Псалтыр 37 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Псальм Давідавы.Не палай гневам на злачынцаў, не завідуй тым, што беззаконнае робяць,
бо яны, як трава, будуць хутка скошаны й павянуць, як зельле ў полі.
Спадзявайся на Госпада й добрае роб, жыві на зямлі і цноту хавай;
уцяшайся Госпадам, і Ён табе дасьць, што сэрца тваё пажадае.
Пакінь Госпаду лёс свой, мей надзею ў Ім, Ён усё табе зробіць,
і справядлівасьць твая ўзыйдзе, бы раніцы сьветласьць, і праўда твая — быццам сьветласьць палудня.
Ціхі будзь прад Госпадам, чакай на Яго; не распальвай гневу на тога, каму шэньціць у плянах ягоных, або хто здраду куець.
Ад гневу ўхіляйся, кінь ярасьць; не распальвайся гневам, каб благога табе не зрабіць;
бо злосьнікі будуць зьніштожаны, тыя-ж, што чакаюць на Госпада, будуць зямлёй валадаць..
Яшчэ крыху толькі, і ня станець бязбожніка; глянеш на месца ягонае, а яго й няма!
А ціхія возьмуць зямлю ў валаданьне і цешыцца будуць лішкам спакою.
Бязбожнік ліхое куе насупраць пабожнага ды зубамі на тога скрыгоча.
Госпад сьмяецца з яго, бо бача, што йдзе дзень ягоны.
Бязбожнікі меч абнажылі і лук нацягнулі, каб нешчасьлівага й беднага ім паваліці, каб высечы тых, што йдуць простай дарогай;
меч іх уласнае сэрца праткне ім, і лукі ў іх паламаюцца.
Малое, што мае пабожны, ляпей за багацьце многіх бязбожнікаў.
Бо рукі бязбожных пакрышаны будуць, пабожных жа Госпад паддзержыць.
Ведае Госпад дні беззаганных, іх спадчына будзе навекі.
Ня будуць яны ў час ліхі асаромлены, а ў дні голаду будуць насычаны.
Бо згінуць бязбожнікі, і ворагі Госпада, як палёў тых краса, счэзнуць, як дым яны счэзнуць.
Возьме бязбожнік у доўг — і доўгу ня верне; пабожны-ж — ён, шчодры й дае.
Багаслаўлёныя Госпадам зямлю ў спадчыну возьмуць, а хто выкляты Ім, тыя будуць загублены.
Умацоўвае Госпад крокі чалавека, калі ўпадабае дарогі ягоныя.
Калі часам упадзе, не заб’ецца, бо Госпад руку яго падтрымае.
Я быў малады й пастарэў, ды ніколі ня бачыў, каб пабожны быў кінены, каб род яго хлеба прасіў.
Заўсёды ён шчодры й пазыкі дае, і род яго будзе багаслаўлёны.
Ухіляйся ад зла і роб добрае, дык будзеш жыці навекі.
Бо Госпад любіць праўду й сьвятых Сваіх не пакіне навекі. Несправядлівыя зьнішчаны будуць, і нашчадзь бязбожных выгублена будзе.
Пабожныя возьмуць зямлю ў валаданьне і жыць на ёй будуць навекі.
Вусны пабожнага мудрасьць выказваюць, і язык яго праўду гаворыць.
Закон Бога ў сэрцы ягоным; яго крокі хістацца ня будуць.
Бязбожнік сочыць за пабожным і шукае, каб зьвесьці са сьвету яго.
Госпад ня дасьць яго ў рукі ягоныя, не дапусьціць, каб быў ён засуджан, як будуць з яго спаганяць.
Спадзявайся на Госпада, ідзі шляхам Ягоным, дык узвысіць цябе, каб узяў ты зямлю ў валаданьне; і бязбожных загубу ты ўбачыш.
Я бачыў бязбожніка, гордага й моцнага, быццам Ліванскія кедры,
калі-ж (потым) праходзіў, яго ня было; шукаў я яго, але нельга было адшукаці.
Зважай на беззаганнага і ўзірайся на цнатлівага, бо будучына такога чалавека ёсьць супакой.
А адступнікі ўсе будуць зьнішчаны чыста; і насеньне бязбожных счэзьне.
Збаўленьне пабожным ад Госпада, Ён — абарона іх у час бяды;
і Госпад ім памагае й спасе іх; Ён вызваліць іх ад бязбожных ды іх успаможа, бо ў Яго шукалі патолі.