Лукаша 4 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка

 
 

Ісус, напоўнены Духам Сьвятым, вярнуўся ад Іордану і паве́дзены быў Духам у пустыню;
 
Ісус жа поўны Святога Духа, вярнуўся з-па-над Іярдана, і вадзіў Яго Дух у пустэльні

там сорак дзён Ён быў спакуша́ны ад д’ябла й нічога ня е́ў у гэтыя дні; а калі яны скончыліся, урэшце захаце́ў е́сьці;
 
сорак дзён, дзе Яго выпрабоўваў д’ябал. І не еў нічога ў тыя дні, а калі скончыліся яны, адчуў голад.

і сказаў Яму д’ябал: калі Ты Сын Божы, то скажы гэтаму камню зрабіцца хле́бам.
 
І сказаў Яму д’ябал: «Калі Ты Божы Сын, скажы гэтаму каменю, каб ён зрабіўся хлебам».

Ісус сказаў яму ў адказ: напісана, што ня хле́бам адным будзе жыць чалаве́к, але ўсякім словам Божым (Другазаконьне 8:3).
 
І адказаў яму Ісус: «Напісана: Не хлебам адным будзе жыць чалавек [але кожным словам, што зыходзіць з Божых вуснаў!]».

І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе́ царствы сусьве́ту ў імгненьне часу,
 
І, узвёўшы Яго, паказаў Яму ў імгненне часу ўсе царствы зямлі,

і сказаў Яму д’ябал: дам Табе́ ўладу над усімі царствамі і славу іх, бо яна адда́на мне́, і я, каму хачу, даю яе́.
 
І сказаў Яму д’ябал: «Табе дам усю гэтую ўладу і славу іх, бо мне яна перададзена, і я, каму хачу, даю яе.

Дык калі Ты паклонішся мне́, то ўсё будзе Тваё.
 
Вось Ты, калі паклонішся перада мной, будзе ўсё Тваё».

Ісус сказаў яму ў адказ: адыйдзі ад Мяне́, шата́н; напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазаконьне 6:13).
 
І ў адказ Ісус сказаў яму: «Напісана: Госпаду Богу Свайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служьць».

І павёў Яго ў Ерузалім, і паставіў на крыле́ царквы, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
 
І ён павёў Яго ў Ерусалім і паставіў на крыло святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Божы Сын, кінься адсюль уніз;

бо напісана: Ангелам сваім нака́жа пра цябе́ ўсьцерагчы Цябе́;
 
бо напісана: «Сваім Анёлам Ён накажа пра Цябе усцерагчы Цябе».

і на руках панясуць, каб і не даткнуўся да ка́меня нагою Тваёю (Псальм 90:11−12).
 
І: «На руках панясуць Цябе, каб выпадкам не спатыкнуўся аб камень Сваёю нагою.»

Ісус сказаў яму ў адказ: сказана: не спакушай Госпада Бога твайго (Другазаконьне 6:16).
 
І ўу адказ яму сказаў Ісус: «Сказана: «Не выпрабоўвай Госпада Бога свайго.» .

І, скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго дачасу.
 
І, скончыўшы ўсё выпрабаванне, д’ябал адышоў ад Яго да пары да часу.

І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галіле́ю; і разыйшлася чутка пра Яго па ўсёй вакалічнай старане́.
 
І вярнуўся Ісус у моцы Духа ў Галілею. І вестка пра Яго разышлася па усім наваколлі.

І вучыў Ён у школах іх і ад усіх быў сла́ўлены.
 
І Ён вучыў у іх сінагогах, і ўсе Яго славілі.

І прыйшоў у Назарэт, дзе́ быў выхава́ны, і ўвайшоў, на звычаю Свайму, у дзе́нь суботні ў школу, і ўстаў чытаць.
 
І прыйшоў Ён у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і увайшоў Сваім звычаем у суботні дзень у сінагогу, каб чытаць.

І падалі Яму кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў ме́сца, дзе́ было напісана:
 
І падалі Яму кнігу прарока Ісаі, і, развінуўшы скрутак, Ён знайшоў, дзе было напісана:

Дух Гасподні на Мне́: бо Ён памазаў Мяне́ дабраве́сьціць убогім і паслаў Мяне́ аздараўляць разьбітых сэрцам, гаварыць вязьням аб вызвале́ньні і сьляпым аб павароце зроку, пусьціць змучаных на волю
 
Дух Госпада на Мне, бо Ён памазаў Мяне несці Дабравесце ўбогім, паслаў Мяне абвясціць палонным вызваленне і сляпым — зрок, адпусціць прыгнечаных на волю,

і абвяшчаць год Гасподні прые́мны (Ісая 61:1−2).
 
абвясціць пару літасці Гасподняй.

І, зачыніўшы кнігу ды аддаўшы служцы, се́ў; і вочы ўсіх у школе былі зьве́рнены на Яго.
 
І, згарнуўшы скрутак, аддаў слузе і сеў; і вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваны на Яго.

І Ён начаў гаварыць ім: цяпе́р выпаўнілася пісаньне гэтае ў вушах вашых.
 
І пачаў Ён казаць ім: «Сёння спраўдзілася гэтае пісьмо, якое вы чулі.»

І ўсе́ засьве́дчылі яму гэта і дзівіліся ласкавым словам, выходзячым з вуснаў Яго, і гаварылі: Ці не Язэпаў гэта сын?
 
І ўсе сведчылі Яму і дзівіліся ласкавым словам, што зыходзілі з Яго вуснаў, і казалі: «Ці ж гэта не Іосіфаў сын?»

Ён сказаў ім: ве́дама, вы скажаце Мне́ прыказку: ле́кару, вылячы Самога Сябе́; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне, тое, што, мы чулі, было ў Капэрнауме.
 
І Ён сказаў ім: «Вядома, вы скажаце Мне гэтую прымаўку: «Доктару, вылеч самога сябе»; тое, што мы чулі, адбылося ў Капернауме, зрабі і тут у сваёй бацькаўшчыне.»

І сказаў: запраўды кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў ба́цькаўшчыне сваёй.
 
І Ён сказаў: «Папраўдзе кажу вам: Ніводнаму прароку не рады ў сваёй бацькаўшчыне.

Папраўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраілю ў дні Ільлі, калі зачынена было не́ба тры гады і шэсьць ме́сяцаў, так што зрабіўся вялікі голад па ўсей зямлі;
 
На праўду ж кажу вам: шмат было ўдоў у дні Іллі ў Ізраіле, калі зачынілася неба на тры гады і шэсць месяцаў, так што вялікі голад настаў на ўсёй зямлі,

і ні да аднае́ з іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
 
і ні да аднае з іх не быў пасланы Ілля, а толькі ў Сарэпту Сідонскую да жанчыны-ўдавы.

Многа таксама было пракажоных у Ізраілю пры прароку Ялісе́ю, і ніводзін з іх не ачысьціўся, апрача Нэема́на Сірыйца.
 
І шмат было пракажонных у Ізраіле пры Елісеі прароку, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, а толькі Сірыец Нееман».

Пачуўшы гэтае, усе́ ў школе напоўніліся вялікаю злосьцю;
 
І перапоўніліся гневам ўсе ў сінагозе, пачуўшы гэта,

і, устаўшы, выгналі Яго вон з ме́ста і павялі на вяршыну гары, на каторай было пабудована ме́ста іх, каб скінуць Яго.
 
І, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі аж на край гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго;

Але Ён, прайшоўшы сярод іх, пайшоў.
 
Ён жа, прайшоўшы пасярод іх, падаўся далей.

І прыйшоў у Канэрнаум, места Галіле́йскае, і вучыў іх у дні суботы.
 
І спусціуся ў Капернаум, галілейскі горад; і вучыў іх у суботу,

І дзівіліся з навукі Яго, бо ўладная была мова Яго.
 
І яны ўразіліся Яго навукаю, бо Яго слова мела ўладу.

І быў у школе чалаве́к, маючы нячыстага духа шатанскага і ён зае́нчыў моцным голасам:
 
І быў у сінагозе чалавек, які меў духа, дэмана нячыстага, і ён закрычауў моцным голасам:

Пакінь! Што Табе́ да нас, Ісус Назара́нін? Ты прыйшоў загубіць нас; знаю Цябе́, хто Ты, Сьвяты Божы.
 
«Ах, што Табе да нас, Ісусе Назаранне? Ты прыйшоў загубіць нас? Я ведаю Цябе, хто Ты: Божы святы.

Ісус прыкрыкнуў на яго, сказаўшы: змоўкні і выйдзі з яго! І чорт, кінуўшы яго сярод школы, выйшаў з яго, нічога не пашкодзіўшы яму.
 
Ды Ісус забараніў яму, кажучы: «Замоўкні і выйдзі з яго!» І, кінуўшы таго на сярэдзіну, дэман выйшаў з яго, ані не пашкодзіўшы яму.

І напаў на ўсіх вялікі страх, і разважалі між сабою: што гэта за слова такое, што ўладаю і сілаю Ён прыка́звае нячыстым духам, і яны выходзяць?
 
І напаў на ўсіх жах і разважалі яны між сабою, кажучы: «Што гэта за слова? 3 уладаю і моцай загадвае духам нячыстым, і выходзяць яны?»

І разьне́слася чутка аб Ім на ўсіх вакалічных мясцо́х.
 
І розгалас пра Яго разышоўся по ўсіх месцах наваколля.

Выйшаўшы-ж із школы, Ён прыйшоў у дом Сымона; це́шча-ж Сымонава была ў моцнай гарачцы; і прасілі ў Яго за яе́.
 
І, вышаўшы з сінагогі, Ён увайшоў у дом Сімана. Цешча ж Сіманава была апанавана моцнай гарачкаю, і прасілі Яго за яе.

І, стануўшы над ёю, пагразіў гарачцы, і пакінула яе́. Яна тут жа ўстала і служыла ім.
 
І, стаўшы над ёю, Ён забараніў гарачцы, і тая пакінула яе: яна ж, зараз жа ўстаўшы, слугавала ім.

Пры за́хадзе сонца ўсе́, маючыя хворых на розныя хворасьці, прыводзілі іх да Яго; і Ён, кладучы на кожнага з іх рукі, аздараўляў іх.
 
Калі ж сонца заходзіла, ўсе, хто меў хворых на розныя немачы, прывялі іх да Яго: Ён жа, ускладаючы рукі на кожнага з іх, вылечваў іх.

Выходзілі таксама й нячыстыя духі із многіх з крыкам і гаварылі: Ты Хрыстос, Сын Божы. А Ён забараняў ім гаварыць, што яны ве́даюць, што Ён Хрыстос.
 
Выходзілі ж і дэманы з многіх, крычучы і кажучы: «Ты Божы Сын». Ды Ён забараняў і не даваў ім гаварыць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.

Калі-ж настаў дзе́нь, Ён, выйшаўшы з дому, пайшоў у пустыннае ме́сца, і народ шукаў Яго і, прыйшоўшы да Яго, удзе́ржываў Яго, каб ня йшоў ад іх.
 
Калі ж настаў дзень, Ён, выйшаўшы, падаўся ў пустэльнае месца; і натоўпы шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб Ён не адыходзіў ад іх.

Але Ён сказаў ім: і другім ме́стам павінен Я абвяшчаць добрую ве́стку аб Царстве Божым, бо-ж на тое Я пасланы.
 
Ён жа сказаў ім: «І іншым гарадам Я павінен абвяшчаць Добрую Навіну пра Божае Царства, бо на гэта Я пасланы».

І навучаў у школах Галіле́йскіх.
 
І Ён абвяшчаў у сінагогах Іудзеі.