Псалтыр 85 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Кіраўніку хору. Сыноў Корыных. Псальма.
Ты прыяў зямлі Сваёй, СПАДАРУ, зьвярнуў палон Якаву,
Дараваў бяспраўі люду Свайго, закрыў усі грахі яго (Сэля),
Забраў назад усе абурэньне Свае, узьдзержыўся ад палаючага гневу Свайго.
Зьвярні нас, Божа спасеньня нашага, і спыні гнеў Свой на нас.
Ці на векі будзеш гневаціся на нас? ці гнеў Свой расьцягнеш з пакаленьня ў пакаленьне?
Ці Ты ня зьвернешся й не ажывіш нас, каб люд Твой цешыўся ў Табе?
Пакажы нам ласку Сваю, СПАДАРУ, і спасеньне Свае дай нам.
Паслухаю, што кажа Бог СПАДАР, бо Ён будзе казаць супакой люду Свайму а дабрачэсьлівым Сваім; але хай не зварачаюцца ізноў да дурноты.
Запраўды блізка спасеньне Ягонае да тых, што баяцца Яго, каб чэсьць Яго жыла ў зямлі нашай.
Ласка а праўда сустрэліся, справядлівасьць а супакой пацалаваліся.
Праўда ізь зямлі вырастае, і справядлівасьць ізь неба глядзіць далоў.
Але, СПАДАР дасьць дабро, і зямля наша выдасьць плод свой.
Справядлівасьць пойдзе перад Ім і аберне ў дарогу сігні Ягоныя.