Мацьвея 3 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Міцкевіча (Прускага)
У тыя ж дні прыходзіць Іаан Хрысціцель і прапаведуе ў Іудзейскай пустэльні,
У тыя-ж дні прыйшоў Ян Хрысціцель, навучаючы ў пустыні Юдэйскай.
[і] кажа: кайцеся: бо наблізілася Царства Нябеснае.
І прамаўляў: «Пакайцеся, бо наблізілася Ўладарства Нябеснае».
Бо гэта той, пра каго сказана праз Ісаію прарока, які кажа: Голас звестуна ў пустэльні: «Падрыхтуйце дарогу Гасподнюю, простымі зрабіце Яго сцежкі».
Гэта ёсьць Той, пра Каго вяшчаў прарок Ісая, кажучы: «Голас яго поклічу ў пустыні: прыгатуйце шлях Госпаду, прастуйце сьцежкі Яго».
Сам жа Іаан меў адзенне з вярблюджай шэрсці і скураны пояс на паясніцы сваёй; а яго спажывай былі саранча і дзікі мёд.
Сам-жа Ян меў адзеньне з воласу вярблюжага, і скураны пояс на паясьніцы сваёй; яда-ж яго была саранча й дзікі мёд.
Тады выходзіў да яго Іерусалім і ўся Іудзея, і ўся Іарданская ваколіца;
Тады выходзілі да яго — Ерусалім, і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярданскія;
і хрысціліся ад яго ў рацэ Іардане, вызначаючы свае грахі.
І прыймалі хрышчэньне ад яго ў Ярдане, выспаведваючы грахі свае.
Але, убачыўшы шмат фарысеяў і садукеяў, што ішлі да яго хрысціцца, сказаў ім: Гадзючыя выпладкі, хто падказаў вам уцякаць ад будучага гневу?
Калі ж ён убачыў многа фарысеяў і садукеяў, якія йшлі да яго хрысціцца, сказаў ім: «Параджэньне зьмяінае! Хто ўгаварыў вас уцякаць ад будучага гневу?
Дык стварыце плод, годны пакаяння;
Учынеце-ж плён, дастойны пакаяньня.
і не думайце казаць самім сабе: «Бацька ў нас Аўраам». Бо кажу вам, што Бог можа з гэтых камянёў узвесці дзяцей Аўрааму.
І ня важцеся гаварыць самі сабе: маем айца Абрагама; бо кажу вам: Бог можа з каменьняў гэтых узьняць дзяцей Абрагаму.
Ужо і сякера ляжыць пры корані дрэў; бо кожнае дрэва, што не родзіць добрага плоду, ссякаюць і кідаюць у агонь.
Ужо й сякера пры карэньні дрэва паложана; усякае дрэва, якое не дае добрага плёну, сьсякаюць і ў агонь кідаюць.
Я хрышчу вас у вадзе на пакаянне, але Той, Хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, я не варты панесці Яго сандаляў; Ён будзе хрысціць вас Святым Духам і агнём;
Я хрышчу вас вадою ў пакаяньне, але йдзе па мне мацнейшы за мяне; Яму я недастойны несьці абутак Ягоны; Ён будзе хрысьціць вас Духам Сьвятым і агнём.
Яго веялка ў Яго руце, і Ён ачысціць Свой умалот і збярэ Сваю пшаніцу ў засекі, а мякіну спаліць непагасным агнём.
Веялка Яго ў руцэ Ягонай; і Ён ачысьціць гумно сваё й зьбярэ пшаніцу сваю ў сьвіран, а мякіну спаліць агнём незгасальным».
Тады прыходзіць Ісус з Галілеі на Іардан да Іаана, каб хрысціцца ад яго.
Тады прыйходзіць Ісус з Галілеі на Ярдан да Яна, хрысьціцца ад яго.
Іаан жа стрымліваў Яго, кажучы: Я павінен хрысціцца ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?
Ян-жа ўстрымліваў Яго, кажучы: «Мне-б трэба хрысьціцца ў Цябе, а не Табе прыйходзіць да мяне».
Ісус жа ў адказ сказаў яму: Дазволь цяпер; бо гэтак належыць нам выканаць усю праўду. — Тады ён дазваляе Яму.
Але Ісус прамовіў яму ў адказ: «Дапусьці цяпер, так бо належыць нам выканаць усякую праўду». Тады Ян дапускае Яго.
І, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады, і вось, расчыніліся [Яму] Нябёсы і ўбачыў, як Дух Божы зыходзіць, нібы голуб, [і] спускаецца на Яго.
І, ахрысьціўшыся, Ісус зараз-жа выйшаў з вады, і вось расчыніліся Яму нябёсы. І ўбачыў Духа Божага, які зыходзіў у выглядзе голуба й спускаўся на Яго.
І вось, голас з нябёсаў кажа: Гэта Мой Сын улюблёны, у Якім Маё задавальненне.
І вось голас зь неба прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, Якому Я спрыяю».