Быццё 22 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Пасля гэтых падзей Бог захацеў выпрабаваць Абрагама і сказаў яму: «Абрагаме!» Ён адказаў: «Вось я».
Па гэтых падзеях Бог захацеў выспрабаваць Абрагама, і сказаў яму: «Абрагаме!» Ён адказаў: «Вось я».
І сказаў: «Вазьмі сына адзінароднага свайго, якога любіш, Ізаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і ахвяруй там яго ў цэласпаленне на адной гары, якую Я табе пакажу».
І сказаў Бог: «Вазьмі сына адзінага свайго, якога любіш, Ізаака, і ідзі ў зямлю Морыя, і ахвяруй там яго ў цэлапаленьне на адной гары, якую Я табе пакажу».
Дык Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ізаака, сына свайго. І калі нанёс ён дроў на паленне, узняўся, і выбраўся ў мясцовасць, пра якую загадаў яму Бог.
Дык Абрагам устаў рана, асядлаў асла свайго, узяў з сабою двух юнакоў сваіх і Ізаака, сына свайго. І нанёс ён дроваў на паленьне, і ўстаў, і выбраўся ў мясцовасьць, пра якую загадаў яму Бог.
Вось, у трэці дзень, падняўшы вочы, убачыў ён у далечыні мясцовасць
У трэці вось дзень, падняўшы вочы, убачыў ён у далечыні гэтую мясцовасьць,
і сказаў юнакам сваім: «Пачакайце тут з аслом; а мы з сынам пойдзем туды і, пасля таго як паклонімся Богу, вернемся да вас».
і сказаў юнакам сваім: «Застанецеся тут з аслом; а я з сынам пайду туды і паклонімся Богу, і вернемся да вас».
І ўзяў Абрагам дровы на цэласпаленне, і ўсклаў на сына свайго, Ізаака. А сам нёс у руках агонь і нож. Калі так абодва ішлі разам,
І ўзяў Абрагам дровы на спаленьне ахвяры, і ўзлажыў іх на сына свайго, Ізаака. А сам нёс у рукох агонь і нож. Калі так абодва ішлі разам,
сказаў Ізаак Абрагаму, бацьку свайму: «Ойча мой». Той адказаў: «Чаго ты хочаш, сыне?» — «Вось жа, — кажа ён, — агонь і дровы, а дзе ж ягня на спаленне?»
Ізаак спытаўся ў бацькі свайго: «Айцец мой», ён адказаў: «Што хочаш, сыне?» «Вось жа, — кажа ён, — агонь і дровы, а дзе ж ахвяра на спаленьне?»
Адказаў Абрагам: «Бог угледзіць сабе ахвяру на спаленне, сын мой». Ды ішлі абодва далей.
Адказаў яму Абрагам: «Бог угледзіць сабе ахвяру на спаленьне, сын мой». Ды ішлі абодва далей.
І прыбылі да месца, якое Бог яму паказаў, і на ім Абрагам пабудаваў ахвярнік і паклаў наверх дровы. І, звязаўшы Ізаака, сына свайго, паклаў яго на ахвярніку на дровы,
І прыбылі да месца, якое Бог паказаў. На тым месцы Абрагам пабудаваў ахвярнік і палажыў наверх дровы. Пасьля зьвязаў Ізаака, сына свайго, і палажыў яго на ахвярніну на дровы,
і выцягнуў руку Абрагам, і схапіў нож, каб прынесці сына свайго ў ахвяру.
і выцягнуў руку сваю Абрагам, і хваціў нож, каб злажыць сына свайго ў ахвяру.
І вось, Анёл Госпадаў паклікаў з неба: «Абрагаме, Абрагаме». Ён адказаў: «Вось я».
А вось жа Анёл Госпадаў азваўся да яго зь неба: «Абрагаме, Абрагаме». Ён адказаў: «Вось я».
І сказаў: «Не падымай рукі сваёй на хлопца і не рабі яму нічога! Цяпер пераканаўся Я, што ты шануеш Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінароднага дзеля Мяне».
Анёл сказаў: «Не падымай рукі сваёй на хлопца, і не рабі яму нічога благога! Цяпер пераканаўся Я, што ты баішся Бога і не пашкадаваў сына свайго адзінага дзеля Мяне».
І падняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў барана нейкага, увязанага за рогі сярод церняў. Узяў ён яго і склаў у цэласпальную ахвяру замест сына.
І падняў Абрагам вочы свае, і ўбачыў барана нейкага, увязанага за рогі ў церні. Узяў ён яго і злажыў у цэлапальную ахвяру замест сына.
І даў ён імя месцу таму: «Госпад бачыць». Адсюль і да сённяшняга дня кажуць: «На гары Госпада можна ўбачыць».
І назваў Абрагам месца тое: «Госпад бачыць». Адсюль і да сягоньняшняга дня кажуць: «На гары Госпад даецца ўбачыць».
І паклікаў другі раз Анёл Госпадаў Абрагама з неба і сказаў:
І азваўся другі раз Анёл Госпадаў зь неба да Абрагама:
«Прысягаю Самім Сабою, — слова Госпада, — за тое, што ты ўчыніў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінароднага,
«Прысягаю на Самога Сябе, — кажа Госпад, — за тое, што ты ўчыніў гэта і не пашкадаваў сына свайго адзінага,
буду дабраслаўляць цябе і памнажаць нашчадкаў тваіх, як зоркі на небе і як пясок, што на беразе мора. Патомства тваё завалодае гарадамі ворагаў сваіх;
буду дабраславіць табе і дам табе патомства так многае, як зоркі на небе і як пясок на беразе мора. Патомства тваё завалодае гарадамі ворагаў сваіх;
і атрымаюць дабраславенне ў нашчадках тваіх усе народы зямлі, бо ты паслухаўся голасу Майго».
і атрымаюць дабраславенства ў патомстве тваім усе народы зямлі, бо ты паслухаў голасу Майго».
І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і ўзняліся яны, і выйшлі ў Бээр-Сэбу разам, і абжыўся Абрагам у Бээр-Сэбе.
І вярнуўся Абрагам да юнакоў сваіх, і падаўся зь імі ў дарогу, і пайшлі ў Бээр-Шэбу, і абжыўся Абрагам ў Бээр-Шэбе.
Пасля гэтых падзей паведамілі Абрагаму, што Мілка таксама нарадзіла яго брату Нахору сыноў:
Пасьля гэтых падзеяў паведамілі Абрагаму, што Мілька таксама нарадзіла ягонаму брату Нахору сыноў:
Уца, сына першароднага, і Буза, брата яго, і Кемуэля, бацьку Арама,
Уца, сына першароднага, і Буза, брата яго, і Кемуэля, бацьку Арама,
і Касэда, і Азу, і Пілдаша, і Едлафа,
і Кесэда, і Хазо, і Пільдаша, і Едляфа,
і Бэтуэля, з якога нарадзілася Рэбэка. Восем гэтых сыноў нарадзіла Мілка Нахору, брату Абрагама.
і Бэтуэля, зь якога нарадзілася Рэбэка. Восем гэтых сыноў нарадзіла Мілька Нахору, брату Абрагама.
А наложніца яго на імя Рэўма нарадзіла таксама Табу і Гахама, Таху і Мааху.
А наложніца ягоная імем Рэўма нарадзіла таксама Тэбаха і Гахама, Тахаша і Мааху.