Быццё 47 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
І Язэп, увайшоўшы да фараона, абвясціў, сказаўшы: «Бацька мой і браты, авечкі іх і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі з зямлі Ханаан, і вось, яны знаходзяцца ў зямлі Гашэн».
І Язэп, увайшоўшы да фараона, сказаў: «Бацька мой і браты, авечкі і жывёла ды ўсё, што маюць, прыбылі зь зямлі Ханаан і знаходзяцца ў зямлі Гашэн».
І з усіх братоў сваіх пяць мужчын паставіў перад царом.
І з усіх братоў сваіх пяць мужчынаў паставіў перад каралём.
Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы, паслугачы твае, — пастухі авечак, і мы, і бацькі нашы».
Той іх запытаў: «Чым займаецеся?» Яны адказалі: «Мы — слугі твае, пастухі авечак, і мы, і бацькі нашыя».
І сказалі фараону: «Мы прыйшлі, каб качаваць па зямлі, бо ў нас няма травы для статка паслугачоў тваіх, бо павялічыўся голад у зямлі Ханаан. Просім, каб прызначыў нам, паслугачам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн».
І сказалі фараону: «Мы — перасяленцы, бо ў нас няма травы для статку слугаў тваіх, узмогся бо голад у зямлі Ханаан. Просім, каб дазволіў нам, слугам тваім, пасяліцца ў зямлі Гашэн».
І сказаў цар Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе.
І сказаў фараон Язэпу: «Бацька твой і браты твае прыбылі да цябе.
Зямля Егіпецкая перад табою. Пасялі іх на найлепшым месцы і аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай».
Уся зямля Эгіпецкая адкрыта табе. Пасялі іх на найлепшым месцы. Аддай ім зямлю Гашэн. А калі ведаеш між імі людзей здольных, устанаві іх наглядчыкамі над маёй жывёлай».
Пасля таго прывёў Язэп бацьку свайго да цара і паставіў яго перад ім. І дабраславіў Якуб фараона.
І прывёў Язэп бацьку свайго да караля, і паставіў яго перад фараонам. І дабраславіў Якуб фараона.
Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцця твайго?»
Фараон спытаўся ў яго: «Колькі гадоў жыцьця твайго?»
Ён адказаў: «Дзён пілігрымавання майго — сто трыццаць гадоў, кароткіх і ліхіх; не дасягнулі яны нават дзён бацькоў маіх, на працягу якіх яны пілігрымавалі».
Ён адказаў: «Дзён пілігрымаваньня майго — сто трыццаць гадоў. Кароткія і ліхія дні жыцьця майго, не дасяглі да гадоў жыцьця бацькоў маіх, якіх яны дажыліся».
І, дабраславіўшы цара, выйшаў вонкі.
І дабраславіўшы фараона, выйшаў ад яго.
А Язэп, па загадзе фараона, бацьку і братам сваім даў уладанне ў Егіпце ў найлепшым месцы — у зямлі Рамэсас,
А Язэп, па загаду фараона, бацьку і братам сваім даў на пасяленьне ў Эгіпце найлепшае месца — зямлю Рамэсэс.
і карміў ён іх ды ўвесь дом бацькі свайго, забяспечваючы харчамі кожнага.
І зааглядаў ён бацьку і братоў, і ўсю сям'ю свайго бацькі ў харчы адпаведна лічбы дзяцей.
А на ўсёй зямлі не хапала хлеба, і зямлю ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Егіпта і Ханаана з-за голаду.
А на ўсёй зямлі не хапала хлеба і ўціскаў страшны голад. І прападала зямля Эгіпту і Ханаану дзеля голаду.
А ён праз продаж збожжа сабраў з гэтых земляў усе грошы і занёс іх у скарбніцу цара.
А Язэп праз продаж збожжа выбраў з усіх грошы і занёс іх у скарбніцу фараона.
І калі ў пакупнікоў не засталося грошай, усе жыхары Егіпта прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Нашто паміраць нам на вачах у цябе, бо не маем ужо грошай!»
І калі ў купляючых не было на куплю грошаў, усе жыхары Эгіпту прыйшлі да Язэпа і казалі: «Дай нам хлеба! Бо паміраем на вачах у цябе, бо ня маем ужо грошаў!»
Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам ежы, калі не маеце платы».
Ён ім адказваў: «Прыводзьце жывёлу сваю, і за яе дам вам хлеба, калі ня маеце платы».
Калі яны прыводзілі, Язэп даваў ім харчы за коней, і авечак, і валоў, і аслоў. І карміў іх у той год у замену за жывёлу.
І прыводзілі жывёлу, і (Язэп) даваў ім харчы за коней, авечак, валоў і аслоў. І карміў іх ў той год у замену за жывёлу.
На другі год таксама прыйшлі да яго і сказалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што не маем грошай, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і не сакрэт для цябе, што, акрамя целаў і зямлі, нічога болей не маем.
У другім годзе таксама прыходзілі да яго і казалі яму: «Не хаваем перад гаспадаром нашым, што ня маем грошы, жывёла перайшла да гаспадара нашага, і ведаеш, што акрамя целаў і зямлі, нічога болей ня маем.
Дык нашто нам паміраць на вачах тваіх, і нам, і зямлі нашай? Купі нас і зямлю нашу ў паднявольнасць цару ды забяспеч нас насеннем, каб разам з пагібеллю аратая не ператварылася зямля ў пустыню».
Дык чаму маем паміраць на вачах тваіх і мы, і зямля нашая! Купі нас і зямлю нашую за хлеб, будзем нявольнікамі фараона, а наша зямля будзе яго ўласнасьцю. Дай нам зярно, каб мы выжылі і не памерлі, і каб зямля не ператварылася ў пустыню».
І Язэп купіў усю зямлю Егіпецкую, бо кожны прадаў уладанне сваё дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў яе фараону,
І Язэп купіў усю зямлю Эгіпецкую, бо кожны прадаў паселасьць сваю дзеля вялікага голаду. І так падпарадкаваў зямлю фараону,
а ўсе народы яе аддаў яму ў няволю, ад найбліжэйшых межаў Егіпта да самых далёкіх яго ўскрайкаў.
а ўвесь народ, ад найбліжэйшых межаў Эгіпту аж да найдалейшых яго канцоў, паддаў у няволю.
Святарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэнні, таму не былі вымушаны прадаваць свае ўладанні.
Сьвятарскай жа зямлі не купляў, бо яны карысталіся харчамі па фараонавым распараджэньні, таму ня былі вымушаны прадаваць свае паселасьці.
І сказаў Язэп людзям: «Вось, бачыце, што і вы, і зямля ваша належыце фараону. Вазьміце насенне і засейце палі,
І сказаў Язэп людзям: «Вось бачыце, што і вы, і зямля вашая належаць да фараона. Вазьміце насеньне і засейце палі,
каб маглі мець ураджай. Пятую частку аддасце фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насенне і на ежу сем’ям і дзецям вашым».
каб маглі мець збожжа. Пятую частку аддасьцё фараону, а чатыры астатнія аддаю вам на насеньне і на яду сем'ям і дзецям вашым».
Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь да нас, гаспадару наш, а мы з радасцю будзем служыць цару».
Яны адказвалі: «Ты ўратаваў нас! Спагадным толькі будзь нам, гаспадару наш, а мы з радасьцю будзем служыць фараону».
З таго часу аж па сённяшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі Егіпецкай фараонам; і было [гэта] ўсталявана Язэпам, як закон, за выключэннем зямлі святарскай, якая вольная ад гэтай умовы.
З таго часу аж па сёньняшні дзень даецца пятая частка з усёй зямлі фараонам Эгіпту, толькі землі сьвятароў па праву Язэпа выняты з-пад гэтага закону.
І абжыўся Ізраэль у Егіпце, гэта значыць, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся.
І абжыўся Ізраэль ў Эгіпце, у зямлі Гашэн, і ўзяў яе на ўласнасьць, і разрастаўся, і вельмі размножыўся.
І пражыў Якуб у зямлі Егіпецкай семнаццаць гадоў, і споўнілася ўсіх дзён жыцця яго сто сорак сем гадоў.
І пражыў Якуб у зямлі Эгіпецкай сямнаццаць гадоў, і дачакаўся ста сарака сямі гадоў жыцьця.
А калі заўважыў, што набліжаецца дзень смерці яго, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, пакладзі руку сваю пад сцягно маё, ды праяві міласэрнасць і вернасць мне, ды не хавай мяне ў Егіпце!
А калі заўважыў, што набліжаецца дзень сьмерці ягонай, паклікаў сына свайго Язэпа і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў цябе, палажы руку сваю пад бядро на доказ міласьці і вернасьці тваёй, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце,
Але, калі засну з бацькамі маімі, вывезеш мяне з гэтай зямлі і пакладзеш у магілу продкаў маіх». Адказаў яму Язэп: «Зраблю я, як ты загадаў».
але калі засну з маімі бацькамі, вывязеш мяне з Эгіпту і пахаваеш мяне ў іх магіле». Адказаў ён: «Зраблю, як ты сказаў».
Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль, адвярнуўшыся, схіліў галаву на ложак.
Тады ён сказаў: «Прысягні мне!» А калі ён прысягнуў, Ізраэль апаў на свой ложак.