Да Галятаў 4 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Кажу ж вам: пакуль спадкаемец дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад нявольніка, хоць ён і гаспадар над усім,
але знаходзіцца да вызначанага часу пад апекунамі і аканомамі.
Так і мы, пакуль мы былі дзецьмі, былі паняволены стыхіямі свету.
А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог Свайго Сына, народжанага жанчынай, стаўшага пад закон,
каб адкупіў тых, якія былі пад законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленне.
А дзеля таго, што вы — сыны, паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы вашы, Які кліча: «Абба, Ойча!»
Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы праз Хрыста.
Але тады, калі не ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасці не ёсць багамі.
Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і бязродных стыхій, якім зноў хочаце служыць?
Вы глядзіце на дні, месяцы, часы і гады!
Баюся за вас, што, можа, надарма працаваў у вас.
Браты, прашу вас, будзьце такімі, як і я; бо і я стаўся такім, як вы. Нічым вы мяне не скрыўдзілі.
Вы ж ведаеце, як праз слабасць цела першы раз я дабравесціў вам,
і вы не пагардзілі спакусай маёй у целе маім, і не адрынулі, але прынялі мяне як анёла Божага, як Хрыста Ісуса.
Дзе ж тады тое шчасце ваша? Сведчу вам, што, калі б гэта было магчыма, дык, вочы сабе вырваўшы, аддалі б іх мне.
Дык ці ворагам стаўся я вам за тое, што казаў вам праўду?
Рупяцца яны пра вас не з дабра, але хочуць адарваць вас, каб аб іх вы рупіліся.
Добра рупіцца аб добрым заўсёды, а не тады толькі, калі я знаходжуся паміж вас;
дзеткі мае, зноў вас нараджаю ў муках, пакуль уфармуецца ў вас Хрыстос.
Хацеў бы я быць у вас цяпер ды змяніць голас мой, бо сам я ў неўразуменні аб вас.
Скажыце мне тыя, што хочаце жыць пад законам: ці закону вы не чулі?
Напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго з нявольніцы, другога з вольнай.
Але той, што з нявольніцы, паводле цела нарадзіўся, а той, што з вольнай, — праз абяцанне.
Гэта як алегорыя сказана, абазначае гэта два запаветы: адзін — на гары Сінай, што на няволю родзіць, гэта Агар.
Бо гэтая Агар — гара Сінай у Арабіі, адпавядае цяперашняму Ерузаліму і зняволена з сынамі сваімі.
Той жа Ерузалім, што ўгары, вольны, і ёсць маці ўсім нам.
Напісана бо: «Узвесяліся, няплодная, якая не нараджаеш, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў пакінутай больш дзяцей, чым у той, якая мае мужа».
Мы ж, браты, паводле Ізаака дзеці абяцання.
Але як і тады той, што паводле цела нарадзіўся, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер.
А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам вольнай».
Дык вось, браты, мы дзеці не нявольніцы, але вольнай.