Яна 9 разьдзел
Паводле Яна Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Міхася Міцкевіча → Пераклад В. Гадлеўскага
І прайходзячы, убычыў чалавека, сьляпога ад нараджэньня.
І праходзячы Езус угледзеў чалавека сьляпога ад нараджэньня.
Вучні-ж Ягоныя спыталіся ў Яго, кажучы: — Раўві! хто зграшыў, ці ён, ці бацькі ягоныя, што сьляпым урадзіўся?
І спыталіся ў яго вучні ягоны: Раббі, хто саграшыў, ён, ці бацькі ягоны, што сьляпым нарадзіўся?
Ісус адказаў: — не зграшыў ні ён, ані бацькі ягоныя, але сталася, каб выявіліся на ім чыны Божыя.
Адказаў Езус: Ані ён не саграшыў, ані бацькі ягоны, але каб выявіліся ў ім чыны Божыя.
Мне належыць тварыць чыны Таго, Хто паслаў Мяне, пакуль ёсьць дзень; прыйходзіць ноч, калі ніхто ня можа дзеяць.
Мне трэба чыніць чыны таго, каторы паслаў мяне, пакуль дзень; надыходзіць ноч, калі ніхто ня можа чыніць.
Пакуль Я ў сьвеце, Я — Сьвятло сьвету.
Пакуль я на сьвеце, я ёсьць сьвятло сьвету.
Сказаўшы гэта, плюнуў на зямлю, і зрабіў мул з сьліны, і памазаў мулам вочы сьляпому.
Сказаўшы гэтае, ён плюнуў на зямлю і зрабіў з сьліны балота і памазаў балотам вочы ягоны
І сказаў яму: — ідзі ўмыйся ў купальні Сілаам, што азначае — пасланы; і ён пайшоў умыўся і вярнуўся відушчым.
і сказаў яму: ідзі, умыйся ў саджалцы Сілоэ (што тлумачыцца «Пасланы»). Дык ён пайшоў і ўмыўся, і прыйшоў відзючы.
Суседзі-ж і тыя, якія бачылі яго сьляпым, гаварылі: — ці ня той гэта, які сядзеў і жабраваў?
Дык суседзі і тыя, што яго перад тым бачылі, што быў жабраком, казалі: Ці ня той гэта, што сядзеў і жабраваў? Адны казалі: Што гэта той;
І некаторыя гаварылі: — гэта ён, іншыя — падобны на яго; ён-жа казаў — гэта я.
а другія: Не, але да яго падобны. Ён-жа казаў: што гэта я.
Тады пыталіся ў яго: — як-жа адчыніліся вочы твае?
Дык казалі яму: як-жа адчыніліся табе вочы?
І ён сказаў у адказ сказаў: — Чалавек, называны Ісус, зрабіў мул і памазаў вочы мае і сказаў мне: — пайдзі ў купальню Сілаам і ўмыйся; я пайшоў, умыўся і стаў бачыць.
Ён адказаў: Той чалавек, каторы завецца Езус, зрабіў балота і памазаў мае вочы і сказаў мне: «ідзі да саджалкі Сілоэ і ўмыйся». І я пайшоў, і ўмыўся, і віджу.
Тады сказалі яму: — дзе Ён; і ён адказаў — ня ведаю.
І сказалі яму: Дзе ён? Сказаў: ня ведаю.
І павялі былога сьляпца да фарысеяў.
Прывялі таго, што быў сьляпым, да фарызэяў.
А была сыбота, калі Ісус зрабіў мул, і адчыніў яму вочы.
А была субота, калі Езус зрабіў балота і адчыніў вочы ягоны.
Пыталіся ў яго таксама і фарысеі, як ён празрэў; ён сказаў ім: — мул налажыў Ён на мае вочы, і я ўмыўся і стаў бачыць.
Дык ізноў пыталіся ў яго фарызэі, як стаў відзець? Ён-жа сказаў ім: Балота палажыў мне на вочы, і я ўмыўся, і віджу.
Некаторыя з фарысеяў гаварылі: — не ад Бога гэты Чалавек, калі не перасьцярагае сыботы; іншыя-ж гаварылі: як можа чалавек грэшны тварыць такія цуды; і была між імі спрэчка.
Дык казалі некаторыя з фарызэяў: Не ад Бога гэты чалавек, што не захоўвае суботы. Другія-ж казалі: Як можа чалавек грэшны чыніць гэтыя знакі? І была спрэчка паміж імі.
І зноў кажуць сьляпому: — што ты скажаш пра Яго, бо Ён-жа адчыніў табе вочы? і ён сказаў — гэта прарок.
Дык сказалі ізноў сьляпому: Ты што кажаш аб тым, што адчыніў твае вочы? Ён-жа сказаў: Што гэта прарок.
Не паверылі тады юдэі, што ён быў сьляпы, ды празрэў, пакуль не паклікалі бацькоў былога сьляпога.
Дык ня верылі жыды аб ім, што ён быў сьляпы і стаў відзець, пакуль не паклікалі бацькоў таго, што стаў відзець,
І спыталіся ў іх: — ці гэта ваш сын, пра якога вы кажаце, што нарадзіўся сьляпым, як-жа ён цяпер бачыць.
і спыталіся ў іх, кажучы: Гэта ваш сын, аб каторым вы кажаце, што сьляпым нарадзіўся? Дык як-жа цяпер відзіць?
Бацькі яго ў адказ ім сказалі: — мы ведаем, што гэта сын наш і што ён нарадзіўся сьляпым.
Адказалі ім бацькі ягоны і сказалі: Мы ведаем, што гэта наш сын і што сьляпым нарадзіўся;
Але як ён цяпер бачыць, ня ведаем; таксама ня ведаем, хто адчыніў яму вочы; сам ён дарослы, самога спытайцеся, няхай скажа пра сябе сам.
але як цяпер відзець, ня ведаем; або хто адчыніў вочы ягоны, мы ня ведаем. У самога пытайце, ён мае гады, няхай сам аб сабе гаворыць.
Гэтак адказалі бацькі яго, бо баяліся юдэяў, якія ўжо згаварыліся, каб кажнага, хто прызнае Яго за Хрыста, адлучаць ад сынагогі.
Гэта сказалі бацькі ягоны, бо баяліся жыдоў; бо жыды ўжо былі змовіўшыся, што калі-б хто прызнаў яго за Хрыста, каб быў вылучаны з бажніцы.
Дзеля такго бацькі і сказалі: — ён дарослы, пытайце самога.
Дзеля гэтага бацькі ягоны сказалі: што мае гады, у самога пытайце.
Тады другі раз заклікалі чалавека, які быў сьляпы і сказалі яму: — уздаў хвалу Богу; мы ведаем, што Чалавек Той грэшнік.
Дык паклікалі ізноў таго чалавека, што быў сьляпым, і сказалі яму: Дай славу Богу. Мы ведаем, што той чалавек ёсьць грэшны.
Ён адказаў ім: — ці Ён грэшнік, я ня ведаю; адно ведаю, што быў я сьляпы, а цяпер бачу.
Ён-жа сказаў ім: Ці ён грэшны, ня ведаю; адно ведаю, што я быў сьляпы, цяпер віджу.
І зноў сказалі яму: — што Ён зрабіў табе? як адчыніў табе вочы?
Дык сказалі яму: Што ён табе зрабіў? Як адчыніў табе вочы?
І ён адказаў ім: — я ўжо сказаў вам, і вы ня слухалі; што яшчэ хочаце пачуць? хіба і вы хочаце стацца вучнямі Ягонымі?
Адказаў ім: Я вам ужо сказаў і вы чулі, нашто ізноў хочаце чуць? Ці і вы хочаце стацца ягонымі вучнямі?
Яны-ж злаялі яго і сказалі яму: — ты будзь Ягоным вучнем, а мы вучні Майсея.
Яны-ж злаялі яго і сказалі: Ты будзь ягоным вучнем, а мы вучні Майсея.
Мы ведаем, што Бог гаварыў Майсею, а Гэтага ня ведаем, адкуль Ён.
Мы ведаем, што да Майсея гаварыў Бог, а гэтага ня ведаем, адкуль ён.
І сказаў ім чалавек гэты ў адказ: — вось гэта і дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль Ён, а Ён адчыніў мне вочы.
Адказаў той чалавек і сказаў ім: Гэта бо дзіўна, што вы ня ведаеце, адкуль ён, а ён адчыніў вочы мае.
А мы ведаем, што грэшнікаў Бог ня слухае, але хто Богу пакараецца і выканвае волю Ягоную, таго слухае.
А мы ведаем, што грэшных Бог ня слухае; але калі хто ёсьць паклоньнікам Божым і чыніць ягону волю, таго выслухоўвае.
Адвеку нячутно, каб хто адчыніў вочы сьляпому ад нарадэньня.
Ад веку ня чуваць было, каб хто адчыніў вочы сьлепанароджанага.
Калі-б Ён ня быў ад Бога, ня мог бы тварыць нічога.
Калі-б ён ня быў ад Бога, ня мог-бы нічога ўчыніць.
Яму-ж у адказ сказалі: — у грахох ты ўвесь урадзіўся, і ці табе нас вучыць? і выгналі яго вон.
Яны адказалі і сказалі яму: У грахох ты ўвесь нарадзіўся і ты нас вучыш? І выкінулі яго проч.
Ісус, дачуўшыся, што яго прагналі вон, і знайшоўшы яго, сказаў яму: — ці верыш ты ў Сына Божага?
Пачуў езус, што яго выкінулі проч, і знайшоўшы яго, сказаў яму: Ты верыш у Сына Божага?
— Ён адказаў, кажучы: — а Хто Ён, Госпадзе, каб мне верыць у Яго?
адказаў той і сказаў: Хто ён, Пане, каб мне верыць у яго?
І сказаў яму Ісус: — і бачыў ты Яго, і Ён гаворыць з табою — Ён ёсьць.
І сказаў яму Езус: І бачыў ты таго, і той, што гаворыць з табою, гэта ён.
Ён-жа сказаў: — веру, Госпадзе, і пакланіўся Яму.
Ён-жа сказаў: Веру, Пане. І ўпаўшы, пакланіўся яму.
І сказаў Ісус: — на суд Я прыйшоў у сьвет гэты, каб нявідушчыя празрэлі, а відушчыя сьляпымі сталі.
І сказаў Езус: На суд я прыйшоў на гэты сьвет, каб тыя, што ня відзяць, відзелі, а тыя, што відзяць, сталіся сьляпымі.
Пачуўшы гэтае, некаторыя з фарысеяў сказалі Яму: — няўжо і мы сьляпыя?
І пачулі некаторыя з фарызэяў, якія былі з ім, і сказалі яму: Няўжо і мы сьляпыя?
Ісус сказаў ім: — калі-б вы былі сьляпыя, ня мелі-б на сабе грэху, але калі вы гаварыце, што бачыце, то грэх застаецца на вас.
Сказаў ім Езус: Калі-б вы былі сьляпыя, то ня мелі-б граху, але цяпер вы кажаце: «што відзім». Грэх ваш астаецца.