Быццё 7 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям’ёй тваёй у арку; бо ўбачыў Я, што ты справядлівы ў гэтым пакаленні перада Мною.
Пасьля сказаў Госпад Ною: «Увайдзі ты з усёю сям'ёй у каўчэг; бо пераканаўся Я, што толькі ты справядлівы ў сваім пакаленьні перада Мною.
З усіх звяроў чыстых вазьмі сем на сем — самцоў і самак, са звяроў нячыстых — два на два: самцоў і самак;
З усіх зьвяроў чыстых вазьмі з сабою сем самцоў і сем самкаў, са зьвяроў нячыстых па адной пары: самца і самку;
таксама з птушак паднебных — па сем самцоў і па сем самак, каб зберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.
таксама з птушак — па сем самцоў і па сем самкаў, каб такім чынам зьберагчы іх патомства для ўсёй зямлі.
Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю працягам сорак дзён і сорак начэй і знішчу ўсё існае, усё, што Я стварыў, з паверхні зямлі».
Бо вось па сямі днях Я спушчу дождж на зямлю, які будзе ісьці сорак дзён і сорак начэй, каб зьнішчыць усё, што існуе, з паверху зямлі, усё, што Я стварыў».
І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.
І споўніў Ной усё, што загадаў яму Госпад.
Ной меў шэсцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.
Ной меў шэсьцьсот гадоў, калі воды патопу нахлынулі на зямлю.
Дык увайшоў Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх у арку, каб ухавацца ад водаў патопу.
І ўвайшоў у каўчэг Ной з сынамі, з жонкаю і з жонкамі сыноў сваіх, каб ухавацца ад водаў патопу.
Са звяроў чыстых і нячыстых, і з птушак, і з усяго, што рухаецца па зямлі,
Са зьвяроў чыстых і нячыстых, з птушак і са зьвяроў палявых
па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў арку, так, як яму Бог загадаў.
па двое, самец і самка, увайшлі да Ноя ў каўчэг, так, як яму Бог загадаў.
Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.
Калі мінула сем дзён, воды патопу нахлынулі на зямлю.
У шасцісотым годзе жыцця Ноя, у другім месяцы, семнаццатага дня месяца, прарваліся ўсе крыніцы вялікага бяздоння і вокны нябесныя адчыніліся,
У шэсьцьсотым годзе жыцьця Ноя, у другім месяцы году, сямнаццатага дня месяца, у гэты дзень выбіліся ўсе жаролы Вялікага Бяздоньня і вокны нябесныя адкрыліся,
і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.
і ліўся на зямлю дождж сорак дзён і сорак начэй.
У той вось дзень Ной і яго сыны Сэм, Хам і Яфэт, жонка яго і тры жонкі сыноў яго разам з імі ўвайшлі ў арку.
У той вось дзень Ной, поруч яго сыны: Сэм, Хам і Яфэт, жонка Ноя і тры жонкі сыноў ягоных увайшлі ў каўчэг.
Яны, а таксама кожны звер паводле роду свайго, і ўся жывёла ў родзе сваім, і кожны паўзун, які рухаецца па зямлі ў родзе сваім, і сукупнасць летуноў паводле роду іх, усе птушкі і ўсе крылатыя
А разам зь імі ўсе гатункі зьвяроў, жывёлаў, зьвяроў палявых і ўсякія паўзуны, што рухаюцца па зямлі, усякія птушкі паводле свайго гатунку, усе птушкі і ўсе крылатыя,
ўвайшлі па пары з кожнага цела, у якім быў дух жыцця, у арку да Ноя.
увайшлі па пары, самец і самка, з кожнага цела, у каторым быў зародак жыцьця, у каўчэг да Ноя.
І яны ўвайшлі ў арку, самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў яму; і Госпад зачыніў арку звонку.
Калі ўжо ўвайшлі ў каўчэг самец і самка з усякага цела, як Бог загадаў Ною, Госпад зачыніў каўчэг знадворку.
А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і памножыліся воды, і паднялі арку высока над зямлёю.
А патоп трываў на зямлі сорак дзён, і разьліліся воды, і паднялі каўчэг над зямлёю.
Надзвычайна разліліся яны і пакрылі ўсё на паверхні зямлі; а арка плавала па водах.
Воды раптоўна падымаліся і закрылі паверх зямлі, а каўчэг плаваў па водах.
І падняліся воды высока над зямлёю, так што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.
Воды падняліся высока над зямлёю, так, што пакрылі ўсе высокія горы пад усім небам.
Вада была на пятнаццаць локцяў вышэй за горы, якія яна пакрыла.
Воды падняліся на пятнаццаць локцяў вышэй гор, каторыя пакрылі.
Загінула кожнае цела, якое рухалася па зямлі: кожная з птушак, жывёл, звяроў і ўсіх паўзуноў, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі.
Усё жывое, якое рухалася па зямлі, птушкі, жывёлы, зьвяры і ўсе паўзуны, якія поўзаюць па зямлі, і ўсе людзі — пагінулі.
Усё тое, у чым подых духа на зямлі, памерла.
Усе жывуны, каторыя мелі зародак жыцьця на зямлі, — пагінулі.
І знішчыў Ён усё існае, што было на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і аж да птушак паднебных; усё было вынішчана з зямлі. Застаўся толькі Ной і якія былі з ім у арцы.
І зьнішчыў Бог усё жывое, што існавала на зямлі, ад чалавека аж да жывёлы, аж да паўзуна і ажно да птушак паднебных; усё было зьнесена зь зямлі. Застаўся толькі Ной і каторыя былі зь ім у каўчэгу.
А воды ахлыналі зямлю сто пяцьдзесят дзён.
І воды ахлынялі зямлю сто пяцьдзесят дзён.