Быццё 15 разьдзел
Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Пасля гэтых здарэнняў сталася слова Госпада, прамоўленае да Абрама ў бачанні: «Не бойся, Абраме! Я — абаронца твой, і ўзнагарода твая вельмі вялікая».
Пасьля гэтых здарэньняў прамовіў Госпад у зьяве да Абрама: «Ня бойся, Абраме! Я — апякун твой, нагарода твая вельмі вялікая».
Абрам сказаў: «О Госпадзе Божа, што Ты дасі мне? Я пайду без дзяцей, і спадкаемцам дома майго будзе Эліязэр з Дамаска».
Абрам сказаў: «О, Госпадзе Божа, што Ты дасі мне? Я пайду без дзяцей, спадкаемцам дому майго будзе Эліэзэр з Дамашку».
І дадаў Абрам: «Вось жа, не даў Ты мне нашчадка, дык вось, у доме маім паслугач будзе маім спадкаемцам».
І дадаў Абрам: «Вось жа ня даў Ты мне патомка, дык народжаны мною слуга будзе маім спадкаемцам».
Але вось, сталася слова Госпада да яго: «Не ён будзе спадкаемцам тваім, але той, які выйдзе з нутра твайго, яго будзеш мець спадкаемцам».
Але Госпад зноў прамовіў да яго: «Ня ён будзе спадкаемцам тваім, але той, каторы выйдзе з нутра твайго, яго будзеш мець спадкаемцам».
І вывеў яго Бог вонкі і сказаў яму: «Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш». І сказаў яму: «Такім будзе патомства тваё».
І вывеў яго Бог на двор і сказаў яму: «Глянь на неба і палічы зоркі, калі зможаш». І сказаў далей: «Такім будзе патомства тваё».
І паверыў ён Госпаду, і Ён залічыў гэта яму за заслугу.
І паверыў ён Госпаду, і Ён залічыў гэта яму за заслугу.
І сказаў яму: «Я — Госпад, Які вывеў цябе з Ура Халдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю ва ўласнасць».
І сказаў яму: «Я — Госпад, Каторы вывеў цябе з Уру Хальдэйскага, каб даць табе гэтую зямлю на ўласнасьць».
А ён сказаў: «Госпадзе Божа, з чаго магу ведаць, што я буду валодаць ёю?»
А ён сказаў: «Госпадзе Божа, з чаго магу ведаць, што я займею яе?»
Прамовіў Госпад у адказ: «Вазьмі Мне трацячку ялаўку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, туркаўку і галуба».
Адказаў Госпад: «Вазьмі Мне трацячку ялаўку, і трохгадовую казу, і трохгадовага барана, турка і галубку».
Дык узяўшы ўсё гэта, Абрам паперасякаў іх уздоўж на палавіны і абедзве часткі паклаў адну насупраць другой; але птушак не перасякаў.
Дык узяўшы ўсё гэта, Абрам паперасякаў іх уздоўж на палавіны і паперасяканыя часткі паклаў адну насупраць другой; але птушак не перасякаў.
Калі ж да гэтага мяса пачалі злятацца птушкі драпежныя, Абрам адганяў іх.
Калі ж да гэтага мяса пачалі зьлятацца птушкі драпежныя, Абрам адагнаў іх.
А калі сонца хілілася на захад, моцны сон ахапіў Абрама, і вось, страх вялікі і цёмны апанаваў яго.
А калі сонца хілілася на захад, моцны сон ахапіў Абрама, і вось страх вялікі апанаваў яго, і ахутала яго цемра.
І было сказана яму: «Ведай гэта наперад, што нашчадкі твае будуць прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і аддадуць іх у няволю, і прыгнятаць будуць чатырыста гадоў;
І было сказана яму: «Ведай гэта добра, што патомкі твае будуць прыхаднямі ў зямлі не сваёй, і чатырыста гадоў будуць паняволены і перасьледаваны;
але народ, якому будуць яны служыць, Я асуджу, і пасля таго выйдуць яны з вялікай маёмасцю.
але народ, катораму будуць яны служыць, Я асуджу, і пасьля таго выйдуць яны зь вялікай маёмасьцю.
Ты, вось, пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, у добрай старасці будзеш пахаваны.
Ты вось пойдзеш да бацькоў сваіх у супакоі, у добрай старасьці будзеш пахаваны.
Твае нашчадкі вернуцца сюды ў чацвёртым пакаленні, бо мера злачынстваў амарэяў яшчэ не споўнілася аж да цяперашняга часу».
Твае патомкі вернуцца сюды ў чацьвёртым пакаленьні, калі ўжо дапоўніцца мера злачынстваў Амарэйцаў».
І калі ўжо зайшло сонца і сталася непраніцальная цемра, паказаўся дым, як бы з печы, і вогненная лампада, што прайшла між рассечанымі жывёламі.
І калі ўжо зайшло сонца і стала непраніцальная цемра, паказаўся дым, як бы зь печы, і агонь, як гаручае полымя, прайшоў між расьсечанымі жывёламі.
У той дзень, вось, заключыў Госпад з Абрамам пагадненне, кажучы: «Я дам гэтую зямлю нашчадкам тваім, ад ручая Егіпецкага аж да вялікай ракі Эўфрат:
У той дзень вось заключыў Госпад з Абрамам запавет, кажучы: «Я даю гэтую зямлю патомству твайму, ад ракі Эгіпецкай аж да вялікай ракі Эўфрат:
разам з кінэямі, і кенэзеямі, і кадманеямі,
разам з Кенэямі, Кенэзэямі, Кадманеямі,
і хетэямі, і феразеямі, а таксама з рэфаімамі,
Гетытамі, Пэрэзэямі, Рэфаімамі,
і амарэямі, і хананеямі, і гергесеямі, і евусеямі».
Амарэйцамі, Хананейцамі, Гергесеямі і Ебусеямі.»