Да Рымлянаў 12 разьдзел
Пасланьне да Рымлянаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Л. Гарошка
Дык прашу вас, браты, міласэрнасцю Божаю аддаць вашы целы ў ахвяру жывую, святую, прыемную Богу, як вашу разумную службу.
І не прыстасоўвайцеся да гэтага веку, а пераўтварайцеся абнаўленнем [вашага] розуму, каб распазнавалі вы, што ёсць воля Божая: што ёсць добрае, што прыемнае Богу і што дасканалае.
Бо я кажу дадзенаю мне ласкаю кожнаму з вас: не думаць пра сябе вышэй, чым належыць думаць, а думаць сціпла, як кожнаму Бог вызначыў меру веры.
Бо як у адным целе мы маем шмат органаў, але не ўсе органы маюць адно і тое ж прызначэнне,
так мы, многія, — адно цела ў Хрысце, а асобна — мы адзін для аднаго розныя органы.
І, маючы розныя дары, згодна з ласкаю, дадзенаю нам: і калі прароцтва — будзем прарочыць суразмерна з вераю,
а калі служэння — будзем верныя ў служэнні, калі хто вучыць — у навучанні,
і калі хто суцяшае — у суцяшэнні; хто дае — у шчырасці; хто кіруе — то з руплівасцю; хто чыніць міласэрнасць — то з радасцю.
Любоў няхай будзе непрытворная. Брыдзьцеся зла, трымайцеся дабра.
Горача любіце адзін аднаго братняю любоўю, апераджайце адзін аднаго ў шанаванні,
У руплівасці не будзьце гультаяватыя, духам палайце, служачы Госпаду.
У надзеі радуйцеся, у горы будзьце стойкімі, у малітве — настойлівыя.
Прымайце ўдзел у патрэбах святых, будзьце гасціннымі.
Добраслаўляйце тых, хто вас гоніць; добраслаўляйце, а не праклінайце.
Радуйцеся з тымі, хто радуецца, [і] плачце з тымі, хто плача.
Будзьце між сабою аднадумныя, не ўпадайце ў высакамер’е, а ідзіце ўслед за сціплымі, не лічыце сябе за разумнікаў.
Не плаціце нікому злом за зло, дбайце загадзя пра добрае для ўсіх людзей.
Калі мажліва, наколькі гэта залежыць ад вас, жывіце ў міры з усімі людзьмі.
Не помсціце за сябе, улюбёныя, але дайце месца гневу Божаму, бо напісана: «У Мяне помста. Я адплачу, — кажа Госпад».
Дык, калі «твой вораг галодны, накармі яго; калі хоча піць — напаі яго; бо, робячы гэта, ты збярэш на яго галаву гарачае вуголле».
Не будзь пераможаны злом, але перамагай зло дабром.