Лукаша 4 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Сабілы і Малахава → Пераклад Яна Станкевіча
Ісус жа поўны Духа Сьвятога вярнуўся ад Ярдану, і паведзены быў Духам у пустэльню;
Ісус жа, поўны Духа Сьвятога, зьвярнуўся да Ёрдану і быў паведзены Духам на пустыню.
(дзе Ён) сорак дзён быў спакуша́ны ад д’ябла і нічога ня зьеў у гэныя дні; а як яны скончыліся, урэшце захацеў есьці;
Сорак дзён быў спакушаны д’явалам і нічога ня еў тых дзён; а па сканчэньню іх запрагнуў.
І сказаў Яму д’ябал: калі Ты Сын Божы, скажы гэтаму камню, каб стаў хлебам.
І сказаў Яму д’явал: «Калі Ты Сын Божы, раскажы гэтаму каменю, каб стаў букаткаю».
І сказаў Ісус яму, кажучы: напісана, што «ня хлебам адным будзе жыць чалавек, але ўсякім Словам Божым». (Другазак. 8:3)
А Ісус адказаў яму, кажучы: «Напісана, што не адным хлебам будзе жыць людзіна, але кажным словам Божым».
І, узьвёўшы Яго на высокую гару, д’ябал паказаў Яму ўсе гаспадарствы сусьвету ў імгненьне часу,
І, павёўшы Яго на высокую гару, ён паказаў Яму ўсі гаспадарствы сьвету ў часіне часу.
і сказаў Яму д’ябал: Табе дам усю ўладу гэтую і славу іхную, бо (яна) мне аддадзена, і я, калі каму хачу, даю яе;
І сказаў Яму д’явал: «Усю гэтую ўладу дам Табе і славу іх, бо яна дана імне, і, каму я хачу, даю яе.
І вось калі Ты паклонішся перада мною, усё будзе Тваё.
Дык Ты, калі паклонішся імне, усе будзе Твае».
І сказаў яму Ісус, адказаўшы: адыйдзі ад Мяне, шатан; бо напісана: Госпаду Богу твайму кланяйся і Яму аднаму служы (Другазак. 6:13).
А Ісус, адказуючы, сказаў яму: «Ідзі вон ад Мяне, шайтане, бо напісана: "Спадару Богу свайму кланяцца будзеш і Яму аднаму служыць".»
І павёў Яго ў Ярузалім, і паставіў Яго на крыле Сьвятыні, і сказаў Яму: калі Ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз;
Тады павёў Яго да Ерузаліму, і пастанавіў Яго на крэйцы сьвятыні, і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, ськінься адгэтуль далоў;
бо напісана: «Ангелам Сваім накажа пра Цябе зьберагчы Цябе»;
Бо напісана: "Ангілам Сваім раскажа празь Цябе, каб Цябе сьцераглі;
і таксама: «на руках панясуць Цябе, каб (Ты) ня выцяўся аб камень Нагою Тваёю» (Пс. 91:11−12).
І на руках панясуць Цябе, каб ня выцяў аб камень нагі Свае".»
І, адказаўшы, Ісус сказаў яму: сказана: ня спакушай Госпада, Бога Твайго (Другазак. 6:16).
І, адказуючы, сказаў яму Ісус: «Сказана: "Не спакушай Спадара Бога Свайго".»
І, скончыўшы ўсё спакушэньне, д’ябал адыйшоў ад Яго да пэўнага часу.
І як д’явал скончыў усі спакусы, адышоў ад Яго да часу.
І вярнуўся Ісус у сіле Духа ў Галілею, і разыйшлася чутка пра Яго па ўсім навакольлі.
А Ісус зьвярнуўся ў моцы Духа да Ґалілеі; і разышліся дзейкі празь Яго па ўсёй акалічнай зямлі.
І Ён вучыў у сынагогах іхных, праслаўляемы ўсімі.
І Ён вучыў у бажніцах іхных, і ўсі яго ўслаўлялі.
І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны, і ўвайшоў, па звычаю Свайму, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.
І прышоў да Назарэту, ідзе быў выгадаваны, і ўвыйшоў, подле звычаю Свайго, у дзень сыботні да бажніцы, і ўстаў чытаць.
І пада́лі Яму скрутак Гісаі прарока; і, разгарнуўшы скрутак, (Ён) знайшоў мейсца, дзе было напісана:
І падана Яму кніга Ісаі прарокі. Рашчыніўшы кнігу, знайшоў месца, ідзе было напісана:
«Дух Госпадаў на Мне, бо (Ён) памазаў Мяне дабравесьціць убогім, паслаў Мяне аздаравіць скрушаных у сэрцы, абвясьціць палонным вызваленьне, і сьляпым відушчасьць, адпусьціць спаку́таваных на волю,
«Дух Спадароў над Імною, бо памазаў Мяне абяшчаць дабравесьць бедным, паслаў Мяне ўздараўляць патрышчаных сэрцам, абяшчаць выбаўленьне палоненікам і зьвярненьне відзеньня нявісным, выпусьціць зьмяжджуленых на свабоду,
абвясьціць год Госпадавы спрыяльны». (Гісая 61:1−2).
Абяшчаць прымальны год Спадароў».
І, згарнуўшы скрутак, аддаўшы служцы, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі зьвернуты на Яго.
І, зачыніўшы кнігу, і аддаўшы паслугачаму, сеў; і вочы ўсіх, што былі ў бажніцы, былі ўцемленыя ў Яго.
І (Ён) пачаў гаварыць ім: сёньня споўнілася Пісаньне гэтае ў вушах вашых.
І Ён пачаў казаць ім: «Сядні споўнілася гэтае пісьмо ў вушох вашых».
І ўсе засьведчылі Яму (гэтае) і дзівіліся прыемным словам, якія выходзілі з Вуснаў Ягоных, і гаварылі: ці ня Язэпаў Ён Сын?
І ўсі пасьветчылі Яму, і дзіваваліся із словаў ласкі, што выходзілі з вуснаў Ягоных, і гукалі: «Ці ня сын гэта Язэпаў?»
(Ён) жа сказаў ім: (вы), ведама, ска́жаце Мне прыказку гэтую: лекару, вылячы самога сябе; зрабі і тут, у Тваёй бацькаўшчыне тое, што (мы) пачулі было ў Капэрнавуме.
І Ён сказаў ім: «Напэўна скажаце Імне прыказь гэтую: "Лекару, уздароў самога сябе; тое, што мы чулі, што сталася ў Капернауме, учыні таксама тутака, у родным месцу Сваім".»
І сказаў: праўду кажу вам: ніводзін прарок ня прыймаецца ў бацькаўшчыне ягонай.
І сказаў: «Запраўды кажу вам: ніякага прарокі ня прыймаюць у родным краю сваім.
Па праўдзе кажу вам: многа ўдоваў было ў Ізраэлю ў дні Ільлі, калі было зачынена неба тры гады і шэсьць месяцаў, так што настаў вялікі голад па ўсёй зямлі;
Але кажу вам праўду: шмат удоваў было ў Ізраелю за дзён Ільлі, як нябёсы былі зачыненыя тры гады шэсьць месяцаў, як вялікая галадоў была па ўсёй зямлі;
і ні да воднай зь іх ня быў пасланы Ільля, але толькі да жанчыны ўдавы ў Сарэпту Сідонскую.
Але да ні воднае зь іх ня быў пасланы Ільля, адно да Сарэпты Сыдонскае да жонкі ўдавы.
І шмат было пракажоных у Ізраэлю пры прароку Ялісею, і ніводзін зь іх ня быў ачышчаны, апрача Нэемана сірыйца.
І шмат пракажаных было ў люду Ізраельскім за Елісэя прарокі, і ні водзін ізь іх не ачысьціўся, адно Нааман Сыранін».
Чуючы гэтае ўсе ў сынагозе напоўніліся лютасьцю;
І напоўніліся ўсі ў бажніцы гневам, пачуўшы гэта.
і, падняўшыся, выгналі Яго прэч зь места, і прывялі Яго на вяршыню гары, на якой было пабудавана места іхнае, каб ськінуць Яго.
І, устаўшы, здалілі Яго вонкі зь места, і павялі аж на верх узгорку, на каторым места іхнае было пастаноўлена, каб ськінуць Яго;
Ён жа, прайшоўшы паміж імі, пайшоў.
Але Ён, прайшоўшыся сярод іх, адышоў.
І спусьціўся ў Капэрнавум, места Галілейскае, і вучыў іх у суботы.
І прышоў да Капернауму, места Ґалілейскага, і вучыў іх па сыботах.
І дзівіліся з вучэньня Ягонага, бо з уладаю было Слова Ягонае.
І дзіваваліся вельма з навукі Ягонае, бо ўладная была мова Ягоная.
І быў у сынагозе чалавек, маючы нячыстага духа дэманскага, і (ён) закрычаў моцным голасам,
І быў у бажніцы чалавек, што меў нячыстага духа д’явальскага, і ён загукаў вялікім голасам,
кажучы: Ага! што нам і Табе, Ісус Назаранін? (Ты) прыйшоў загубіць нас; ведаю Цябе, хто Ты, Сьвяты Божы.
кажучы: «Ах, што нам да Цябе, Ісусе Назарэцкі? Ты прышоў загубіць нас; знаю Цябе, хто Ты, сьвяты Божы».
Але Ісус забараніў яму, кажучы: змоўкні і выйдзі зь яго. І дэман, кінуўшы яго на сярэдзіну, выйшаў зь яго ніколькі ня пашкодзіўшы яму.
Але Ісус зганіў яго, кажучы: «Змоўкні й выйдзі зь яго». І нячысьцік, кінуўшы яго пасярэдзіне, вышаў зь яго, не пашкодзіўшы яму.
І жах ахапіў усіх, і разважалі між сабою: што гэта за слова (такое), што ўладаю і сілаю (Ён) загадвае духам нячыстым, і (яны) выходзяць?
І ўсі былі зумеўшыся, і гукалі мяжсобку, кажучы: «Што за слова гэта! бо з уладаю а магутнасьцяй расказуе нячыстым духом, і яны выходзяць».
І разнеслася чутка пра Яго па ўсіх навакольных мясцох.
І разыходзілася дзейка празь Яго па ўсіх месцах аколіцы.
Выйшаўшы ж із сынагогі, (Ён) увайшоў у дом Сымона; цешча ж Сымонавая была ахоплена моцнай гарачкай; і папрасілі Яго за яе.
І вышаўшы з бажніцы, Ён увыйшоў у дом Сымонаў; цешча ж Сымонава была хворая на вялікую гаручку; і прасілі Яго за яе.
І стаўшы над ёю, забараніў гарачцы; і пакінула яе. Зараз жа, устаўшы, (яна) прыслугоўвала ім.
І, стаўшы над ёю, Ён зганіў трасцу; і пакінула яе. І яна, якга ўстаўшы, паслугавала ім.
Пры захадзе сонца ўсе, хто мелі хворых на розныя хваробы, прывялі іх да Яго; і Ён, усклаўшы рукі на кожнага зь іх, аздаравіў іх.
Заходам сонца, усі, што мелі хворых на розныя хваробы, прыводзілі іх да Яго; і Ён, ускладаючы на кажнага зь іх рукі, уздараўляў іх.
Выганяў таксама і дэманаў з многіх, якія крычалі і казалі: Ты Хрыстос, Сын Божы. І, забараняючы, ня дазваляў ім гаварыць, што яны ведаюць, што Ён Хрыстос.
І нячысьцікі таксама выходзілі із шмат каго, крычучы й кажучы: «Ты Хрыстос, Сын Божы». А Ён, ганячы, не дазваляў ім гукаць, бо яны ведалі, што Ён Хрыстос.
А як настаў дзень, (Ён) выйшаўшы (з дому) адправіўся ў пустэльнае мейсца; і людзі шукалі Яго, і прыйшлі да Яго, і затрымлівалі Яго, каб ня адыходзіў ад іх.
Як жа быў дзень, Ён, вышаўшы, пайшоў на пустыннае месца, і гурба шукала Яго і, прышоўшы да Яго, зьдзержавала Яго, каб не адходзіў ад іх.
Але Ён сказаў ім: і астатнім местам належыць Мне абвяшчаць Добрую Вестку аб Гаспадарстве Божым, бо на тое (Я) пасланы.
Але Ён сказаў ім: «Я маю шырыць дабравесьць гаспадарства Божага таксама іншым местам, бо на тое Я пасланы».
І навучаў у сынагогах Галілейскіх.
І абяшчаў у бажніцах Ґалілейскіх.