Псалтыр 86 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Л. Гарошка

 
 

Малітва Давідава.Прыхілі, Госпадзе, вуха Тваё ды пачуй Ты мяне, бо я бедны й убогі.
 

Захавай маю душу, бо я прад Табою скарыўся. Памажы Ты, мой Божа, рабу Твайму, які на Цябе спадзяецца.
 

Памілуй мяне, Госпадзе, бо ўвесь дзень да Цябе я гукаю.
 

Пацеш душу раба Твайго, бо душу да Цябе я ўзьнімаю, о Госпадзеі
 

Бо Ты, о Госпадзе, добры й літасьцівы ды шчодры на ласку для ўсіх, што Цябе прызываюць.
 

Пачуй, о Госпадзе, малітву маю і выслухай маленьне маё галоснае!
 

У час тугі маёй я клічу Цябе, бо Ты мяне выслухаеш.
 

Няма між багамі роўнага Табе, Госпадзе, і няма дзел, як Твае.
 

Усе народы, што Ты іх стварыў, прыйдуць і ніцма ўпадуць прад Табою, о Госпадзе, і імя Тваё будуць славіць.
 

Бо Ты вялікі і цуды робіш, — Ты Бог, Ты адзін.
 

Навучы мяне, Госпадзе, шляху Твайго, каб хадзіў я ў праўдзе Тваёй; сэрца маё украпі ў баязьні іменьня Твайго.
 

І буду ўсім сэрцам маім хваліць Цябе, Госпадзе, Бог мой, і імя Тваё буду славіць навекі.
 

Бо ласка Твая нада мною вяліка, і Ты вырваў душу маю з бяздоньня пякельнага.
 

Божа, гордыя супраць мяне збунтаваліся, і натоўп перасьледавацеляў шукае душу маю, ды на Цябе не зважаюць яны.
 

Але Ты, Госпадзе, Бог міласэрны й ласкавы, да гневу няскоры і ласкай ды праўдай багаты.
 

Да мяне зьвярніся й зьмілуйся нада мной; дай сілу Тваю рабу Твайму і сыну рабыні Тваёй памажы!
 

Зьяві Ты на мне знак Тваёй дабраты, каб угледзілі гэта і тыя, што ненавідзяць мяне, і паўстыдаліся-бы, што Ты, о Госпадзе, мне дапамог і пацешыў мяне.