Быццё 9 разьдзел

Быццё
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

І дабраславіў Бог Ноя і сыноў яго, і сказаў ім: «Расціце, і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю.
 
Пасьля дабраславіў Бог Ноя і сыноў ягоных, і сказаў ім: «Пладзіцеся і размнажайцеся, і залюдняйце зямлю.

Хай усе жывёлы, звяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, баяцца вас і дрыжаць перад вамі; усе рыбы марскія аддадзены ў рукі вашы.
 
Хай усе жывёлы, зьвяры зямныя і ўсе птушкі паднебныя з усімі тымі, што рухаюцца па зямлі, усе рыбы марскія баяцца вас і дрыжаць перад вамі, бо яны аддадзеныя ў рукі вашыя.

Усё, што рухаецца і што жыве, будзе вам на ежу, як расліны зямныя, усё даю вам,
 
Усё, што рухаецца і што жыве, хай будзе вам на яду, як расьліны зямныя, усё даю вам.

за выключэннем таго, што ёсць целам з душою, якая ў крыві, — не ежце.
 
Толькі цела з душою яго, гэта значыць з крывёю ягонай, ня ешце.

Бо спытаю за кроў душ вашых з усіх жывёл; і з [кожнага] чалавека, і з [кожнага] брата яго спытаю за душу чалавека.
 
Запатрабую вось кроў жыцьцяў вашых ад усіх зьвяроў, і ад чалавека, ад кожнага брата ягонага запатрабую (адказнасьці за) жыцьцё чалавека.

Хто праліе кроў чалавечую, чалавекам будзе пралітая і яго кроў; бо чалавек створаны на вобраз Божы.
 
Хто праліе кроў чалавечую, і таго будзе праліта кроў рукою чалавека, бо чалавек створаны на вобраз Божы.

А вы расціце і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю».
 
А вы пладзіцеся і размнажайцеся, залюдняйце зямлю і валодайце ёю».

Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам яго разам з ім:
 
Вось што яшчэ сказаў Бог Ною і сынам ягоным:

«Я, вось, усталёўваю запавет Мой з вамі і з нашчадкамі вашымі пасля вас
 
«Я вось заключаю запавет Мой з вамі і з патомствам вашым пасьля вас

ды для кожнай жывой душы, якая разам з вамі: ці з ліку птушак, ці з ліку жывёл і ўсіх звяроў зямлі, якія з вамі, — для ўсіх, якія выйшлі з аркі, для ўсіх звяроў зямлі.
 
ды з усякаю істотаю жывою, каторая з вамі: з птушкамі, з жывёламі хатнімі і палявымі, якія пры вас, з усімі, каторыя выйшлі з каўчэгу, з усякімі зьвярамі на зямлі.

Я ўсталёўваю запавет Мой з вамі так, што ўжо болей ніколі не будзе знішчана ніводнае цела водамі патопу ды ўжо ніколі не будзе патопу, што нішчыць зямлю».
 
Я заключаю запавет з вамі так, што ўжо болей ніколі ня будзе зьнішчана ніводная істота жывая водамі патопу і ўжо ніколі ня будзе патопу, што нішчыць зямлю».

І сказаў Бог: «А гэта знак пагаднення, які Я даю паміж Мной і вамі і для кожнай душы жывой, якая з вамі, на вечныя пакаленні.
 
І далей казаў Бог: «А гэта знак запавету, які Я заключаю з вамі і кожнай істотай жывой, якая з вамі, на вечныя часы.

Вясёлку Маю пакладу на хмарах, і будзе яна знакам пагаднення паміж Мной і паміж зямлёю.
 
Вясёлку Маю кладу на хмарах, яна будзе знакам запавету паміж Мною і паміж зямлёю.

Калі пакрыю аблокамі неба, пакажацца вясёлка Мая на аблоках,
 
Калі расьцягну воблакі над зямлёю і калі пакажацца вясёлка на воблаках,

і прыгадаю Я пагадненне Маё з вамі і з кожнай душою жывой, з кожным чалавекам: і не будзе болей водаў патопу на пагібель усяго цялеснага.
 
тады ўспомню на Мой запавет, які заключыў з вамі і ўсякаю жывой істотай, з кожным чалавекам, і ня будзе ўжо ніколі водаў патопу на гібель якога-колечы жывуна.

І будзе вясёлка на аблоках, і ўбачу Я яе, і прыгадаю вечнае пагадненне, якое ёсць запаветам паміж Богам і кожнай жывой душою ўсякага цела, якое ёсць на зямлі».
 
Калі будзе гэтая вясёлка на воблаках, гледзячы на яе, Я ўспомню на вечны запавет між Мною і ўсякімі жывунамі ў кожным целе, каторае ёсьць на зямлі».

І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак пагаднення, якое Я заключыў між Мною і кожным целам на зямлі».
 
І сказаў Бог Ною: «Гэта будзе знак запавету, які Я заключыў між Мною і ўсімі жывунамі, якія на зямлі».

Сынамі ж Ноя, якія выйшлі з аркі, былі Сэм, Хам і Яфэт. І менавіта Хам быў бацькам Ханаана.
 
Сынамі Ноя, каторыя выйшлі з каўчэгу, былі: Сэм, Хам і Яфэт. Хам быў бацькам Ханаана.

Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.
 
Гэтыя тры былі сынамі Ноя, і ад іх залюднілася ўся зямля.

Ной, які быў земляробам, пачаў садзіць вінаграднік.
 
Ной быў земляробам, і ён пасадзіў вінаграднік.

П’ючы віно, ён ап’янеў і ляжаў, аголены, у сваёй палатцы.
 
П'ючы віно, ён ап'янеў і ляжаў голы ў сваёй палатцы.

Хам, бацька Ханаана, убачыўшы галізну бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, якія былі па-за палаткай.
 
Хам, бацька Ханаана, убачыўшы голасць бацькі свайго, сказаў аб гэтым двум сваім братам, каторыя былі па-за палаткай.

Тады Сэм і Яфэт усклалі плашч на плечы свае і, ідучы задам, прыкрылі сорам бацькі свайго; і твары іх былі звернуты назад, і яны не бачылі галізны бацькі свайго.
 
Тады Сэм і Яфэт узялі плашч і, трымаючы на плячох сваіх, пайшлі задам і накрылі голасць бацькі свайго; твары іх былі зьвернуты назад, і яны ня бачылі голасці бацькі свайго.

Калі Ной, прачнуўшыся па ап’яненні ад віна, даведаўся, што яму зрабіў яго наймалодшы сын,
 
Ной, прачнуўшыся па ап'яненьні ад віна і даведаўшыся, што яму зрабіў наймалодшы сын,

то сказаў: «Пракляты Ханаан! Будзе ён паслугачом паслугачоў у братоў сваіх».
 
сказаў: «Пракляты Ханаан! Хай будзе ён слугою слугаў у братоў сваіх».

І сказаў: «Дабраславёны Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе яго паслугачом.
 
Потым сказаў: «Багаслаўлены Госпад, Бог Сэма! Хай Ханаан будзе ягоным слугою.

Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго паслугачом».
 
Хай распаўсюдзіць Бог Яфэта. І хай ён пражывае ў палатках Сэма, і хай Ханаан будзе яго слугою».

І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў.
 
І жыў Ной па патопе трыста пяцьдзесят гадоў.

І споўнілася ўсіх дзён яго дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.
 
Усіх жа дзён Ноя было дзевяцьсот пяцьдзесят гадоў, і ён памёр.