Марка 7 разьдзел

Паводле Марка Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І збіраюцца да Яго фарысеі і некаторыя з кніжнікаў, што прыйшлі з Іерусаліма.
 
Аднойчы сабраліся вакруг Езуса фарызэі ды некаторыя кніжнікі (знаўцы Пісаньня), што прыбылі з Ерузаліму.

І, убачыўшы, што некаторыя з Яго вучняў ядуць хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, [папракнулі],
 
А калі яны замецілі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб бруднымі, значыць ня мытымі рукамі — ганілі іх.

бо фарысеі і ўсе іудзеі, калі не вымыюць старанна рук, не ядуць, пільнуючыся падання старэйшых,
 
Бо фарызэі і ўсе Юдэі не ядуць бяз частага мыцьця рук, захоўваючы традыцыі дзядоў.

і, вярнуўшыся з рынку, калі не абмыюцца, не ядуць і ёсць шмат іншага, чаго яны прынялі пільнавацца: мыцця чашаў, і кубкаў, і меднага посуду, [і лавак] —
 
Таксама не ядуць прыйшоўшы з рынку, пакуль не памыюцца. Па-за гэтым традыцыі іхнія загадваюць берагчы многа іншых рачэй: мыць чашы і збаны, пасуду мядзяную, ложкі.

і пытаюцца ў Яго фарысеі і кніжнікі: Чаму Твае вучні не жывуць паводле падання старэйшых, а нячыстымі рукамі ядуць хлеб?
 
Пасьля пыталіся Яго фарызэі і кніжнікі (вучоныя па Пісаньню): "Чаму вучні Твае не паступаюць (трымаюцца) традыцыяў продкаў, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?"

Ён жа сказаў ім: Добра прарочыў Ісаія пра вас, крывадушных, як напісана: «Гэты народ вуснамі шануе Мяне, сэрца ж іх далёка адстаіць ад Мяне;
 
А Езус у адказ сказаў ім: "Добра пра вас, крывадушнікаў праракаваў Ізаія, як напісана: Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іхняе далёка ад Мяне".

але дарэмна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэнням чалавечым запаведзям.
 
Надарма аднак славяць Мяне вучачы пастановаў прыдуманых людзьмі". (Із. 29:13)

Пакінуўшы запаведзь Божую, вы трымаецеся чалавечага падання [абмывання кубкаў і чашаў і шмат іншага, падобнага да такога, робіце вы].
 
Ня дбаючы пра прыказаньні Божыі беражыцё звычаі (традыцыі) людзкія: абмываньне збаноў і чашаў, шмат таксама іншых гэтым падобных звычаяў трымаецеся.

І казаў ім: Вы спрытна адхіляеце запаведзь Божую, каб ваша паданне захоўваць.
 
Прадаўжаў: "Ці добра, што вы адмяняеце, касуеце (уневажняеце) Закон Божае, каб захаваць вашыя звычаі (традыцыі).

Бо Маісей казаў: «Шануй свайго бацьку і сваю маці» і: «Хто ліхасловіць бацьку ці маці, няхай смерцю памрэ».
 
Майсей вось сказаў, загадаў: "Паважай бацьку сваго і матку сваю — ды, хто зьневажае (кляне) бацьку або матку — хай будзе сьмерцю пакараны". (Вых. 20:12; 21:17)

Вы ж кажаце: «Калі чалавек скажа бацьку ці маці: Карван (гэта значыць дар Богу) тое, чым бы ты ад мяне пакарыстаўся», —
 
А вы вучыце: "Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: Корбан, значыць дар Божы, чым мусіў бы я цябе ўспамагчы,

вы ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі ці маці,
 
ды пры тым вы не пазваляеце яму памагчы бацьку або маці,

адмяняючы слова Божае вашым паданнем, якое вы перадаяце; і шмат падобнага да гэтага вы робіце.
 
перакручваючы Слова Божае праз звычаі (традыцыі) вашыя, якія перадалі, ды многа тым падобных звычаяў спачаняеце".

І, паклікаўшы зноў натоўп, Ён казаў ім: Пачуйце Мяне ўсе і зразумейце!
 
І прыклікаўшы зноў натоўп казаў ім: "Слухайце Мяне ўсе, а ўцяміце.

Няма нічога звонку чалавека, што, уваходзячы ў яго, можа апаганіць яго, але што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
 
Па-за чалавекам няма нічога, што ў яго ўваходзячы магло б яго спаганіць, але тое, што ад чалавека паходзіць — гэта яго паганіць (пракудзіць).

[Калі хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе]17.
 
Калі хто мае вушы — хай слухае.

І калі ад нотоўпу Ён увайшоў у дом, Яго вучні спыталіся ў Яго аб прыпавесці.
 
А калі Езус удаліўся ад людзей і ўвайшоў у дом, пыталіся вучні ягоныя пра сэнс гэтае прыповесьці.

І Ён кажа ім: Няўжо і вы такія някемлівыя? Не разумееце, што ўсё тое, што ўваходзіць звонку ў чалавека, не можа апаганіць яго,
 
Сказаў ім: "Няўжо і вы ня можаце зразумець? Пайміце, што ўсё, што спаза чалавека ўваходзіць у яго, ня можа яго спляміць,

бо ўваходзіць яму не ў сэрца, а ў жывот і ў адыходнае месца выходзіць, чым ачышчаецца ўсялякая ежа.
 
бо тое не пападае ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца, ачышчаючы ўсякую ежу.

Ён жа казаў: Што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
 
Паясьняў далей: "А што з чалавека выходзіць, тое яго паганіць, пляміць.

Бо з сярэдзіны, з сэрца людзей, ліхія развагі выходзяць, распуста, крадзеж, забойствы,
 
Вось з нутра, з сэрца людзей паходзяць: благія думкі, распуснасьць, зладзействы, забойствы,

чужаложства, хцівасць, зласлівасць, подступ, распушчанасць, ліхое вока, блюзнерства, пыха, дурнота;
 
чужалоствы, хцівасьць, круцельствы, подступ, бястыднасьць, завіднасьць, блявузгі, пыхлівасьць, глупота.

усё гэтае ліха з сярэдзіны выходзіць і апаганьвае чалавека.
 
Усё гэта благоцьце (ліхота) з нутра паходзіць ды паганіць чалавека".

І, устаўшы, Ён пайшоў адтуль у ваколіцы Тыра [і Сідона]. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не ўведаў, ды не змог утаіцца;
 
Выйшаўшы адсюль Езус направіўся ў ваколіцы Тыру і Сыдону. Увайшоў у адзін дом і хацеў, каб ніхто аб гэтым ня ведаў, але схавацца ня мог.

бо адразу пачула пра Яго жанчына, у чыёй дачкі быў нячысты дух, і, прыйшоўшы, прыпала да Яго ног;
 
Бо адна жанчына, у якой дачка была апанаваная нячыстым духам, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і пала Яму да ног.

а была жанчына грачанка, сірафінікіянка родам; і прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з яе дачкі.
 
Жанчына гэта была Грэчанка, родам з Сырофеніцыі. Яна прасіла Езуса выгнаць дэмана з ейнай дачкі.

І Ён казаў ёй: Пусці спярша наесціся дзецям, бо нядобра забраць хлеб у дзяцей і кінуць шчанятам.
 
Ён сказаў ёй: "Дазволь перш насыціцца сынам, бо нельга забіраць хлеб ад дзяцей і кідаць яго сабакам".

Яна ў адказ Яму кажа: [Так], Госпадзе, [але] і шчаняты пад сталом ядуць крошкі ў дзяцей.
 
Але яна ў адказ сказала: "Так, Госпадзе, але ж і шчаняты ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей".

І Ён сказаў ёй: За гэтае слова — ідзі, выйшаў дэман з твае дачкі.
 
Сказаў ёй: "Дзеля такой мовы (адказу) ідзі, дэман пакінуў тваю дачку".

І, пайшоўшы ў свой дом, яна знайшла, што дзіця ляжыць на ложку і дэман выйшаў.
 
А калі яна прыйшла дамоў, знайшла дачушку, лежачую на ложку, пакінуту дэманам (дэман выйшаў).

І, зноў выйшаўшы з межаў Тыра, Ён прыйшоў праз Сідон да Галілейскага мора, пасярод межаў Дзесяцігораддзя.
 
Зноў пакінуўшы ваколіцы Тыру праз Сыдон прыйшоў Езус да Галілейскага мора праз ваколіцы Дэкаполя.

І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасцю гаварыў, і просяць Яго, каб усклаў руку на яго.
 
Прывялі да Яго глухога і нямога просячы Яго ўскласьці на яго руку.

І, адвёўшы яго асобна ад натоўпу, Ён уклаў Свае пальцы яму ў вушы і, плюнуўшы, дакрануўся да яго языка,
 
Адвёўшы яго на бок, далей ад народу, уклаў Езус пальцы свае ў ягоны вушы, ды сваёй сьліняй дакрануўся да ягонага языка.

і, узвёўшы вочы ў неба, Ён цяжка ўздыхнуў і кажа яму: «Эффафа», гэта значыць: «Расчыніся».
 
І ўзглянуўшы ў неба, сказаў яму: "Эфорэта: значыць адчыніся!"

І адразу адчыніліся яго вушы, і развязаліся путы яго языка, і ён пачаў гаварыць чыста.
 
І зараз жа адкрыліся вушы ягоныя ды разьвязалася вязь ягонага языка, і ён добра гаварыў

І Ён загадаў ім, каб яны нікому не казалі; але чым больш загадваў, тым больш яны разносілі вестку.
 
І Езус загадаў ім, каб нікому не расказвалі. Але чым болей забараняў, тым больш яны разгалашалі.

І надзвычай дзівіліся, кажучы: Добра ўсё Ён робіць: і глухім дае слых, і нямым — мову.
 
Ды тым больш людзі дзівіліся, кажучы: "Усё добра робіць: і глухім дае, што чуюць, і нямым — што гавораць".