Мацьвея 9 разьдзел

Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

І, увайшоўшы ў човен, Ён пераплыў і прыйшоў у Сваё места.
 
Затым Езус увайшоўшы ў лодку пераправіўся і прыбыў у свой горад.

І вось прынесьлі да Яго спаралізаванага, ляжачага на пасьцелі. І, убачыўшы веру іхную, Ісус сказаў спаралізаванаму: мацуйся дзіця! дараваны табе грахі твае.
 
А зараз прынесьлі да Яго спараліжаванага, лежачага на ложку. А бачачы іхнюю веру, Езус сказаў спараліжаванаму: "Вер сыне, адпускаюцца табе твае грахі."

І вось нікаторыя з кніжнікаў сказалі самі ў сабе: Ён блюзьніць.
 
А вось жа некаторыя з вучоных па Пісаньню думалі сабе: "Ён блюзьніць"

І, убачыўшы іхныя думкі, Ісус сказаў: чаму вы думаеце злое ў сэрцах вашых?
 
Езус жа пранікшы іх думкі, сказаў: "Чаму ліха думаеце ў вашых сэрцах?

Бо што лягчэй сказаць: «дараваны табе грахі», ці сказаць: «устань і хадзі»?
 
Што лягчэй сказаць: "Адпушчаюцца табе грахі, ці таксама: "Устань і хадзі?"

Але, каб (вы) ведалі, што Сын Чалавечы мае ўладу на зямлі дараваць грахі, — тады кажа спаралізаванаму: устаўшы, вазьмі пасьцель тваю і ідзі ў дом твой.
 
А каб вы ведалі, што Сын Чалавечы мае на зямлі моц (уладу) адпушчаньня грахоў, таму кажа спараліжаванаму: "Устань, вазьмі ложак твой і ідзі дамоў."

І, устаўшы, ён пайшоў у дом свой.
 
Дык той устаў і пайшоў да дому свайго.

Убачыўшы ж (гэтае), людзі зьдзівіліся і праславілі Бога, Які даў такую ўладу людзям.
 
Бачачы гэта грамады праняліся страхам і славілі Бога, што даў такую моц людзям.

І калі Ісус праходзіў адтуль, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, называнага Мацьвеям, і кажа яму: «ідзі за Мною». І, устаўшы, ён пайшоў усьлед за Ім.
 
Ды адыходзячы адтуль убачыў Езус чалавека, імем Матэвуш, каторы сядзеў пры мыце. Дык сказаў яму: "Хадзі за Мной!" І ён падняўшыся пайшоў за Ім.

І сталася, як Ён узьляжаў у доме, і вось многія мытнікі і грэшнікі, прыйшоўшы, узьляглі зь Ісусам і вучнямі Ягонымі.
 
Калі ў доме Матэвуша Езус сядзеў за сталом, разам з Езусам і Яго вучнямі сядзела многа мыткікаў і грэшнікаў.

І, убачыўшы, хварысэі сказалі вучням Ягоным: чаму ваш Настаўнік есьць (і п’е) з мытнікамі і грэшнікамі?
 
Бачачы гэта фарызэі казалі вучням Ягоным: "Чаму з мытнікамі і грэшнікамі есьць ваш Вучыцель?"

А Ісус, пачуўшы (гэтае), сказаў ім: ня здаровыя маюць патрэбу ў лекары, але хворыя.
 
А пачаўшы гэта Езус сказаў: "Не трэба лекара здаровым але тым, што блага чуюцца.

І, пайшоўшы, навучыцеся, што азначае: міласэрнасьці хачу, а ня ахвяры. Бо Я прыйшоў ня праведных, але грэшных заклікаць да пакаяньня.
 
Дык ідзіце і навучыцеся менавіта: "Міласэрдзя хачу, а не ахвяры" (Оз. 6:6). Бо не прыйшоў Я прызываць справядлівых, але грэшнікаў."

Тады прыходзяць да Яго вучні Яанавы, кажучы: чаму мы і хварысэі посьцім шмат, а вучні Твае ня посьцяць?
 
Затым падышлі да Яго Янавы вучні і казалі: "Чаму гэта мы і фарызэі часта посьцяць , а вучні Твае не посьцяць?"

І сказаў ім Ісус: ня могуць сыны вясельнага палацу сумаваць, пакуль зь імі Малады. Але прыйдуць дні, калі адымецца ў іх Малады, і тады будуць пасьціць.
 
Сказаў ім Езус: "Ці ж могуць вясельнікі сумаваць, пакуль малады з імі? Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога і тады яны будуць пасьціць.

І ніхто ня прышывае латкі зь нябеленай тканіны да старой адзежыны; бо аддзярэцца ад адзежыны прышытае, і дзірка будзе большай.
 
Ніхто не прышывае латы новага сукна да старога адзеньня, бо яна разьдзірае яго цэлае і дзіра робіцца большай.

І ня ўліваюць віна маладога ў мяхі старыя, бо мяхі разрываюцца, і віно выцякае, і мяхі прападуць, але віно маладое ўліваюць у мяхі новыя, тады і тое і другое захоўваецца.
 
Таксама не ўліваюць маладое віно ў скураную пасуду, бо яно разрывае скураную пасуду і віно выліваецца, а пасуда прападае. Дык вось маладое віно ўліваюць у новыя пасуды, такім чынам адно і другое зьберагаецца.

Калі гэта Ён гаварыў ім, вось начальнік, падыйшоўшы, пакланіўся Яму, кажучы: дачка мая толькі што памерла; але, прыйшоўшы, ускладзі Руку Тваю на яе, і ажыве.
 
Калі Езус гэта гаварыў якраз падыйшоў да Езуса і пакланіўся адзін князь і сказаў: "Госпадзе, дачка мая перад хвілінай сканала, але прыдзі ўскладзі на яе Сваю руку, і яна жыць будзе".

І, устаўшы, Ісус пайшоў за ім, і вучні Ягоныя.
 
Затым Езус падняўшыся разам з вучнямі Сваімі пайшоў за ім.

І вось жанчына, якая дванаццаць гадоў пакутуе ад крывацечы, падыйшоўшы ззаду, дакранулася да краю вопраткі Ягонай;
 
А вось жанчына, праз дванаццаць гадоў цярпела на крывячачэньне падыйшла ззаду і дакранулася да краю адзеньня Езуса.

бо яна гаварыла сама ў сабе: калі толькі дакрануся вопраткі Ягонай, буду аздароўлена.
 
Бо надзеілася: "Калі толькі дакрануся да вопраткі Ягонай паздаравею."

Ісус жа, абярнуўшыся і ўбачыўшы яе, сказаў: мацуйся дачка! вера твая выратавала цябе. І жанчына (гэная) з тае пары была аздароўлена.
 
Езус жа адвярнуўшыся і ўбачыўшы яе сказаў: "Вер, дочка, вера твая аздаравіла цябе." І аздароўленай была жанчына ад тае хвіліны.

І, прыйшоўшы ў дом начальніка, і, убачыўшы жалейнікаў і жалобна лямантуючы народ, Ісус
 
А Езус прыйшоў у дом князя і ўвідзеў флецістаў і натоўп гармідар падымаючы, сказаў:

кажа ім: выйдзіце, бо ня памерла дзяўчына, але сьпіць. І насьміхаліся над Ім.
 
"Адступіцеся, не памерла дзяўчына, але сьпіць". Дык высьмеялі Яго.

Калі ж людзей выслалі, увайшоўшы, (Ён) узяў яе за руку, і дзяўчынка ўстала.
 
А калі людзей выкінулі, увайшоў Езус, узяў яе за руку і дзяўчынка паднялася.

І разьнеслася чутка пра гэта па ўсёй гэнай зямлі.
 
І вестка аб гэтым разышлася па ўсёй той зямлі.

І калі Ісус ішоў адтуль, усьлед за Ім пайшлі двое сьляпых, моцна крычучы і кажучы: памілуй нас, Сын Давіда!
 
Калі Езус адтуль адыходзіў, ішлі за Ім два сьляпыя крычучы: "Сыне Давідаў, зжалься над намі."

І калі (Ён) прыйшоў у дом, прыступіліся да Яго сьляпыя. І кажа ім Ісус: ці верыце, што Я магу гэта зрабіць? Кажуць Яму: так, Госпадзе!
 
А калі Езус увайшоў у дом, сьляпыя падыйшлі да Яго. Дык Езус спытаўся ў іх: "Ці верыце, што Я магу вам гэта зрабіць?" сказалі Яму: "Так, Госпадзе."

Тады (Ён) дакрануўся да вачэй іхных, кажучы: па веры вашай хай станецца вам.
 
Затым Езус дакрануўся да іх вачэй і сказаў: "Хай вам станецца як вы верыце."

І расчыніліся вочы іхныя; а Ісус строга загадаў ім, кажучы: глядзіце, каб ніхто ня даведаўся!
 
Ды адкрыліся вочы ім. А Езус прыгразіў ім, кажучы: "Глядзіце, каб ніхто пра гэта не даведаўся."

А яны, выйшаўшы, расказалі пра Яго па ўсёй гэнай зямлі.
 
Але яны адыйшоўшыся разславілі Яго па ўсёй той зямлі.

Калі ж тыя выходзілі, вось прывялі да Яго чалавека нямога, апанаванага дэманам.
 
Па іх адыходзе прывялі да Яго чалавека нямога апанаванага нячыстым.

І калі дэман быў выгнаны, нямы загаварыў. І людзі дзівіліся, кажучы: ніколі ня бывала такога ў Ізраэлю.
 
Па выгоне нячыстага духа нямы той прагаварыў. Дык дзівіліся людзі і казалі: "Ніколі гэтага не здарылася ў Ізраелю."

А хварысэі казалі: сілаю князя дэманаў выганяе (Ён) дэманаў.
 
Фарызэі жа казалі: "Сіла князя д'ябельскага выганяе ліхія духі.

І праходзіў Ісус ўсе месты і сёлы, вучачы ў сынагогах іхных і абвяшчаючы Эвангельле Валадарства, і аздараўляючы ўсякую хваробу і ўсякую немач у народзе.
 
Затым абходзіў Езус усе гарады і вёскі вучачы ў сынагогах, вешчучы Эвангелію Каралеўства Божага, аздараўляючы ўсякую хваробу ды ўсякую немач.

Убачыўшы ж людзей, (Ён) зьлітаваўся над імі, бо яны былі зьнясіленыя і пакінутыя, як авечкі бяз пастуха.
 
Бачачы людзей Езус літаваўся над імі (шкадаваў іх), бо бо былі зьняможаны і кінуты як авечкі без пастыра.

Тады кажа вучням: сапраўды жніво багатае, ды работнікаў мала.
 
Затым сказаў вучням сваім: "Жніво то вялікае але працаўнікоў мала.

Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.
 
Дык прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў працаўнікоў на Сваё жніво."