Псалтыр 40 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка
Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
Тужліва чакаў я на Госпада, і вось Ён схіліўся ка мне і плач мой пачуў.
І вывеў мяне із ямы пагібельнай, з твані балотнае, і ногі паставіў мае на скале, і ўзмоцніў Ён стопы мае.
І новую песьню мне ў вусны ўлажыў — хвалу нашаму Богу. І многія гэтае ўбачаць і ўбаяцца ды будуць надзею ўскладаці на Госпада.
Багаслаўлен чалавек, што надзею сваю ўскладае на Госпада і ня йдзе к непакорным і к тым, хто да ілжы прыхіляецца.
Чысьлены цуды Твае і замыслы Твае, якія Ты, Госпад і Бог мой, зьдзейсьніў дзеля мяне. Нічога няма Табе роўнага. Хацеў-бы я іх абвяшчаць і казаці, ды лішне іх многа, каб мог я іх палічыць.
Ахвяры з крыві і хлеба недаспадобы Табе: вушы мае Ты мне расчыніў. Цэлапаленьняў ды жэртваў за грэх Ты не вымагаеш.
Тады я сказаў: Вось я йду! У зьвітку кніжным напісан загад мне.
Волю Тваю выпаўняць, Божа мой, роскаш мая, і Закон Твой — у сэрцы маім.
Я абвяшчаў справядлівасьць Тваю на вялізарным зборы; і, запраўды-ж, вуснаў сваіх я ня спыняў, — Ты гэта ведаеш, Госпадзе!
Праўды Тваёй ня ўкрываў я ў сэрцы маім, я пра вернасьць Тваю гаварыў і ўспамогу Тваю, ласкі Твае й справядлівасьці прад зборам вялізным ня ўтоіваў.
Госпадзе, не адхіляй міласэрдзя Твайго ад мяне; ласка і вернасьць Твая захавае навекі мяне,
бо мукі бяз ліку абступілі мяне, праступкі мае дагналі мяне, ажно нельга мне іх агарнуць: іх балей, чым валосься на маёй галаве, — і мужнасьць мая мяне кінула.
Рач, Госпадзе, збавіць мяне! пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе!
Няхай асаромяцца й расчаруюцца ўсе, што шукаюць пагібелі для душы маёй; няхай наўцёкі павернуць ды асаромяцца тыя, што жадаюць няшчасьця майго.
Няхай адубеюць у сораме сваім тыя, што мне гукаюць: Ха, ха!
Няхай весяляцца й цешацца ўсе ў Табе, хто шукае Цябе; і тыя, што жадаюць спасеньня Твайго, хай гукаюць няспынна: Вялікі ёсьць Госпад!
Хоць я й нешчасьлівы й убогі, ды Госпад будзе аба мне клапаціцца. Ты — ўспамога мая і мой Спас! Ня баўся, мой Божа!