Псалтыр 145 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Давідава песьня хвалебная.Вывышшаць Цябе буду, мой Божа й Цару, і імя Тваё славіць навекі!
Багаслаўляць Цябе буду штодня і імя Тваё на вякі вечныя.
Вялікі Госпад і годны хвалы, і веліч Яго — недасяжная.
Хай род роду хваліць творы Твае і магутнасьць Тваю абвяшчае.
Аб велічы сьветлае славы Тваёй хай гавораць яны; я-ж аб цудах Тваіх казаць буду.
Аб магутнасьці дзеяньняў страшных Тваіх хай гавораць яны; я-ж буду вялікія ўчынкі Тваі абвяшчаць.
Успаміны аб велічы дабраты Твае абвяшчаць яны будуць і песьнямі славіць справядлівасьць Тваю.
Госпад ласкавы і міласэрны, няскоры да гневу й ласкай вялікі.
Госпад добры да ўсіх, і літасьць Ягоная — панад усе Яго справы.
Няхай хваляць Цябе ўсе творы Тваі, і сьвятыя Тваі няхай славяць Цябе!
Хай аб славе Царства Твайго яны апавядаюць і магутнасьць Тваю абвяшчаюць,
каб даць вестку сыном чалавечым пра магутнасьць Яго й веліч славы Царства Ягонага.
Царства Тваё — царства ўсіх вякоў, і ўлада Твая — над усімі родамі.
Паддзержывае Госпад усіх, хто ўпадае, і падыймае ўсіх уцісьнёных.
Вочы ўсіх на Цябе ўзіраюцца, і Ты ім іх ежу даеш у свой час.
Ты расчыняеш руку Тваю і ўсё, што жыве, насычаеш паводле жаданьня.
Справядлівы Госпад на ўсіх шляхох Сваіх і ласкавы ў усіх Сваіх справах.
Госпад блізкі да ўсіх, што Яго прызываюць, да ўсіх, што Яго прызываюць у праўдзе.
Ён робіць паводле жаданьня тых, што баяцца Яго, і чуе іх плач і ратуе іх.
Госпад захоўвае ўсіх, што любяць Яго, але ўсіх бязбожных Ён выгубіць.
Хвалу Госпада будуць казаць мае вусны, і ўсякае дыханьне хай сьвятое імя Яго славіць навекі.