Быццё 13 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І выйшаў Абрам з Егіпта, сам і жонка яго, і ўсё, што ён меў, і Лот разам з ім, у Нагэб.
 
І выйшаў Абрам з Эгіпту сам і жонка ягоная, і ўсё, што ён меў, ды разам зь Лётам, у Нэгеб.

І стаўся Абрам вельмі багатым жывёлаю, срэбрам і золатам.
 
І стаўся Абрам вельмі багатым жывёламі, серабром і золатам.

І вандраваў ён ад прыпынку да прыпынку з Нагэба ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем,
 
І вандраваў ён зь месца на месца з Нэгебу ў Бэтэль, аж да месца, дзе раней быў паставіў палатку між Бэтэлем і Гаем,

на месцы ахвярніка, які ўчыніў раней і прызваў там імя Госпада.
 
да таго месца, дзе раней быў пабудаваны ахвярнік і дзе ён прызываў імя Госпада.

Але і ў Лота, які качаваў разам з Абрамам, былі статкі авечак, і буйная жывёла, і палаткі,
 
Таксама Лёт, каторы вандраваў разам з Абрамам, меў авечкі, валы і палаткі,

і не магла ўмясціць іх зямля, каб жыць сумесна, бо маёмасць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна.
 
і не хапала ім зямлі, каб жыць сумесна, бо маёмасьць іх была вялікая і не маглі яны жыць супольна.

Таму ўзнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лота. У той жа час хананеі і феразеі пражывалі ў той зямлі.
 
Таму ўзьнікла сварка між пастухамі статкаў Абрама і пастухамі статкаў Лёта. А ў той час Хананэйцы і Пэрэзэі пражывалі ў той зямлі.

Дык сказаў Абрам Лоту: «Прашу, каб не было сваркі між мной і табой і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы!
 
Дык сказаў Абрам Лёту: «Хай ня будзе сваркі між мной і табой, і паміж пастухамі маімі і пастухамі тваімі, браты ж мы!

Хіба не ўся зямля перад табой? Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі ты выбераш правы бок, то я падамся ўлева».
 
Уся краіна перад табою! Дык прашу, адлучыся ад мяне! Калі пойдзеш налева, то я буду трымацца правага боку, а калі выбярэш правы бок, то я падамся ўлева».

Падняўшы тады вочы, Лот убачыў усю ваколіцу каля Ярдана, якая цалкам арашалася, пакуль не знішчыў Госпад Садома і Гаморы, як рай Госпада і як Егіпет, аж да Сэгора.
 
Падняўшы тады вочы, Лёт убачыў усю ваколіцу каля Ярдану аж да Цаару, усю абвадняную, пакуль ня зьнішчыў Госпад Садомы і Гаморы, як рай Госпада і як Эгіпет.

І выбраў сабе Лот усю мясцовасць каля Ярдана, і адышоў на ўсход. І так аддзяліліся брат ад брата свайго.
 
І выбраў сабе Лёт усю мясцовасьць каля Ярдану і адступіў на ўсход. І так аддзяліліся брат ад брата свайго.

І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лот жа апынуўся ў гарадах, што былі каля Ярдана, і рассунуў палаткі аж да Садома.
 
І абжыўся Абрам у зямлі Ханаан; Лёт жа апынуўся ў гарадах каля Ярдану і пашырыў палаткі аж да Садомы.

А садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам.
 
А Садомцы былі ліхімі і вялікімі грэшнікамі перад Госпадам.

І сказаў Госпад Абраму пасля таго, як аддзяліўся Лот ад яго: «Падымі вочы свае і паглядзі з месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад:
 
Па адыходзе Лёта Госпад сказаў Абраму: «Падымі вочы свае і паглядзі з гэтага месца, дзе цяпер стаіш, на поўнач і на поўдзень, на ўсход і на захад,

усю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і нашчадкам тваім навечна.
 
бо ўсю зямлю, якую бачыш, Я дам табе і патомству твайму на вечнасьць.

І зраблю нашчадкаў тваіх, як пясок зямлі. Калі хто з людзей можа палічыць пясок зямлі, тады і тваіх нашчадкаў зможа палічыць.
 
І зраблю патомства тваё, як пясок зямлі. Калі хто зь людзей зможа палічыць пясок зямлі, тады і тваё патомства палічыць.

Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і ў шырыню яе, бо яе Я дам табе».
 
Устань і прайдзіся па зямлі ў даўжыню і шырыню яе, бо яе Я дам табе».

Дык зняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, якая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.
 
Дык зьняў Абрам палатку сваю і пайшоў, і абжыўся каля дубровы Мамрэ, каторая ў Геброне, і пабудаваў там ахвярнік Госпаду.