказаць нам гаспадару нашаму? Што прамовіць? Чым можна апраўдацца? Бог выявіў несправядлівасць паслугачоў тваіх. Што ж, мы ўсе — паслугачы гаспадара майго: і мы, і той, у каго знойдзена чара».
 
Юда адказаў: «Што маем адказаць гаспадару нашаму? Або чым можам перад ім апраўдацца? Бог знайшоў беззаконьне ў слугах тваіх. Усе мы сталіся слугамі гаспадара майго, і мы, і той, у каго была знойдзена чаша».

Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чару, хай той будзе паслугачом маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго».
 
Язэп адказаў: «Я гэтага не зраблю! Хто ўкраў чашу маю, той хай будзе слугою маім, вы ж ідзіце свабодна да бацькі свайго».

Тады Юда, падышоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа паслугач твой словы ў вушы твае, ды не гневайся на паслугача твайго, бо ты — як фараон!
 
Тады Юда, падыйшоўшы бліжэй, сказаў даверліва: «Малю, гаспадару мой, хай скажа слуга твой словы табе, і хай ня гневаецца гаспадар мой на слугу твайго, бо ты як фараон!

Гаспадар мой спытаў перш паслугачоў сваіх: “Ці маеце бацьку або брата?”
 
Гаспадар мой спытаў перш слугаў тваіх: «Ці маеце бацьку або брата?»

А мы адказалі гаспадару майму: “Ёсць у нас бацька стары і хлопец малады, які ў старасці яго нарадзіўся, якога родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маці сваёй, бацька таму пяшчотна любіць яго”.
 
А мы адказалі гаспадару нашаму: «Маем бацьку старога і хлопца маладога, які ў старасьці яго нарадзіўся, каторага родны брат памёр, і ён адзін застаўся ад маткі сваёй, бацька таму вельмі любіць яго».

І сказаў ты паслугачам тваім: “Прывядзіце яго да мяне, я ўзніму вочы мае на яго”.
 
І сказаў ты слугам сваім: «Прывядзіце яго да мяне, я пагляджу на яго».

Мы даказвалі гаспадару майму: “Не можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо, калі яго пакіне, той памрэ”.
 
Мы даказвалі гаспадару майму: «Ня можа хлопец пакінуць бацькі свайго, бо калі яго пакіне, той памрэ».

Тады сказаў ты паслугачам тваім: “Калі не прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш не ўбачыце аблічча майго”.
 
Тады сказаў ты слугам сваім: «Калі ня прыйдзе брат ваш наймалодшы з вамі, вы больш ня ўбачыце мяне».

Дык калі мы прыйшлі да паслугача твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар мой,
 
Дык калі мы прыйшлі да слугі твайго, бацькі нашага, і расказалі яму ўсё, што сказаў гаспадар наш,

то сказаў бацька наш: “Вярніцеся і купіце для нас крыху пшаніцы”.
 
то сказаў бацька наш: «Вярніцеся і купіце крыху пшаніцы».

Яму мы сказалі: “Пайсці мы не можам. Калі брат наш наймалодшы пойдзе разам з намі, то пойдзем і мы, інакш, без яго, не зможам мы ўбачыць аблічча таго чалавека”.
 
Мы сказалі яму: «Пайсьці мы ня можам, калі брат наш наймалодшы ня пойдзе разам з намі, пойдзем разам, інакш безь яго ня ўбачым аблічча гаспадара нашага».

На гэта паслугач твой, бацька мой, адказаў: “Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне дваіх.
 
На гэта слуга твой, бацька наш, адказаў: «Вы ведаеце, што жонка мая нарадзіла мне двух.

Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: “Дзікі звер з’еў яго!” І дасюль не аб’явіўся.
 
Аднойчы адзін ад мяне пайшоў, і я сказаў: «Дзікі зьвер зьеў яго!» І дасюль не знайшоўся.

Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у апраметную”.
 
Калі возьмеце і гэтага ад мяне, ды яму што здарыцца ў дарозе, загоніце сівізну маю са смуткам у цемру».

Дык, калі ўвайду я да паслугача твайго, бацькі майго, і хлопца не будзе, — бо жыццё бацькі залежыць ад яго жыцця
 
Дык, калі ўвайду да бацькі майго, слугі твайго, бяз хлопца, ім умілаванага,

і ўбачыць, што яго з намі няма, — то ён памрэ; і звядуць паслугачы твае сівізну яго з жалем у апраметную.
 
то калі ўбачыць, што яго няма з намі, — памрэ. І так давядуць слугі твае сівізну яго ў адхлань.

Паслугач твой даў прысягу бацьку свайму за хлопца: калі не вярну яго, цяжка зграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыццё.
 
Слуга твой злажыў прысягу бацьку за сына: калі не вярну яго, цяжка саграшу адносна бацькі свайго на ўсё жыцьцё.

Дык застануся я, паслугач твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі.
 
Дык застануся я, слуга твой, за хлопца ў службе гаспадару майму, а хлопец хай ідзе з братамі сваімі.

Бо не магу вярнуцца да бацькі майго без хлопца, каб не быць сведкам няшчасця, якое нахлыне на бацьку майго».
 
Бо не магу вярнуцца да бацькі майго бяз хлопца, каб ня быць сьведкам няшчасьця, якое нахлыне на бацьку майго».