Псалтыр 55 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Л. Гарошка
Кіраўніку хору. На струнных снадзях. Навука Давідава.
Нахіні вуха да малітвы мае, Божа, і не хавайся ад маленьня майго.
Зваж на мяне й адкажы імне; я ўзрушыўся ў гутарцы сваёй і ўздыхаю,
Ад голасу злосьнікаў, ад відзеньня ўціску нягодных, бо яны сьхінаюць на мяне бяспраўе і ў гневе чуюць непрыязьньства да мяне.
Сэрца мае дрыжыць у нутру маім, сьмяротныя жахі напалі на мяне;
Боязнь а дрыгота прышлі на мяне,
І сказаў я: «Хто даў бы імне крылы, як у галуба? я паляцеў бы й супачыў бы;
Вось, я павалачыўся б далёка і жыў бы на пустыні (Сэля),
Пабарзьдзіў бы знайсьці схоў сабе ад буйнога ветру а віхру.
Зьнішч, Спадару, падзялі мовы іхныя, бо я бачыў усілствы а звады ў месьце;
Дзень і ноч яны абходзяць па сьценах яго; і цяжкая праца, і бяда ў ім;
Нягоднасьць сярод яго, ня сходзе з вуліцы яго ўціск а ашука.
Гэтаж ня злосьнік наругаецца імне, — гэта я сьцерпіў бы; не праціўнік мой вяльмуецца над імною, — ад яго я схаваўся б;
Але гэта ты, — людзіна, раўня імне, блізкі прыяцель мой, знаёмы імне,
Што разам мы прыемна радзіліся, да дому Божага хадзілі грудам.
Няхай сьмерць спустоша іх, няхай зыйдуць да шэолю жывыя; бо ліха ў гасподзе іхнай, у сярэдзіне ў іх.
Я да Бога гукаю, і СПАДАР вывальняе мяне.
Увечары, і нараніцы, і паўднём я буду жаліцца а ўздыхаць, і Ён чуе голас мой;
Ён выбаве душу маю бясьпечна зь бітвы, што я маю, бо шмат было іх на мяне.
Выслухае Бог, і адкажа ім Тый, што сядзіць спрадвеку (Сэля); бо няма зьмены ў іх, і не баяцца Бога.
Ён выцягнуў руку сваю на тых, што ў супакою зь ім, ён узрушыў змову сваю.
Лагаднейшыя за масла вусны ягоныя, вайна, адылі, была ў сэрцу ягоным; словы ягоныя былі мякшыя за аліву, яны, адылі, аголеныя мячы.
Узвалі цяжар свой на СПАДАРА, і Ён будзе жывіць цябе. Ня дасьць Ён ніколі справядліваму пахіснуцца.
Але, Ты, Божа, спусьціш іх да ямы загубы, і крывапіўцы, і ізраднікі не дажывуць палавіцы дзён сваіх. Але я спадзяюся на Цябе.