Псалтыр 78 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Навука Асапава.Чуй, мой народзе, навуку маю, вуха сваё да слоў вуснаў маіх прыхілеце!
 

Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, казаць буду загадкі старадаўныя.
 

Што чулі мы і даведаліся, ды што нам бацькі расказалі,
 

гэта ня ўкрыем ад іхніх дзяцей, што народзяцца, абвяшчаючы слаўныя ўчынкі Госпада і магутнасьць Ягоную й цуды Яго, што Ён робіў.
 

Ён сьведчаньне Сваё ў Якубе паставіў і паклаў Закон у Ізраілю, загадаўшы бацьком нашым, каб сыном сваім пераказвалі,
 

каб ведаў род патомны, дзеці, якія народзяцца, ды каб яны ў свой час сыном сваім наказалі,
 

каб на Бога надзею сваю ўскладалі, аб дзеяньнях вялікіх Бога не забываліся ды запаведзі Ягоныя захоўвалі,
 

і ня былі-б падобныя да бацькоў сваіх, роду адступнікаў і непакорных, роду, што сэрца свайго не спасобіў, каб дух ягоны верны быў Богу.
 

Сыны Яхрэмавы, уваружаныя лукамі, у дзень бітвы назад павярнулі.
 

Яны не захавалі запавету Божага й не хацелі хадзіць паводле Закону Ягонага.
 

Яны забыліся аб вялікіх дзеяньнях Ягоных ды цудах, што Ён ім зьявіў.
 

Перад бацькамі іх цуды рабіў Ён у Эгіпце, на полі Цоанскім.
 

Ён мора расьсек і іх перавёў праз яго, і воды паставіў, як сьцены,
 

удзень вёў іх хмарай, а ўначы — зьяньнем агністым.
 

Ён скалы ў пустыні ра-шчапляў і паіў іх так шчодра, быццам з бяздоньня;
 

патокі із скалаў плылі, і воды цяклі ракамі.
 

І ўсё-ж яны і далей грашылі проці Яго, бунт у пустыні ўзьнімаючы проці Найвышняга.
 

Яны Бога ў сэрцы сваім спакушалі, просячы корму водле жадобы сваёй.
 

І проці Бога бурчэлі, гаворачы: Хіба-ж Бог у пустыні можа нам стол прыгатовіць?
 

Вось, па скале Ён удэрыў, і люнулі воды і ручаі пацяклі; але ці можа Ён даць такжа й хлеба — ды мяса народу Свайму прыгатовіць?
 

Дык абурыўся Госпад, пачуўшы, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля
 

за тое, што Богу яны не паверылі й не спадзяваліся на ўспамогу Ягоную.
 

Але хмарам высока Ён даў загад і расчыніў дзьверы неба,
 

і пасыпаў ім манну, як дождж, і даў ім хлеба нябеснага.
 

Хлеб Ангелаў кожны меў есьці; Ён ім корму паслаў ды ўволю.
 

Вецер усходні адвярнуў Ён на небе і сілай Сваёю навёў вецер паўдзённы;
 

і, быццам пыл, спусьціў на іх мяса — птушак крылатых, як пясок ля мора.
 

Скінуў іх сярод іх табору, навакола іхніх палатак.
 

І елі яны многа ўдосыць, і Ён даў ім жаданае.
 

Ды йшчэ не зракліся яны жадобы сваёй, яшчэ ежа іх была ў іх вуснах.
 

Дык гнеў Божы ўзьняўся на іх, і губіў тлустых, і дзяцюкоў Ізраілявых паваліў.
 

Пры ўсім гзтым яны йшчэ грашылі далей і ў цуды Яго ня веравалі.
 

Дык зыходзілі дні іх марна і леты ў страху.
 

Калі Ён зьніштажаў іх, дык шукалі Яго, наварачываліся і зварачаліся да Бога,
 

дый успаміналі, што Бог — іх прыпынак, Найвышэйшы — Спас іхні.
 

Яны лесьцілі Яму вуснамі Сваімі і языком сваім ілгалі перад Ім,
 

ды сэрца іхняе ня было Яму вернае, і не захоўвалі верна Закону Ягонага.
 

А Ён, ласкавы, дараваў ім грэх іхні і ня зьніштожыў іх, неаднакроць супыняў Свой гнеў і не даваў ходу ўсёй ярасьці Сваёй,
 

бо памятаў, што яны — цела, подмух, які адыходзе й ня вернецца.
 

Як часта яны паўставалі супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў зямлі бязьлюднай!
 

Ізноў ды ізноў яны спакушалі Бога і абражалі Сьвятога Ізраілявага.
 

Не памяталі яны рукі Ягонае, дня, калі Ён іх вызваліў з уціску,
 

калі знакі Свае рабіў у Эгіпце і цуды Свае на палёх Цоанскіх:
 

бо абярнуў Ён іх рэкі й патокі у кроў, каб піць не маглі,
 

наслаў ім кузурак, што іх кусалі, ды жабаў, што іх губілі;
 

плады зямныя аддаў рабацтву, а працу рук іхніх — саранчы.
 

Вінаградныя лозы градам пабіў, фіговыя дрэвы — шэраньню.
 

Скаціну іхнюю граду аддаў, а стады — маланкам;
 

паслаў на іх полымя гневу Свайго, абурэньне і ярасьць ды пошасьці, навалу злых ангелаў.
 

Даў попуст гневу Свайму, ад сьмерці іх душ не спасаў, жыцьцё іх на мор аддаў;
 

пабіў усіх першакоў у Эгіпце, зачаткі расплоду ў палатках Хамавых;
 

і, як авечкі, вывеў народ Свой і вёў праз пустыніо, як стада;
 

вёў іх бясьпечна, і нечага было ім баяцца, а ворагаў іхніх мора накрыла;
 

і давёў іх да краіны Сваёй сьвятой, да гары, што здабыла правіца Ягоная;
 

і спрад аблічча іх выгнаў народы, зямлю-ж падзяліў паміж імі у спадчыну, у іхніх палатках калены Ізраіля Ён абсадзіў.
 

Ды ўсё йшчэ яны спакушалі Найвышэйшага Бога, паўставалі супраць Яго, запаветаў Яго не захоўвалі.
 

Яны адступаліся й здрайцамі былі, як і бацькі іх, выварачваліся, быццам той лук няверны.
 

Яны абуралі Яго высакосьцямі сваімі й ідаламі сваімі дражнілі Яго.
 

Пачуў Бог і гневам узгарэўся, і зусім адапхнуў Ён Ізраіля.
 

Адапхнуў Ён сялібу ў Сіломе, палатку, дзе жыў між людзьмі;
 

аддаў у палон Сваю моц і славу Сваю ў рукі ворага.
 

Пад меч аддаў Свой народ, на спадчыну Сваю разьярыўся.
 

Дзяцюкоў ягоных агонь пажыраў, і дзяўчаты бяз песень вясельных аставаліся.
 

Сьвяшчэньнікі яго гібелі ад мяча, і ўдовы яго не галасілі.
 

Ды быццам зо-сну прачнуўся Госпад, як той волат, што віно разварушыла яго,
 

і адбіў Ён ворагаў, на вечны сорам аддаў іх.
 

І адапхнуў Ён палатку Язэпаву, і ня выбраў калена Яхрэмавага,
 

а выбраў калена Юдава, гару Сыонскую, якую ўлюбіў;
 

і збудаваў Ён пад неба высокую Сьвятыню Сваю; навекі, як зямлю, умацаваў яе.
 

І выбраў раба Свайго Давіда, і ўзяў яго ад абораў авечых,
 

і ад дойных авечак забраў яго, каб пасьвіў Ягоны народ, Якубавы, і спадчыну Ягоную, Ізраіля.
 

І той пасьвіў іх у прастаце сэрца свайго і вадзіў іх мудрай рукой.