Псалтыр 85 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Кіраўніку хору: сыноў Карэявых. Псальм.
Ты зьлітаваўся над зямлёй Тваёй, Госпадзе, Ты палон Якубавы вярнуў.
Ты зьняў віну з народу Твайго, дараваў ім усе грахі іхнія. (Зэля)
Ты зьдзяржаў Тваю ярасьць і гнеў Твой палючы адвярнуў.
Адбудуй Ты нас, Божа, Успамога наша, супыні абурэньне Тваё на нас.
Няўжо-ж навекі на нас будзеш гневацца і гнеў Твой пашырыш на пакаленьні патомныя?
Няўжо-ж не дасі нам аджыць нанова, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?
Дай нам, Госпадзе, ўбачыць ласку Тваю, даруй нам спасеньне Тваё!
Паслухаю я, што Госпад Бог кажа: Ён гаворыць аб супакоі для народу Свайго і для пабожных Сваіх, для тых, што сэрца сваё да Яго кіруюць. (Зэля)
Запраўды, блізка ўспамога Яго дзеля тых, што баяцца Яго, каб слава Божая на зямлі нашай залунала.
Ласка і праўда з сабой сустракаюцца, справядлівасьць і супакой цалуюцца.
Праўда вырастае із зямлі, а справядлівасьць з нябёсаў пазірае.
І абдорыць нас Госпад добрым, а зямля наша дасьць свой плод.
Ідзе справядлівасьць наперадзе Яго і стопы Ягоныя на шлях стаўляе.