Да Галятаў 4 разьдзел
Пасланьне да Галятаў
Пераклад Анатоля Клышкi → Пераклад Яна Станкевіча
Але я кажу: спадкаемец, пакуль ён непаўналетні, нічым не адрозніваецца ад раба, хоць ён і гаспадар усяго,
Вось жа скажу: пакуль спадкаемца бязьлетак, ён нічым ня розьніцца ад нявольніка, хоць і спадар усяго;
але знаходзіцца пад апекунамі і домакіраўнікамі да часу, вызначанага бацькам.
Але ён падданы апякуном а дамаверам аж да року айцом прызначанага.
Так і мы, калі былі дзецьмі, былі ў нявольніцтве ў стыхій свету;
Гэтак і мы, пакуль былі бязьлеткамі, былі паняволены наваламі сьвету;
але прыйшла паўната часу, Бог паслаў Свайго Сына, Які нарадзіўся ад жанчыны, нарадзіўся пад законам,
Але як прышла паўніня часу, Бог паслаў Сына Свайго, народжанага із жонкі, народжанага пад Законам,
каб Ён выкупіў падзаконных, каб мы атрымалі ўсынаўленне.
Каб адкупіць тых, што пад Законам, каб мы адзяржалі ўсынаўленьне.
А таму што вы — сыны, то Бог паслаў у нашы4 сэрцы Духа Свайго Сына, які ўсклікае: Авва, Татухна!
А як вы сынове, Бог паслаў у сэрцы вашыя Духа Сына Свайго, Каторы гукае: «Аўва, Войча!»
Так што ты ўжо не раб, а сын; а калі сын, то і нашчадак праз Бога5.
Затым ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык спадкаемца Божы пераз Хрыста.
Але тады, не ведаючы Бога, вы былі ў рабстве ў тых, хто з прыроды не багі.
Але тады запраўды, ня знаўшы Бога, вы былі ў няволі ў тых, што з прыроды не багі;
Цяпер жа, пазнаўшы Бога, ці хутчэй, пазнаныя Богам, як жа вы зноў вяртаецеся да слабых і бедных стыхій, якім зноў нанова хочаце аддацца ў рабства?
Цяпер жа, пазнаўшы Бога, або валей кажучы, будучы пазнаныя Богам, нашто зварачаецеся ізноў да кволых а галетных навалаў, у каторых ізноў нанава хочаце быць у няволі?
Вы прытрымліваецеся дзён, месяцаў, пораў і гадоў.
Назірайце дні а месяцы а поры а гады.
Баюся за вас, ці не марна я працаваў у вас.
Баюся за вас, ці запраўды не дарма я працаваў меж вас.
Будзьце як я; бо і я, як вы; браты, малю вас; вы мяне нічым не пакрыўдзілі;
Будзьце, як я; бо я, як вы; браты, прашу вас. Вы нічым ня ўкрыўдзілі мяне.
і вы ведаеце, што я ў немачы цела добравесціў вам першы раз;
Бо ведаеце, што ў кволасьці цела я абяшчаў Евангелю вам уперад,
і тым, што было ў маім целе выпрабаваннем для вас, вы не пагарджалі і не адкінулі з грэбаваннем, а як Анёла Божага прынялі мяне, як Хрыста Ісуса.
І спакусы мае ў целе маім вы ўлегцы ня мелі, і не адхінулі з грэбаваньням, але прынялі мяне, як ангіла Божага, як Хрыста Ісуса!
Дык дзе ж тое шчасце ваша? Бо я сведчу вам, што, калі б было можна, вы вырвалі б вочы свае і далі б мне.
Што за шчасьце тады было ваша! Сьветчу вам, што, калі б льга было, вы вылупілі б вочы свае і далі імне.
Так ці зрабіўся я вашым ворагам, кажучы вам праўду?
Дык нягож я стаў непрыяцелям вашым, кажучы вам праўду?
Тыя рупяцца пра вас не з добрых намераў, а хочуць вас адлучыць, каб вы рупіліся аб іх.
Ня добрая рупатлівасьць іхная праз вас, бо хочуць аддзяліць вас, каб вы рупіліся празь іх.
Добра ж рупіцца аб добрым заўсёды, а не толькі тады, калі я знаходжуся ў вас.
Добры рупіцца заўсёды праз добрае, а ня толькі, як я прытомны ў вас.
Дзеці мае, якіх я зноў у пакутах нараджаю, пакуль не выявіцца ў вас Хрыстос;
Дзеткі мае, дзеля каторых я ізноў у трудненьню, пакуль не ўхармуецца ў вас Хрыстос!
я хацеў бы цяпер быць у вас і змяніць мой голас, таму што я не магу зразумець вас.
Зычыў бы я цяпер быць із вамі і адмяніць голас свой, бо я заклапочаны ўзглядам вас.
Скажыце мне тыя, хто хоча быць пад законам, ці ж вы не чуеце закона?
Скажыце імне вы, што зычыце быць пад Законам, хіба вы ня слухаеце Закону?
Бо напісана, што ў Аўраама было два сыны: адзін ад служанкі і адзін ад вольнай.
Бо напісана, што Абрагам меў двух сыноў, аднаго зь нявольніцы, а другога з вольніцы.
Але той, што ад служанкі, быў народжаны паводле цела, а той, што ад вольнай, — праз абяцанне.
Але тый, што зь нявольніцы, быў народжаны подле цела; а тый, што з вольніцы — подле абятніцы.
У гэтым ёсць іншасказанне: бо гэта два запаветы, адзін — ад гары Сінай, што нараджае дзяцей для рабства, гэта Гагар.
У гэтым ёсьць атумекі; бо гэта дзьве змовы: адна з гары Сынайскае, што родзе ў няволю, каторая ё Гаґар,
Гагар жа ёсць гара Сінай у Аравіі; і адпавядае яна цяперашняму Іерусаліму, бо ён у рабстве са сваімі дзецьмі.
бо Гаґар ё гара Сынай ув Арабе і адказуе цяперашняму Ерузаліму, бо ён ізь дзецьмі сваімі ў няволі.
А вышні Іерусалім вольны, гэта наша6 маці;
А вышні Ерузалім вольны; ён — маці ўсіх нас.
бо напісана: «Узвесяліся, бясплодная, якая не нараджала, усклікні і закрычы, якая не пакутавала родамі, бо шмат дзяцей у адзінокай, а не ў той, якая мае мужа».
Бо напісана: «Цешся бясплодная, каторая не радзіла; крыкні а загукай ты, што ня труднішся родамі; бо ў пакіненай шмат болей дзяцей, чымся ў маючай мужа».
Вы ж, браты, — дзеці абяцання, як Ісаак.
А мы, браты, дзеці абятніцы подле зразы Ісака.
Але як тады народжаны паводле цела гнаў таго, хто ад Духу, так і цяпер.
Але як тады народжаны подле цела перасьледаваў народжанага подле духа, так і цяперака.
Але што кажа Пісанне?: «Выгані служанку і яе сына; бо ў ніякім разе сын служанкі не будзе спадкаемцам разам з сынам вольнай».
Але што кажа Пісьмо? «Выкінь нявольніцу й сына ейнага, бо ніяк сын нявольнічын ня будзе спадкаемцам разам із сынам вольнічыным».
Таму, браты, мы дзеці не служанкі, а вольнай.
Дык, браты, мы дзеці не нявольнічыны, але вольнічыны.