Дзеі 10 разьдзел

Дзеі Сьвятых Апосталаў
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Быў жа ў Кесары нейкі мужчына імем Карнэль, сотнік, із кагорты называнай Італійскай
 
А ў Цэзарэі жыў адзін чалавек, на імя Карнэлій, сотнік кагорты, званай Італійскай,

набажны і багабойны са ўсім сваім домам, ды чынячы многія міласьціны народу ды ўсьцяж мо́лячыся Богу.
 
пабожны і богабаязны з усім домам сваім, які рабіў шматлікія міласціны люду ды заўсёды маліўся да Бога.

Убачыў (ён) у зьяве ясна каля дзявятай гадзіны дня Ангела Бога, які ўвайшоў да яго і сказаў яму: Карнэль!
 
Каля дзевятай гадзіны дня ён у з’яве выразна ўбачыў анёла Божага, што ўваходзіў да яго і казаў яму: «Карнэлію!»

Ён жа глянуўшы на яго і спалохаўшыся сказаў: Хто Ты Госпадзе? а (той) сказаў яму: малітвы твае і міласьціны твае прыйшлі на памяць перад Богам.
 
Ён жа, углядаючыся ў яго, ахоплены страхам, сказаў: «Што, гаспадару?» Той жа сказаў яму: «Малітвы твае і міласціны твае падняліся на ўспамін перад абліччам Бога.

І цяпер пашлі ў Іоппу мужчын і запрасі Сымона, які называецца Пятром;
 
Дык зараз жа пашлі людзей у Ёппу і прывядзі нейкага Сімона, званага Пётрам.

ён у гасьцёх у нейкага Сымона гарбара, чый дом знаходзіцца ля мора. Ён скажа табе, што трэба табе рабіць.
 
Ён гасціць у нейкага гарбара Сімона, якога дом каля мора».

Калі ж Ангел, што гутарыў з Карнэлям, пайшоў ён паклікаўшы двух слуг сваіх і жаўнера на́бажнага, якія ня адыходзілі ад яго,
 
Калі адышоў анёл, які з ім гутарыў, і калі той паклікаў двух сваіх дамоўнікаў і богабаязнага жаўнера, з тых, што былі яму падначалены,

і расказаўшы ім усё паслаў іх у Іоппу.
 
то расказаў ім усё і паслаў іх у Ёппу.

На наступны дзень як былі яны ў дарозе і падыходзілі да места, Пётра ўзыйшоў на дах памалíцца каля шостае гадзіны.
 
На другі дзень, калі яны былі ў дарозе ды набліжаліся да горада, Пётра ўзышоў на дах, каб  памаліцца, каля шостай гадзіны.

І сталася, адчуў голад ды захацеў пад’есьці, калі ж другія гатавалі, найшло на яго захапленьне,
 
І, калі пачуў ён голад, захацелася яму есці; пакуль жа гатавалі яму, найшло на яго захапленне [духа],

і бачыць неба расчыненае ды нейкую судзіну, якая апускаецца да яго як вялікі абрус завязаны па чатырох краях ды апусканы на зямлю.
 
і ён убачыў адкрытае неба ды нейкую пасудзіну, што навісала, падобную да вялікага абруса, які за чатыры канцы спускалі на зямлю,

У ім знахо́дзіліся ўсякія чацьвёраногія зямлі і дзікія жывёлы, і паўзуны, і птушкі нябесныя.
 
на ёй былі ўсякія чацвераногія, і паўзуны зямныя, і нябесныя птушкі.

І быў голас да яго: устаўшы, Пётра, забівай ды еш.
 
І азваўся голас да яго: «Устань, Пётра, забівай і еш!»

Але Пётра сказаў: не, Госпадзе! бо я ніколі ня еў нічога паганага альбо нячыстага.
 
А Пётра гаворыць: «Ніякім чынам, Госпадзе, бо я ніколі не  еў нічога паганага і нячыстага».

Тады голас ізноў у другі раз (быў) да яго: што Бог ачысьціў, (таго) ты ня называй нячыстым.
 
І голас паўторна [азваўся] да яго: «Што Бог ачысціў, не называй таго нячыстым».

І гэта сталася тройчы, і судзіна зноў падняла́ся на неба.
 
І сталася гэта тройчы, і зараз жа тая пасудзіна была ўзята ў неба.

Калі ж Пётра сам у сабе сумняваўся, што б значыла (гэта) зьява, якую ён бачыў, — вось мужчыны пасланыя ад Карнэля, распытаўшыся пра дом Сымонавы, спыніліся ля варотаў.
 
І калі Пётра разважаў у сабе, што можа азначаць з’ява, якую бачыў, вось, перад брамай затрымаліся тыя, што былі  пасланы Карнэліем, і пыталіся пра дом Сімона.

І крыкнуўшы спыталіся: ці тут у гасьцёх Сымон, называны Пятром?
 
Яны пыталіся ўголас, ці тут гасціць Сімон, называны Пётрам.

А Пятру, які разважаў пра зьяву, яму Дух сказаў: вось трое мужчынаў шукаюць цябе.
 
А ў той час, як Пётра разважаў пра з’яву, Дух сказаў яму: «Вось, тры мужчыны пытаюцца пра цябе,

Але ўстаўшы сыйдзі і пайдзі зь імі, нічога ня разьбіраючы, бо Я паслаў іх.
 
дык устань і сыдзі на ніз ды ідзі з імі, не сумняваючыся, бо Я іх паслаў».

І Пётра прыйшоўшы да мужчынаў якія былі пасланы ад Карнэля да яго, сказаў: вось я той, якога (вы) шукаеце. Якая прычына па якой вы прыйшлі?
 
І, сышоўшы, Пётра сказаў мужам: «Вось, я той, якога шукаеце; што за прычына, дзеля якой вы прыйшлі?»

А яны сказалі: Карнэль, сотнік, мужчына праведны і багабойны, які мае добрае сьведчаньне ад усяго народу жыдоўскага, атрымаў ад сьвятога Ангела наказ паклікаць цябе ў свой дом і пачуць словы ад цябе.
 
Яны сказалі: «Сотнік Карнэлій, чалавек справядлівы і богабаязны, аб чым можа засведчыць увесь народ Юдэйскі, атрымаў ад анёла святога даручэнне паклікаць цябе ў свой дом і выслухаць тое, што ты скажаш».

Дык запрасіўшы іх пачаставаў. А назаўтрае Пётра пайшоў зь імі, і нікаторыя з братоў, што былі з Іоппы, пайшлі зь ім.
 
Тады ён, запрасіўшы іх, прыняў, як гасцей. А на другі дзень, узняўшыся, у таварыстве некаторых братоў з Ёппы разам з імі выбраўся ў дарогу.

І назаўтрае прыйшлі ў Кесару. А Карнэль чакаў іх, склікаўшы сваіх родзічаў і блізкіх сяброў.
 
На другі дзень прыбылі ў Цэзарэю; Карнэлій жа чакаў іх, склікаўшы сваіх сваякоў і блізкіх прыяцеляў.

Калі ж ста́лася, што Пётра ўвайшоў, Карнэль сустрэўшы яго, упаў да ног (ягоных і) пакланіўся.
 
І сталася, калі Пётра ўваходзіў, Карнэлій выйшаў яму насустрач, паў яму да ног і пакланіўся.

Але Пётра падняў яго кажучы: устань! і я ёсьць чалавек.
 
Пётра ж падняў яго, кажучы: «Устань, бо і я такі самы чалавек».

І, размаўляючы зь ім, увайшоў (у дом) ды знаходзіць многа сабра́ўшыхся.
 
І, гутарачы з ім, увайшоў у дом і знайшоў там шмат сабраўшыхся,

І сказаў ім: вы ве́даеце што нельга мужчыну жыду́ лу́чыцца альбо схо́дзіцца з чужынцам, але Бог паказа́ў мне, каб ніякага чалавека ня лічыць паганым ці нячыстым.
 
і сказаў ім: «Вы ведаеце, што Юдэю нельга мець адносіны з чужынцамі. Але Бог мне паказаў, што ніводнага чалавека нельга назваць паганым і нячыстым.

Пагэтаму (я), пакліканы, і прыйшоў ня спрача́ючыся. І вось пыта́юся: па якой прычыне (вы) паклíкалі мяне?
 
Таму вось, запрошаны, я, без сумнення, прыбыў. Дык цяпер пытаюся, навошта вы мяне запрасілі?»

І Карнэль сказаў: ад чацьвёртага дня аж да гэтай гадзіны (я) быў у пасьце і а дзявятай гадзíне маліўся ў доме сваім, і вось мужчына ў зьзяючым адзеньні стаў перада мною
 
І Карнэлій гаворыць: «Чатыры дні таму а дзевятай гадзіне маліўся я ў сваім доме, і вось паўстаў перада мною муж у бліскучым адзенні,

і кажа: Карнэль! пачу́та малітва твая і міласьціны твае прыйшлі на памяць перад Богам.
 
і гаворыць: «Карнэлій, твая малітва выслухана, і прыгаданы твае міласціны перад абліччам Божым.

Пагэтаму пашлі ў Іоппу і пакліч Сымона, які называецца Пятром, ён у гасьціне ў доме Сымона гарбара, каля мора, які прыйшоўшы скажа табе.
 
Дык пашлі ў Ёппу і пакліч Сімона, званага Пётрам; ён гасціць у доме Сімона гарбара каля мора».

Дык я ўраз жа паслаў да цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Дык зараз усе мы знаходзімся перад Богам каб выслухаць усё, што зага́дана табе ад Бога.
 
Дык я паслаў, не марудзячы, па цябе, і ты добра зрабіў, што прыйшоў. Цяпер усе мы стаім перад абліччам Бога, каб паслухаць усяго, што табе Госпад даручыў».

І Пётра, расчыніўшы вусны, сказаў: сапраўды ўразумява́ю, што ня на аблічча ўглядаецца Бог,
 
Тады Пётра, адкрыўшы вусны, сказаў: «Я сапраўды пераконваюся, што Бог не зважае на асобу,

але ва ўсякім наро́дзе прые́мны Яму, хто баíцца Яго і чыніць справядлівасьць.
 
але ў кожным народзе мілы яму той, хто баіцца Яго і служыць справядлівасці.

Слова, якое паслаў сынам Ізраэля, абвяшча́ючы мір це́раз Ісуса Хрыста, Які ёсьць Госпад усіх.
 
Паслаў Ён Сваё Слова сынам Ізраэля, несучы добрую вестку пра мір праз Ісуса Хрыста; Ён — Госпад усіх.

Вы ве́даеце вестку, якая (шырылася) па ўсёй Юдэі. Пачатак яна (бярэ) у Галілеі пасьля хрышчэньня (Ісуса), якую апавясьціў Яан (Хрысьціцель).
 
Вы ведаеце, што сталася ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі, па хросце, які прапаведаваў Ян;

(Вестку пра) Ісуса з Назарэту, (вестку пра тое) як памазаў Яго (Ісуса) Бог Духам Сьвятым і сілай, Які хадзіў робячы дабро і аздараўляючы ўсіх прыгне́чаных д’яблам, бо Бог быў зь Ім.
 
пра Ісуса з Назарэта, якім чынам намасціў Яго Бог Духам Святым і магутнасцю, Які хадзіў, чынячы дабро і аздараўляючы ўсіх апанаваных дэманамі, бо Бог быў з Ім.

І мы ёсьць сьведкі ўсяго, што Ён зрабіў у краіне юдэяў і ў Ярузаліме, Якога яны забілі павесіўшы на дрэве.
 
І мы — сведкі ўсяго, што Ён учыніў у зямлі Юдэйскай і ў Ерузаліме; Яго і забілі, павесіўшы на дрэве.

Яго Бог ўваскрасіў на трэйці дзень і даў Яму быць бачаным
 
Але Бог уваскрасіў Яго на трэці дзень і даў Яму аб’яўляцца,

ня ўсяму́ народу, але сьведкам, наперад выбраным Богам, нам, якія е́лі і пілі зь Ім пасьля ўваскрасеньня Яго зь мёртвых.
 
ды не ўсяму народу, але сведкам, выбраным наперад Богам, нам, якія з Ім елі і пілі пасля таго, як Ён уваскрос з мёртвых.

І (Ён) загадаў нам абвяшчаць народу і сьведчыць, што Ён ёсьць прызначаны Богам Судзьдзя жывых і мёртвых.
 
І Ён нам загадаў прапаведаваць народу і сведчыць, што Ён — Той, Які ўстаноўлены Богам за суддзю жывых і мёртвых.

Пра Яго сьведчаць усе прарокі, што кожны, хто веруе ў Яго, атрымае дараваньне грахоў празь Імя Ягонае.
 
І ўсе прарокі даюць сведчанне таму, што кожны, хто верыць у Яго, атрымае адпушчэнне грахоў праз імя Яго».

Калі яшчэ гаварыў Пётра словы гэтыя, зыйшоў Дух Сьвяты на ўсіх, што слухалі слова.
 
І калі Пётра яшчэ гаварыў гэта, Дух Святы сышоў на ўсіх, якія слухалі слова.

І зьдзівіліся ўсе веручыя з абрэзаных, якія прыйшлі зь Пятром, што і на паганаў выліты дар Духа Сьвятога;
 
Дык веруючыя з абрэзаных, што прыйшлі з Пятром, былі надта здзіўлены, што дар Духа Святога выліты быў таксама на паганаў,

бо чулі іх гаворачы мовамі і ўзьвялíчваючы Бога. Тады сказаў Пётра:
 
бо чулі, што яны гавораць [чужымі] мовамі і славяць Бога. Тады азваўся Пётра:

Хíба можа хто-небудзь забараніць быць ахрышчанымі вадою тым, якія Духа Сьвятога прынялі, як і мы?
 
«Хто можа адабраць ваду ў тых, што атрымалі Духа Святога, як і мы?»

І загадаў ім (Пётра) быць ахрышчанымі ў Імя Госпада. Тады папрасілі яго застацца зь (імі) некалькі дзён.
 
І загадаў іх хрысціць у імя Ісуса Хрыста. Тады прасілі яго затрымацца некалькі дзён.