Лукаша 3 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

У пятнаццаты-ж год панаваньня Тывэрыя ке́сара, калі Понці Пілат гаспадарыў у Юдэі, Ірад быў чацьвертаўладнікам у Галіле́і, Піліп, брат яго, чацьвертаўладнікам у Ітурэі і Траханіцкай краіне, а Лісані чацьвертаўладнікам у Авілене́і,
 
І у пятнаццаты ж год панавання кесара Тыберыя, калі Понці Пілат быў намеснкам Іудзеі, Піліп жа, яго брат, быў чацвёртаўладнікам Ітурэі і Траханіцкай зямлі, а Лісані чацвёртаўладнікам Авілінеі,

пры архірэях Ганьне і Кайяфе, быў голас Божы да Іоана, сына Заха́равага, у пустыні.
 
пры першасвятары Ганне і Каіяфе, было Божае слова да Іаана, сына Захарыевага, у пустэльні.

І ён праходзіў па ўсіх ваколіцах Іорданскіх, прапаве́дываючы хрышчэньне пакая́ньня дзеля адпушчэньня грахоў,
 
І ён прайшоў усё наваколле Іярдана, абвяшчаючы хрышчэнне пакаяння дзеля адпушчэння грахоў,

як напісана ў кнізе слоў прарока Ісаі, які кажа: голас клíкаючага ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, простымі зрабеце сьце́жкі Яму;
 
як напісана у кнізе слоў прарока Ісаі: «Голас прапаведніка ў пустэльні «Падрыхтуйце дарогу Госпаду, выраўняйце сцежкі Яму;

усякі дол няхай напоўніцца, і ўсякая гара́ і ўзгорак няхай зьнíзяцца, крывулі выпрастуюцца і няроўныя шляхі зробяцца гладкімі;
 
кожны дол хай напоўніцца, кожная гара і пагорак панізіцца, а што крывое, няхай выпрастаецца, а дарогі выбоістыя стануць гладкімі;

і ўгле́дзіць усякае це́ла спасе́ньне Божае (Ісая 40:3−5).
 
І ўбачыць кожнае стварэнне збавенне Божае».

І казаў Іоан народу, які прыходзіў хрысьціцца ў яго: плод яхідніны! хто перасьцярог вас, каб уцякалі ад будучага гне́ву?
 
Дык казаў натоўпам, што выходзілі хрысціцца ў яго: «Гадзючыя выпладкі хто падвучыў вас уцякаць ад будучага гневу?

Зрабе́це-ж годныя пакаяньня плады і ня думайце гаварыць сабе́: бацька ў нас Аўраам; бо кажу вам, што Бог можа з каме́ньняў гэтых падняць дзяце́й Аўрааму.
 
Стварыце ж годныя плады пакаяння і не спрабуйце казаць самім сабе: «Бацька наш Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтага Камення ўзняць дзяцей Аўрааму.

Ужо й сяке́ра ля караня́ дрэваў ляжыць; усякае дрэва, што плоду добрага ня прыносе, зрубаецца й кідаецца ў вагонь.
 
Бо ўжо і сякера прыкладзена да кораня дрэў: кожнае ж дрэва, што добрага плоду не родзіць, будзе высечана і ўкнута ў агонь».

І спытаўся ў яго народ: што-ж нам рабіць?
 
І натоўпы пыталіся ў яго; кажучы: «Што ж нам рабіць?»

Ён жа сказаў ім у адказ: у каго дзьве́ адзе́жыны, той дай таму, хто ня ма́е; і ў каго ёсьць е́жа, рабі тое-ж.
 
Ён жа ў адказ ім казаў: «Хто мае дзве кашулі, няхай падзеліцца з тым, хто не мае, і хто мае харч, няхай тое самае зробіць.»

Прыйшлі і мытнікі хрысьціцца і сказалі яму: вучыцель! што нам рабіць?
 
Прыйшлі ж і мытнікі хрысціцца і сказалі яму: «Настаўніку, што нам рабіць?»

Ён жа адказаў ім: нічога не бярэце больш таго, што назна́чана вам.
 
А ён ім сказаў: «Не патрабуйце больш, чым вызначана вам.»

Пыталіся ў яго таксама й вая́кі: а нам што́ рабіць? І сказаў ім: нікога ня крыўдзьце, не абмаўляйце і здавальняйцеся сваёю платай.
 
Пыталіся ж у яго і воіны, кажучы: «А нам што рабіць?» і сказаў ім: «Нікому не чыніце гвалту, не абвінавачвайце фальшыва і задавальняйцеся платаю сваёю».

Калі-ж народ быў у недаўме́ньні, і ўсе́ думалі ў сэрцах сваіх аб Іоане, ці ня Хрыстос ён?
 
калі ж народ чакаў і ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Іаана, ці не Хрыстос ён сам,

Іоан усім адказаў: я хрышчу вас вадою, але йдзе́ Дужэйшы за мяне́, у каторага я ня варты разьвязаць раме́нь абуцьця: Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём;
 
адказаў Іаан, кажучы ім: «Я вадою хрышчу вас; а ідзе Мацнейшы за мяне, у Якога я няварты развязаць рамень Яго сандаляў; Ён вас будзе хрысіцць Святым Духам і агнём;

лапата Яго ў руцэ Яго, і Ён ачысьціць гумно Сваё і пазьбірае пшаніцу ў сьвіран свой, а садому спаліць агнём няўга́сным.
 
Яго веялка ў руць Яго, каб пільна перачысціць Свой ток і сабраць пшаніцу ў сваю клець, а мякіну спаліць незгасальным агнём».

Многа і другога прапаве́дываў ён народу, навучаючы яго.
 
Ды і шмат іншаму навучаў, абвяшчаючы Добрую Навіну народу.

Ірад жа чацьвертаўладнік, дакара́ны ім за Ірадзіяду, жонку брата яго, Піліпа, і за ўсё, што Ірад зрабіў благога,
 
А Ірад, чацвёртаўладнік, выкрываны ім за Ірадыяду, жонку свайго брата, і за усё, што ён зрабіў ліхога,

дадаў да ўсяго іншага й тое, што пасадзіў Іоана ў вязьніцу.
 
дадаў да ўсяго і тое, што замкнуў Іаана ў цямніцу.

І сталася, як хрысьціўся ўве́сь народ, і Ісус ахрысьціўшыся маліўся, — адчынілася не́ба,
 
І было: калі хрысціўся ўвесь народ і Ісус, ахрысціўшыся, маліўся, расчынілася неба,

і Дух Сьвяты зыйшоў на Яго ў цяле́сным вы́глядзе, як галу́б, і быў голас з не́ба, гаворачы: Ты Сын Мой Улю́блены; цябе́ ўпадабаў Я.
 
і зышоў Святы Дух у цялесным выглядзе, як галубка, на яго і голас з неба пачуўся: «Ты Мой Сын улюбёны, у Табе знайшоў Я задавальненне».

Ісус, пачынаючы Сваё служэньне, быў гадоў трыццацёх і быў, як думалі, сын Язэпаў, Іліяў,
 
А Сам Ісус, распачынаючы, меў гадоў з трыццаць, быў, як думал, сын Іосіфаў, Іліеў,

Матфанаў, Ле́віяў, Мэльхіяў, Іоанаў, Язэпаў,
 
Матфатаў, Левіеў Мелхіеў, Іанаеў, Іосіфаў,

Матафíяў, Амосаў, Навумаў, Ясьлімаў, Наге́яў,
 
Маттафіеў, Амосаў, Навумаў, Есліеў, Наггееў,

Маафаў, Матафіяў, Саме́яў, Язэпаў, Юдзін,
 
Маафаў, Маттафіеў, Семеіеў, Іосіхаў, Іадаеў,

Іоананаў, Рысаеў, Зарававэляў, Саляфіілаў, Нірыяў,
 
Іаананаў, Рысаеў, Дзарававелеў, Салафіілаў, Нірыеў,

Мэльхіяў, Адзіяў, Касамаў, Ялмадамаў, Іраў,
 
Мелхіеў, Аддыеў, Касамаў, Елмаданаў, Іраў,

Есіяў, Еліязэраў, Іярымаў, Матфатаў, Ле́віін,
 
Ісусаў, Еліезераў, Іарымаў, Матфатаў, Левіеў,

Сымэонаў, Юдзін, Язэпаў, Іоананаў, Эліякімаў,
 
Сімяонаў, Юдаў, Іосіфаў, Іанамаў, Еліакімаў,

Мэлеаяў, Маінаінаў, Матафаяў, Натанаў, Давідаў,
 
Мелеаеў, Меннаеў, Маттафаеў, Нафанаў, Давідаў,

Іясе́яў, Авідаў, Ваозаў, Салмонаў, Наасонау,
 
Іессееў, Авідаў, Воасаў, Салаў, Наассонаў

Амінадаваў, Арамаў, Ясромаў, Фарэсаў, Юдзін,
 
Амінадаваў, Адмінаў, Арніеў, Эсромаў, Фарэсаў, Юдаў,

Якубаў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарын, Нахораў,
 
Якаулеў, Ісаакаў, Аўраамаў, Фарыеў, Нахораў,

Сэрухаў, Рагаваў, Фале́каў, Яве́раў, Салін,
 
Серухаў, Рагаваў, Фалекаў, Эвераў, Салаў,

Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Нояў, Ламе́хаў,
 
Каінанаў, Арфаксадаў, Сімаў, Ноеў, Ламехаў,

Матусалаў, Янохаў, Іарэдаў, Малеляіляў, Каінанаў,
 
Мафусалаў, Енохаў, Іарэтаў, Малелеілаў, Каінанаў,

Эносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.
 
Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Божы.