Лукаша 12 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Міхася Міцкевіча
Тым часам, калі сабраліся дзясяткі тысячаў народу, так што (сталі) ціснуць адзін аднаго, (Ён) пачаў гаварыць найперш вучням Сваім: сьцеражыце сябе ад рашчыны хварысэяў, якая ёсьць крывадушнасьць.
Тымчасам, калі зыйшлася вялікая грамада народу, што аж сьціскалі адзін аднаго, Ён пачаў гаварыць перад усім да вучняў Сваіх: — сьцеражэцеся закваскі фарысейскай, бо то ёсьць крывадушнасьць.
Няма нічога ўкрытага, што ня будзе раскрыта, і (няма нічога) сакрэтнага, што ня будзе рассакрэчана.
Няма-ж нічога сукрытага, каб ня выкрылася, і нічога тайнага, што-б ня стала ведамым.
Пагэтаму ўсё, што (вы) сказалі ў цямноце, будзе пачута ў сьвятле; і што сказалі на вуха ў патаемных пакоях, будзе абвешчана з дахаў.
Бо што вы гаварылі ў поцемку, будзе гаварыцца пры сьвятле; і што гаварылі на вуха ў хаце, тое будзе абвешчана на стрэхах.
Кажу ж вам, сябрам Маім: ня бойцеся забіваючых цела і пасьля гэтага ня мо́гучых зрабіць нічога большага.
Кажу-ж вам, прыяцелям Маім: — ня бойцеся тых, якія забіваюць цела, і потым нічога ня могуць зрабіць.
Але папярэджваю вас, Каго баяцца: бойцеся Таго, Хто пасьля забіцьця мае ўладу ўкінуць у геенну. Так, кажу вам, Яго бойцеся.
Але, скажу вам, каго баяцца: бойцеся таго, хто, забіўшы, можа ўкінуць у пекла; так, кажу вам, таго бойцеся.
Ці ня пяць вераб’ёў прадаюцца за два асары? і ніводзін зь іх ня забыты перад Богам.
Ці-ж ня пяць вераб'ёў прадаюцца за два грошы? і ніводзін з іх не забыты ў Бога.
Але нават усе валасы галавы вашай пералічаны. Пагэтаму ня бойцеся, (вы) даражэй за многіх вераб’ёў.
А ў вас і валасы на галаве ўсе палічаны; дык ня бойцеся, — вы даражэйшыя за шматлікіх птушак.
Кажу ж вам: усякага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Сын Чалавечы вызнае перад Ангеламі Божымі;
І кажу вам: кажнага, хто прызнае Мяне прад людзьмі, прызнае й Сын Чалавечы прад ангеламі Божымі.
а хто адрокся ад Мяне перад людзьмі, адрынуты будзе перад Ангеламі Божымі.
А хто адрачэцца ад Мяне прад людзьмі, ад таго адракуцца прад ангеламі Божымі.
І ўсякаму, хто скажа слова на Сына Чалавечага, даро́вана будзе яму; а ўсякі, хто зьняважыў Духа Сьвятога, (таму) ня будзе даро́вана.
І ўсякаму, хто скажа слова супраць Сына Чалавечага, даравана будзе, а хто будзе блюзьніць супраць Духа Сьвятога, даравана ня будзе.
Калі ж вядуць вас у сынагогі і да начальстваў і ўладаў, ня турбуйцеся, як і што адкажаце і што скажаце.
Калі-ж прывядуць вас у сынагогі, да начальства і ўладаў, ня турбуйцеся як і што адказваць, ці што гаварыць.
Бо Сьвяты Дух навучыць вас у тую гадзіну, што трэба сказаць.
Дух Сьвяты навучыць вас у тую часіну, што трэба гаварыць.
Сказаў жа Яму нехта з натоўпу: Настаўнік! скажы брату майму, каб (ён) падзяліўся са мной спадчынай.
І сказаў Яму адзін з народу: — Вучыцель! скажы брату майму, каб ён падзяліў са мной спадчыну.
Ён жа сказаў яму: Чалавеча! хто паставіў Мяне судзьдзёй ці пасярэднікам між вамі?
Ён-жа сказаў чалавеку таму: — чалавеча! хто Мяне паставіў за судзьдзю ці падзельніка вашага!
І сказаў ім: Глядзіце ж, сьцеражыцеся своекарысьлівасьці, бо ня ў багацьці каго-небудзь жыцьцё ягонае заключаецца — і ня ў маёмасьці ягонай.
Да гэтага сказаў ім: — глядзеце, сьцеражэцеся прачавітасьці на багацьце, бо жыцьцё чалавека не залежыць ад збыткаў маемасьці яго.
І сказаў ім прыповесць, кажучы: поле нікаторага багатага чалавека прынесла багаты ўраджай;
І сказаў ім прыпавесьць: — у аднаго багатага чалавека буйна ўрадзіла ніва.
і (ён) разважаў сам у сабе, кажучы: што мне рабіць, бо ня маю, куды сабраць плады мае?
І ён разважаў у сабе: — што мне рабіць? некуды мне злажыць свой ураджай.
І сказаў: Вось, што зраблю: разбуру мае сьвірны і пабудую бо́льшыя, і зьбяру туды ўсе плады мае і дабро маё,
І сказаў: — вось што зраблю, разьбяру гумны мае й пабудую большыя, і злажу туды ўвесь хлеб мой і ўсё дабро мае.
і скажу душы маёй: Душа! (ты) маеш многа дабра, якое ляжыць на многія гады: адпачывай, еш, пі, весяліся.
І скажу душы маёй: — душа мая! шмат дабра ляжыць у табе на доўгія годы; не клапаціся, еж, пі, весяліся!
Але Бог сказаў яму: бязглузды! у гэтую ноч душу́ тваю возьмуць у цябе. Каму ж дастанецца тое, што (ты) назапасіў?
Але Бог сказаў яму: — неразумны! у гэтую-ж ноч душу тваю адбяруць ад цябе; каму-ж застанецца тое, што ты надбаў?
Такім (ёсьць) той, хто зьбірае багацьце для сябе, а ня ў Бога багацее.
Так бывае з тым, хто зьбірае скарбы для сябе, а ня ў Бога багацее.
Сказаў жа вучням Сваім: пагэтаму кажу вам: ня клапаціцеся (аб сродках) для жыцьця вашага, што будзеце есьці, ні пра цела, што апранеце.
І прамовіў да вучняў Сваіх: дзеля гэтага кажу вам: не клапацецеся пра душу вашую, што вам есьці, ні пра цела, у што адзецца.
(Бо) жыцьцё (вашае) больш за ежу, і цела — за вопратку.
Душа большая за ежу, і цела за адзежу.
Паглядзіце на груганоў, якія ня сеюць, ня жнуць, ня маюць (ні) стопкі, ні сьвірна, але Бог корміць іх. Наколькі вы большыя за гэтых птушак!
Паглядзеце на крумкачоў: яны ня сеюць, ні жнуць, няма ў іх сховаў, ні гумнаў, а Бог выжыўляе іх; ці-ж ня шмат вартасьнейшыя вы за птушак?
І хто з вас (у вашых) клопатах можа дабавіць да свайго росту адзін локаць!
Ды хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць-бы на локаць?
Пагэтаму, калі нават малейшага ня можаце, што (ж) клапоціцеся адносна іншага?
Дык калі й найменшага зрабіць ня можаце, нашто клапоціцеся пра іншае?
Паглядзіце на лілеі, як яны растуць: ня працуюць, ня прадуць. Але кажу вам, (што) нават Салямон ва ўсёй сваёй славе ня апранаўся, як адна зь іх.
Гляньце на лілеі, як яны растуць, — не працуюць, ні прадуць, але кажу вам што й Салямон у ўсёй славе сваёй ня ўбіраўся так, як кажная з іх.
Калі ж траву ў полі, якая сёньня ёсьць, а заўтра ўкідаецца ў печ, Бог так апранае, наколькі (ж) болей вас, малаверы!
Калі-ж траву палявую, якая сёньня ёсьць, а заўтра будзе ўкінута ў печ, Бог гэтак убірае, то тымбалей вас, малаверы.
І вы ня шукайце, што вам есьці, або што піць, і ня турбуйцеся;
Дык не праймайцеся тым, што вам есьці й што піць і ня ўзвышайцеся.
бо гэтага шукаюць усе народы сьвету. Ваш жа Бацька ведае, што (вы) маеце патрэбу ў гэтым.
Бо ўсяго гэтага шукаюць народы сьвету гэтага; Айцец-жа ваш ведае, чаго патрабуеце.
Больш таго, шукайце Каралеўства Бога, а ўсё гэта дададзена будзе вам.
Найперш шукайце Уладарства Божага, а ўсё іншае будзе дададзена вам.
Ня бойся малое стада; бо Бацька ваш спрыяльна вырашыў даць вам Каралеўства (Бога).
Ня бойся, малая грамада; бо дабраволеў Айцец ваш даць вам Уладарства.
Прадайце маёмасьці вашыя і раздайце міласьціну: (гэтым) зрабіце сабе ёмішчы, (якія) ня знашваюцца, скарб нявычэрпны на Нябёсах, куды злодзей ня дабіраецца, і моль ня зьнішчае;
Прадавайце маемасьці вашыя й давайце ахвяры шчырыя; рыхтуйце сабе скарніцы нетрухлеючыя, скарбы нятленныя ў нябёсах, куды зладзеі не пралазяць, і дзе моль не зьядае.
бо дзе скарб ваш, там і сэрца вашае будзе.
Бо дзе скарб ваш, там будзе й сэрца вашае.
Няхай будуць паясьніцы вашыя падперазаныя і сьветачы запаленыя;
Няхай будудь паясьніцы вашыя апяразаныя, і сьвяцільнікі запаленыя.
і вы — падобнымі да людзей, якія чакаюць гаспадара свайго, калі (ён) вернецца зь вясельля, каб як прыйдзе і пастукаецца, зараз (жа) адчынілі яму.
І вы падобныя да людзей, якія чакаюць павароту гаспадара свайго з вясельля, каб, калі прыйдзе й пастукае, хутка адчыніць яму.
Шчасьлівыя тыя рабы, каторых, прыйшоўшы, гаспадар знойдзе нясьпячымі; праўду кажу вам: (ён) падперажэцца, і пасадзіць іх, і, падыйшоўшы, будзе служыць ім.
Шчасьлівы слугі тыя, якіх гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе на старожы; папраўдзе, кажу вам, ён апяражацца й пасадзіць іх, і падыйходзячы, паслужыць ім.
І калі прыйдзе ў другую варту, і прыйдзе ў трэйцюю варту і знойдзе (іх) так, (то) шчасьлівыя рабы тыя.
І калі прыйдзе ў другую варту, ці ў трэйцюю варту прыйдзе й застане іх гэтак, — шчасьлівыя слугі тыя.
Дык гэта ведайце, што калі б ведаў гаспадар дому, а якой гадзіне прыходзе злодзей, (то) ня спаў бы і ня дапусьціў бы падкапацца пад дом свой.
Ведаеце-ж тое, што калі-б гаспадар дому ведаў, у якую гадзіну прыйдзе злодзей, ён-бы вартаваў і ня даў-бы злодзею падкапацца пад дом ягоны.
Пагэтаму і вы будзьце гатовымі, таму што ня ведаеце, а якой гадзіне прыходзе Сын Чалавечы.
Будзьце-ж і вы гатовыя, бо ў гадзіне неспадзяванай для вас прыйдзе Сын Чалавечы.
Тады Пётра сказаў Яму: Госпадзе! (ці) да нас гаворыш гэтую прыповесьць, ці і для ўсіх?
Тады сказаў Яму Пётра: — Госпадзе! ці да нас гаварыш гэтую прыпавесьць, ці да ўсіх?
Госпад жа сказаў: дык хто ёсьць верны і разумны аканом, каторага паставіць гаспадар над слугамі сваімі раздаваць своечасова меру хлеба?
І сказаў Госпад: — хто-ж верны й разважны аканом, якога гаспадар паставіў над чэлядзю сваею раздаваць ім меру пажытку ў свой час?
Шчасьлівы той раб, якога прыйшоўшы гаспадар ягоны знойдзе робячым так.
Шчасьлівы той слуга, якога гаспадар, прыйшоўшы, застане пры гэткім выкананьні;
Праўду кажу вам, што над усёй маёмасьцю сваёй паставіць яго.
Запраўды, кажу вам, што над усёй маемасьцяй сваей паставіць яго.
Калі ж раб той скажа ў сэрцы сваім: марудзіць гаспадар мой прыйсьці, і пачне біць слуг і служанак, і есьці і піць, і напівацца;
Калі-ж слуга той скажа ў сэрцы сваім: — спозьніцца прыйсьці гаспадар мой, і пачне біць чаляднікаў і галядніц, есьці, піць і ўпівацца;
то прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ня чакае, і ў гадзіну якой ня ведае, і жорстка яго пакарае і аддасьць яго аднаму лёсу зь нявернымі.
Прыйдзе гаспадар слугі таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, якой ня ведае, і аддзеліць яго, і лёс яму з нявернымі паложыць.
Той жа раб, які ведаў волю гаспадара свайго і ня падрыхтаваўся, і ня зрабіў па волі ягонай, будзе біты многа.
Слуга-ж той, які ведаў волю гаспадара свайго, і ня выканаў, не зрабіў подля волі ягонай, будзе моцна біты.
А той, які ня ведаў, але зрабіў вартае пакараньня, біты будзе мала. І ад кожнага, каму дадзена многа, многа будзе зь яго спагнана, і каму многа даручана, больш зь яго зышчуць.
А каторы з няведы сваей учыніў вартае пакараньня, будзе біты менш. І ад кажнага, каму дадзена шмат, будзе шмат і вымагацца ад яго; і каму шмат даручана, з таго больш і зышчацца.
Агонь прыйшоў (Я) зьвесьці на зямлю, і як хачу, каб (ён) быў ужо запалены!
Агонь прыйшоў Я скінуць на зямлю, і як хацеў-бы, каб ён ужо успыхнуў.
Хрышчэньнем маю (Я) быць ахрышчаным, і як (Я) тамлюся, пакуль гэтае ня выпаўніцца!
Хрышчэньнем павінен Я хрысьціцца, і як Я тамлюся, пакуль гэта споўніцца.
(Вы) думаеце, што (Я) прыйшоў даць мір на зямлі? не, кажу вам, але хутчэй разьдзяленьне;
Ці думаеце вы, што Я прыйшоў мір прынясбці на зямлю? не, кажу вам, але разьдзяленьне.
бо адгэтуль пяцёра ў адным доме будуць падзеленыя: трое супраць двух і двое супраць трох;
Бо ад сёньня пяцёра ў адным доме пачнуць дзяліцца; трое будуць супроць двух, і двое супроць трох.
разьдзеліцца бацька супраць сына, і сын супраць бацькі; маці супраць дачкі, і дачка супраць маткі; сьвякроў супраць нявесткі сваёй, і нявестка супраць свякрові сваёй.
Бацька будзе супроць сына, а сын супроць бацькі; маці супроць дачкі, а дачка супроць маці; сьвякроў супроць нявесткі свае, а нявестка супроць сьвякрові свае.
Казаў жа і народу: калі (вы) убачыце хмару, падымаючыся з захаду, ураз кажаце: «дождж набліжаецца»; і стаецца гэтак;
Прамовіў-жа й да народу: — калі вы пабачыце хмару, якая ўстае з захаду, тады кажаце — дождж будзе, і бывае гэтак.
і, калі дзьме паўдзённы вецер, кажаце: «сьпёка будзе», і стаецца.
І калі павес паўднёвы вецер, кажаце — будзе гарачыня, і так бывае.
Крывадушнікі, аблічча зямлі і неба распазнаваць умееце, як жа часу гэтага ня распазнаецё?
Крывадушнікі! воблік зямлі й неба распазнаваць умееце, як-жа часу гэтага не пазнаеце?
І чаму вы самі ў сабе ня судзіце, што ёсьць правільна?
Чаму-ж вы й самі па сабе ня судзеце праўдзіва, што мае стацца.
Бо калі (ты) ідзеш з супраціўнікам тваім да начальніка, па дарозе прыкладзі намаганьні (каб) пазбавіцца ад яго, каб (ён) ня прыцягнуў цябе да судзьдзі, а судзьдзя ня аддаў цябе экзэкутару, а экзэкутар ня кінуў цябе ў вязьніцу.
Калі ты йдзеш з супраціўнікам сваім да начальства, пастарайся пазбыцца яго ў дарозе, каб ён ня прывёў цябе да судзьдзі, а судзьдзя не аддаў-бы цябе кату, а кат ня пасадзіў цябе ў вязніцу.
Кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль ня аддасі яму і апошняй меднай манеты.
Кажу-ж табе: — ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга шэлягу.