Быццё 29 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І, выправіўшыся, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу.
 
Так вандруючы, прыйшоў Якуб у зямлю сыноў Усходу.

І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры статкі авечак, якія ляжалі каля яе, бо з яе паілі жывёлу, а вусце студні было прыкрыта вялікім каменем.
 
І ўбачыў там студню ў полі, а таксама тры стады авечак, ляжачых каля яе, бо зь яе паілі жывёлу. А вусьце студні прыкрываў вялікі камень.

І быў звычай, што калі збіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і, па напаенні статкаў, зноў ускладалі на вусце студні.
 
І быў звычай, што калі зьбіраліся ўсе авечкі, то адпіхвалі камень і па напаеньні стадаў зноў закладалі вусьце студні.

І звярнуўся ён да пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харана».
 
І запытаўся ён у пастухоў: «Браты, адкуль вы?» Яны адказалі: «З Харану».

Запытаўся ён іх: «А ці ведаеце Лабана, сына Нахора?» Яны адказалі: «Ведаем».
 
Ён запытаў зноў іх: «А ці ведаеце Лябана, сына Нахора?» Яны сказалі: «Ведаем».

«Ці здаровы ён?» — пытаецца. — «Здаровы, — адказваюць, — а вось і дачка яго Ракель прыйшла са статкам».
 
І запытаўся: «А здаровы ён?» яны адказалі: «Здаровы, а вось і дачка яго, Рахель, надыходзіць са стадам».

І сказаў ён: «Яшчэ многа дня застаецца, і не час зганяць статкі, дайце піць авечкам і зноў завядзіце іх на выган».
 
Ён сказаў: «Яшчэ многа дня застаецца, і ня час зганяць стады, дык дайце піць авечкам і яшчэ іх папасіце».

Яны ж сказалі: «Не можам, пакуль не збярэцца ўся жывёла, і тады адсунем камень ад вусця студні, каб напаіць статкі».
 
Яны ж сказалі: «Ня можам паіць, пакуль ня згоняць усе стады і не адпіхнуць каменя з-над вусьця студні, і тады будзем паіць авечак».

Калі так Якуб з імі размаўляў, вось, Ракель падышла з авечкамі бацькі свайго; бо яна сама пасвіла статак.
 
Калі так Якуб зь імі размаўляў, Рахель падыйшла са стадам авечак бацькі свайго, бо яна пасьвіла іх.

І калі Якуб убачыў Ракель, дачку Лабана, брата маці сваёй, а таксама авечак Лабана, брата маці сваёй, падышоў, адсунуў камень ад вусця студні
 
І калі Якуб убачыў Рахелю, дачку Лябана, брата маці сваёй, а таксама статак таго ж Лябана, падыйшоў, адсунуў камень з-над вусьця студні

і напаіў статак Лабана, брата маці сваёй. Потым Якуб пацалаваў Ракель і расплакаўся ўголас;
 
і напаіў статак Лябана, брата маці сваёй. А потым пацалаваў Рахелю і расплакаўся ўголас,

і сказаў ёй, што ён сваяк бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і паведаміла бацьку свайму.
 
і сказаў ёй, што ён сястранец бацькі яе, сын Рэбэкі. А яна пабегла і распавяла гэта бацьку свайму.

Той, калі пачуў, што прыйшоў Якуб, сын сястры яго, выбег яму насустрач, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. І, пачуўшы пра ўсё, што адбылося,
 
А калі Лябан пачуў навіну, што Якуб — сын сястры ягонае, выбег яму на спатканьне, абняў яго і пацалаваў, і ўвёў у дом свой. Тады вось Якуб расказаў Лябану пра ўсё.

сказаў: «Ты сапраўды косць мая і цела маё!» І пасля таго, як Якуб пражыў у яго цэлы месяц,
 
І сказаў Лябан Якубу: «Ты сапраўды косьць мая і цела маё!» А калі Якуб пражыў у Лябана месяц,

сказаў яму Лабан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату прымеш?»
 
сказаў яму Лябан: «Ці за тое, што ты брат мой, ты мне задарма будзеш служыць? Скажы, якую плату хочаш?»

А меў ён дзве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Ракель.
 
А меў Лябан дзьве дачкі: імя старэйшай Лія, а малодшая называлася Рахель.

Лія на вочы была слабая, а Ракель была складная і мілага выгляду.
 
Вочы Ліі былі хворыя, а Рахель была складная і мілага выгляду.

Якуб, паколькі яе пакахаў, сказаў: «Буду табе служыць за Ракель, дачку тваю малодшую, сем гадоў».
 
Яе пакахаў Якуб, дык сказаў: «Буду табе служыць за Рахелю, дачку тваю меншую, сем гадоў».

Лабан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому чалавеку, заставайся ў мяне».
 
Лябан адказаў: «Лепш табе яе аддам, чым другому юнаку, заставайся ў мяне».

І служыў Якуб за Ракель сем гадоў, і здаваліся яму кароткімі дні дзеля вялікай любові.
 
І служыў Якуб за Рахелю сем гадоў, і выдаваліся яму кароткія дні дзеля вялікай любові.

І сказаў ён Лабану: «Прамінуў ужо час, дай мне жонку маю, каб я ўвайшоў да яе».
 
І сказаў ён Лябану: «Дай мне дачку сваю за жонку, каб мог я зь ёй жыць, бо дагавораны час мінуў».

Той, склікаўшы ўсіх людзей мясцовасці на баль, зрабіў вяселле.
 
Дык той, склікаўшы ўсіх людзей гэтай мясцовасьці на баль, зрабіў вясельле.

А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў да яго, і ён увайшоў да яе.
 
А вечарам узяў Лію, дачку сваю, і ўвёў яе да яго, і ён увайшоў да яе.

І даў Лабан паслугачку на імя Зільпа для дачкі. Калі развіднела, агледзеўся, што гэта была Лія.
 
І даў Лябан служку імем Зільпа для дачкі. Нараніцы агледзеўся Якуб, што гэта была Лія.

І сказаў ён цесцю свайму: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Ракель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?»
 
І сказаў ён Лябану: «Што ты гэта мне зрабіў? Ці ж не за Рахель я служыў табе? Чаму ты мяне ашукаў?»

Лабан адказаў: «У нашай мясцовасці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай.
 
Лябан адказаў: «У нашай мясцовасьці няма звычаю, каб малодшую выдаваць замуж перад старэйшай.

Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дам табе і другую, за якую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў».
 
Будзь тыдзень з гэтаю, а потым дамо табе другую, за каторую, аднак, адслужыш у мяне сем іншых гадоў».

Той пагадзіўся, і, калі прайшоў тыдзень, даў яму Лабан дачку сваю Ракель за жонку.
 
І Якуб згадзіўся на гэта, і пражыў тыдзень з гэтаю, а потым Лябан даў Рахелю, дачку сваю, яму за жонку.

Ён даў ёй паслугачкаю Більгу.
 
І Рахелі даў Лябан таксама нявольніцу, Більгу, каб ёй дапамагала.

І Якуб увайшоў таксама да Ракелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у яго яшчэ сем гадоў.
 
І Якуб увайшоў да Рахелі і кахаў яе болей, чым Лію. І служыў ён у Лябана яшчэ сем гадоў.

А Госпад, бачачы, што пагарджаў Ліяй, адкрыў яе ўлонне, а Ракель была няплоднай.
 
А Госпад, бачучы, што (Якуб) зьнелюбіў Лію, адкрыў яе лона, а Рахель была няплоднай.

І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Убачыў Госпад маё ўпакарэнне, цяпер муж мой будзе мяне любіць».
 
І Лія пачала, і нарадзіла сына, і дала яму імя Рубэн, кажучы: «Глянуў Госпад на маё ўпакарэньне, цяпер муж мой будзе мяне любіць».

А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Паколькі Госпад пачуў, што я занядбана, то даў мне і гэтага», і назвала яго імем Сімяон.
 
А калі зноў пачала і нарадзіла сына, сказала: «Госпад пачуў, што я зьнялюблена, і даў мне гэтага сына», і назвала яго імем Сымон.

Пачала ў трэці раз, і нарадзіла яшчэ сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне за тое, што я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві.
 
Потым зноў пачала і нарадзіла сына, і сказала: «Ужо цяпер муж мой прытуліцца да мяне, бо я нарадзіла яму трох сыноў», і таму назвала яго імем Леві.

Чацвёрты раз пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.
 
І чацьвёрты раз яна пачала, і нарадзіла сына, і сказала: «Цяпер я буду славіць Госпада», і дзеля таго назвала яго Юда, і перастала нараджаць.