Псалтыр 8 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Кіраўніку хору. На Ґіфскай снадзі. Псальма Давідава.
 

СПАДАРУ, Спадару наш, якое вялікаснае імя Твае на ўсёй зямлі! Ты даў славу Сваю на нябёсах.
 

З вуснаў дзецянят а сысуноў Ты залажыў хвалу напярэк уцісканьнікам, каб уцішыць ворага а помсьніка.
 

Як я аглядаю нябёсы Твае, — работу палцаў Тваіх, месяц а гвезды, каторыя Ты ўладзіў,
 

То што людзіна, што Ты помніш яе, і сын людзкі, што Ты давядаешся да яго?
 

Ты зьменшыў мала яго супроці ангілаў, і славаю а сьцёю каранаваў яго;
 

Даў яму панаваньне над работаю рук Сваіх; усе палажыў пад ногі яму;
 

Авечкі а валы ўсі, а таксама палявыя зьвяры,
 

Птушкі нябёсныя й рыбу морскую, морскімі дарогамі праходзячую.
 

СПАДАРУ, Спадару наш, якое вялікаснае імя Твае на ўсёй зямлі!