Мацьвея 7 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал
Ня судзіце, каб і вам ня быць засуджанымі.
Не судзіце, каб вы не былі суджаны.
Бо якім судом судзіце, (такім і) будзеце суджаны. І якою меркаю мераеце, гэткай і вам будзе адмерана.
Бо якім судам вы будзіце судзіць, такім і вас асудзяць, ды якою меркай вы будзеце мераць, такою вам адмераць.
І што ты выглядаеш парушынку ў воку брата твайго, а бервяна ў сваім воку ня адчуваеш?
Чаму ж гэта ў воку брата свайго стрэмку відзеце, а бэлькі ў сваім воку не бачыце?
Альбо як скажаш брату твайму: дай, я выму парушынку з вока твайго; а вось у тваім воку бервяно?
Або як маеш адвагу сказаць брату свайму: пазволь выняць стрэмку з вока твайго, а вось бэлька ў тваім воку.
Крывадушнік! Вымі спачатку бервяно з вока твайго і тады ўбачыш, як выняць парушынку з вока брата твайго.
Крывадушніку, выкінь перш бэльку з свайго вока, а затым праглянеш, каб выкінуць стрэмку з вока брата свайго.
Ня давайце сьвятога сабакам і ня кíдайце пэрлаў вашых перад сьвіньнямі, каб ня патапталі іх нагамі сваімі, і адвярнуўшыся, ня разарвалі вас.
Не кідайце сабакам таго, што сьвятое, ды ня кідайце жамчужын пад ногі сьвіней, каб яны іх не патапталі сваімі нагамі дый адвярнуўшыся не разарвалі вас.
Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайцеся, і будзе вам адчынена.
Прасіце а будзе вам дадзена. Шукайце, а знойдзеце. Стукайце, а адчыняць вам.
Бо кожны, хто просіць, атрымлівае, і, хто шукае, знаходзіць, і хто стукаецца, таму будзе адчынена.
Бо кожны, хто просіць — атрымоўвае, а хто шукае — знаходзіць. А хто стукае — таму адчыняюць.
Ці ёсьць сярод вас які чалавек, калі сын ягоны папросіць у яго хлеба, то падасьць яму камень?
Ці ня ёсьць хто між вамі, каб даў сыну свайму камень, калі ён просіць хлеба?
І калі папросіць рыбы, то падасьць яму зьмяю?
Або, каб хто просіць аб рыбу, а даў яму хто зьмяю?
Дык вось, калі вы, будучы благімі, умееце даваць дары добрыя дзецям вашым, тым больш Ба́цька ваш, Які ёсьць у Нябёсах, дасьць даброты тым, хто папросіць у Яго.
Дык калі вы будучы благімі, умееце даваць дзецям сваім добрыя дарункі, дык куды больш Айцец ваш, Каторы ў небе, дае добрыя рэчы тым, якія Яго просяць.
Пагэтаму заўсёды, як хочаце, каб людзі ставіліся да вас, так і вы стаўцеся да іх. Бо ў гэтым ёсьць (сэнс) Закону і Прарокаў.
Дык усё, што хочаце, каб вам рабілі людзі і вы самі ім рабіце. На гэтым Закон і Прарокі.
Уваходзьце цераз уваход вузкі, бо шырокі ўваход і вольны той шлях, які вядзе да загубы, і многія ідуць па ім;
Уваходзьце праз вузкую браму, бо шырокая брама і прасторная дарога вядзе на загубу, ды многа такіх, што праз яе ўваходзяць.
бо вузкі ўваход і цесны той шлях, які вядзе ў жыцьцё, і нямногія знаходзяць яго.
А як цесная аднак брама і вузкая дарога, што вядзе ў жыцьцё, дык як нямнога такіх, якія яе знаходзяць.
Дык асьцерагайцеся ад ілжывых прарокаў, якія прыходзяць да вас у авечым выглядзе, а ўнутры (яны) ваўкі драпежныя.
Сьцеражыцеся фальшывых прарокаў, што да вас прыходзяць у авечым адзеньні, а ў нутры драпежныя ваўкі.
Па пладох іхніх пазнаеце іх. Ці зьбіраюць зь цярноўніку вінаград, альбо зь дзядоўніку смоквы?
Па пладах іхніх — пазнаеце іх. Няўжо з церна сабіраюць вінаград або з асоту — фігі?
Гэтак, усякае дрэва добрае прыносіць плады добрыя, а пашкоджанае дрэва прыносіць плады благія.
Так кожнае дрэва добрае родзіць добрыя плады, а благое дрэва родзіць ліхія плады.
Ня можа дрэва добрае прыносіць плады благія, а дрэва сапсаванае — прыносіць плады добрыя.
Добрае дрэва ня можа радзіць благіх пладоў, а благое дрэва ня родзіць добрых пладоў.
Усякае дрэва, якое ня прыносіць плоду добрага, сьсякаюць і кіда́юць у вагонь.
Кожнае дрэва, каторае ня родзіць добрага плоду, будзе выкарчавана і кінута ў агонь.
Дык вось, па пладох іхніх пазнаеце іх.
Дык вось па пладах іхніх пазнаеце іх.
Ня ўсякі, хто кажа Мне: Госпадзе! Госпадзе! увойдзе ў Валадарства Нябёсаў, а той, хто выконвае волю Ба́цькі Майго, Які (ёсьць) у Нябёсах.
Ня кожны, хто Мне кажа: Госпадзе, Госпадзе — увойдзе ў Каралеўства Нябеснае. Але той, хто спаўняе волю Айца майго, Які ў небе, той увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.
Многія скажуць Мне ў той дзень: Госпадзе! Госпадзе! ці ня Тваім Імем (мы) прарочылі? і ці ня Тваім Імем (мы) выганялі дэманаў, і ці ня Тваім Імем (мы) многія цуды ўчынялі?
У той дзень многія мне скажуць: Госпадзе, Госпадзе! Няўжо мы не праракавалі ў імя Тваё? Ды ці не ў імя Тваё выганялі дэманаў? Ды ці не ў імя Тваё чынілі цуды?
І тады абвяшчу ім: (Я) ніколі ня ведаў вас; адыйдзецеся ад Мяне (вы), што чыніце бяззаконьне.
А Я тады скажу ім: Ніколі Я вас не знаў. Ідзіце проч ад Мяне, вы, што творыце беззаконьня.
Дык вось, кожнага, хто слухае Словы Мае гэтыя і выконвае іх, прыпадоблю яго да чалавека мудрага, які пабудаваў дом свой на камені.
Кожны тады, хто слухае Мае словы ды спаўняе іх, падобны да разумнага чалавека, які збудаваў свой дом на скале.
І пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і рынуліся на той дом; і ён ня ўпаў, бо быў пастаўлены на камені.
Пайшлі дажджы, разьліліся рэкі, падулі віхры, нахлынулі на той дом і ён не заваліўся, бо быў пабудаваны на скале.
А ўсякі, хто слухае Словы Мае гэтыя і ня выконвае іх, прыпадоблены будзе чалавеку няразумному, які пабудаваў дом свой на пяску;
А гэтых слоў Маіх не слухае і не спаўняе іх, падобны да неразумнага чалавека, які збудаваў свой дом на пяску.
і пайшоў дождж, і разліліся рэкі, і падзьмулі вятры, і налеглі на дом той, і ён заваліўся, і было падзеньне ягонае вялікае.
Лінулі дажджы, падняліся рэкі, падулі гураганы і ўдарылі ў той дом. І заваліўся ён, і падзеньне яго страшнае.
І сталася, калі скончыў Ісус словы гэтыя, людзі дзівіліся вучэньню Ягонаму:
І калі Езус закончыў гэтыя словы (павучэньні), захапляліся грамады дзеля павучэньняў Яго.
бо Ён вучыў іх, як Той, Хто мае ўладу, а ня як кніжнікі.
Бо вучыў Ён, як Той, Хто мае ўладу, а не як іх вучоныя па Пісаньню і фарызэі вучылі.