Лукаша 13 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

У гэты час прыйшлі некаторыя і расказалі Яму пра Галілеянаў, чыю кроў Пілат зьмяшаў з ахвярамі іхнімі.
 
У гэты самы час прыйшлі некаторыя, паведаміўшы Яму пра Галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі.

Ісус сказаў ім на гэта: ці думаеце вы, быццам гэтыя Галілеяне сталі грашнейшыя за ўсіх Галілеянаў, што так пацярпелі?
 
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ці вы думаеце, што гэтыя Галілейцы былі большымі грэшнікамі, чым іншыя Галілейцы, што так пацярпелі?

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
 
Не, кажу вам, але, калі вы не навернецеся, усе падобна пагінеце.

Альбо, ці думаеце, што тыя васямнаццаць чалавек, на якіх упала вежа Сілаамская і забіла іх, былі вінаватыя больш за ўсіх, хто жыве ў Ерусаліме?
 
Або тыя васемнаццаць, на якіх упала вежа ў Сіло і забіла іх; вы думаеце, што яны былі больш вінаватымі, чым усе людзі, што жывуць у Ерузаліме?

Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе гэтак сама загінеце.
 
Не, кажу вам, але, калі не навернецеся, усе вы падобна пагінеце».

І сказаў гэтую прытчу: нехта меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу, і прыйшоў шукаць плоду на ёй, і не знайшоў;
 
Затым казаў ім гэта для параўнання: «Нехта меў дрэва фігавае, пасаджанае ў яго вінаградніку, і раз прыйшоў шукаць пладоў на ім і не знайшоў.

і сказаў вінаградару: вось, я трэйці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы і не знаходжу; сьсячы яе, навошта яна і зямлю займае?
 
Дык сказаў вінаградару: «Вось ужо тры гады, як я прыходжу, шукаючы плода на гэтым дрэве фігавым, і не знаходжу. Выкарчуй яго. Нашто ж тады зямлю займае?»

Але той сказаў яму ў адказ: спадару! пакінь яе і на сёлета, пакуль я акапаю яе і абкладу гноем:
 
А той, адказваючы, гаворыць яму: «Гаспадар, пакінь яго і на гэты год, пакуль я абкапаю яго і абкладу гноем,

ці ня ўродзіць плоду; калі ж не, налета сьсячэш яе.
 
можа, стане даваць плод, а калі не, то выкарчуеш яго».

У адной сынагозе Ён вучыў у суботу;
 
І навучаў Ён у адной сінагозе ў суботу.

там была жанчына, якая васямнаццаць гадоў мела духа немачы: яна была скурчаная і не магла выпрастацца.
 
І вось, адна жанчына, якая васемнаццаць гадоў мела духа немачы,  была сагнутая і не магла ніяк глянуць уверх.

Ісус, угледзеўшы яе, падышоў і сказаў ёй: жанчына! ты вызваляешся ад недужы тваёй.
 
Калі ўбачыў яе Ісус, паклікаў ды гаворыць ёй: «Жанчына, вызвалена ты ад сваёй немачы»;

І ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і пачала славіць Бога.
 
і ўсклаў на яе рукі; і яна адразу выпрасталася і славіла Бога.

Пры гэтым начальнік сынагогі, абураючыся, што Ісус ацаліў у суботу, сказаў люду: ёсьць шэсьць дзён, у якія можна рабіць: у тыя і прыходзьце ацаляцца, а ня ў дзень суботні.
 
Тады начальнік сінагогі, абураны, што Ісус аздараўляў у суботу, казаў, звяртаючыся да людзей: «Ёсць шэсць дзён, у якія належыцца працаваць, дык у тыя дні прыходзьце і аздараўляйцеся, а не ў дзень суботы».

Гасподзь сказаў яму ў адказ: крывадушнік! ці не адвязвае кожны з вас вала свайго альбо асла ад ясьляў у суботу, і ці не вядзе паіць?
 
А Госпад адказаў і сказаў яму: «Крывадушнікі, ці ж кожны з вас у суботу не адвязвае вала свайго або асла ад ясляў ды не вядзе напаіць?

а гэтую дачку Абрагамаву, якую зьвязаў сатана вось ужо васямнаццаць гадоў, ці ня трэба было вызваліць яе ад повязяў тых у дзень суботні?
 
А ці ж гэтае дачкі Абрагама, якая дэманам звязана вось ужо васемнаццаць гадоў, не належала вызваліць з гэтых путаў у суботу?»

І калі казаў Ён гэта, усе супраціўнікі Ягоныя пасароміліся; і ўвесь люд радаваўся за ўсе слаўныя дзеі Ягоныя.
 
Калі гэта казаў, засаромеліся ўсе Яго супраціўнікі, а ўвесь народ цешыўся з усіх слаўных дзеяў Яго.

А Ён сказаў: на што падобнае Царства Божае, і да чаго прыпадобню яго?
 
Дык далей казаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае, і да чаго прыпадобню яго?

яно падобнае на зерне гарчычнае, якое, узяўшы, чалавек пасадзіў у садзе сваім: і вырасла, і зрабілася вялікім дрэвам, і птушкі нябесныя хаваліся ў гольлі яго.
 
Падобна яно да гарчычнага зярняці, якое, узяўшы, чалавек пасеяў у сваім агародзе; вырасла яно, і сталася дрэвам, і птушкі нябесныя адпачывалі на яго галінах».

Яшчэ сказаў: да чаго прыпадобню Царства Божае?
 
І зноў гаварыў: «З чым параўнаю Валадарства Божае?

Яно падобнае на закваску, якую жанчына, узяўшы, паклала ў тры меры мукі, пакуль не закісла ўсё.
 
Яно падобнае да рошчыны, якую жанчына, узяўшы, умяшала ў тры меркі мукі, пакуль не ўкісла ўсё».

І праходзіў гарадамі і селішчамі, вучачы і кіруючыся да Ерусаліма.
 
І хадзіў, навучаючы па гарадах і вёсках, накіроўваючы шлях у Ерузалім.

Нехта сказаў Яму: Госпадзе! няўжо мала тых, што ратуюцца? А Ён сказаў ім:
 
І хтосьці гаворыць Яму: «Госпадзе, ці мала тых, што будуць збаўлены?» А Ён сказаў ім:

імкнецеся ўвайсьці праз вузкую браму, бо, маўляю вам, многія паспрабуюць увайсьці і ня здолеюць.
 
«Намагайцеся ўвайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць імкнуцца ўвайсці і не змогуць.

Калі гаспадар дома ўстане і зачыніць дзьверы, тады вы, стоячы знадворку, пачняце стукаць у дзьверы і казаць: «Госпадзе! Госпадзе! адчыні нам», але Ён скажа вам у адказ: «ня ведаю вас, адкуль вы»;
 
Бо калі ўстане Гаспадар дома і замкне дзверы, будзеце стаяць вонкі і стукацца ў дзверы, кажучы: «Госпадзе, адчыні нам»; і Ён, адказваючы, скажа вам: «Не ведаю вас, адкуль вы».

тады пачняце казаць: «мы елі і пілі перад Табою, і на вуліцах нашых вучыў Ты».
 
Тады пачнеце гаварыць: «Мы елі і пілі з Табою, і навучаў Ты на нашых вуліцах»;

Але Ён скажа: «кажу вам: ня ведаю вас, адкуль вы; адыдзеце ад Мяне ўсе, хто ўчыняе няпраўду».
 
але Ён скажа вам: «Не ведаю вас, адкуль вы. Адыдзіцеся ад Мяне ўсе, што чыніце беззаконне».

Там будзе плач і скрыгат зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ісаака і Якава і ўсіх прарокаў у Царстве Божым, а сябе выгнанцамі.
 
Там будзе плач і скрыгатанне зубоў, калі ўбачыце Абрагама, Ізаака, ды Якуба, ды ўсіх прарокаў у Валадарстве Божым, а саміх сябе вон выкінутых.

І прыйдуць з усходу і з захаду, і поўначы і поўдня і ўзьлягуць у Царстве Божым.
 
Ды прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня і ўзлягуць у Валадарстве Божым.

І вось, ёсьць апошнія, што будуць першымі, і ёсьць першыя, што будуць апошнімі.
 
І вось, ёсць апошнія, якія стануць першымі, і першыя, якія стануць апошнімі».

У той дзень прыйшлі некаторыя фарысэі і казалі Яму: выйдзі адгэтуль, бо Ірад хоча забіць Цябе.
 
У той самы час падышлі да Яго некалькі фарызеяў, кажучы Яму: «Выходзь і ідзі адсюль, бо Ірад хоча Цябе забіць».

І сказаў ім: ідзеце, скажэце гэтаму лісу: вось, выганяю нячыстых і аздараўляю сёньня і ў наступны дзень, і ў трэйці дзень скончу;
 
Ён гаворыць ім: «Ідзіце і скажыце таму лісу: «Вось, Я выганяю дэманаў і ўчыняю аздараўленні сёння і заўтра, а на трэці дзень скончу.

а зрэшты, мне трэба хадзіць сёньня, заўтра і ў наступны дзень, бо ня бывае, каб прарок загінуў па-за Ерусалімам.
 
Аднак трэба, каб Я хадзіў сёння, і заўтра, і надалей быў у дарозе, бо не бывае, каб прарок гінуў па-за Ерузалімам.

Ерусаліме, Ерусаліме, што забіваеш прарокаў і камянямі пабіваеш пасланых да цябе! колькі разоў хацеў Я сабраць дзяцей тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, і вы не схацелі!
 
Ерузалім, Ерузалім, які забіваеш прарокаў і камянуеш тых, што да цябе пасланыя, колькі разоў хацеў Я сабраць сыноў тваіх, як птушка птушанят сваіх пад крылы, але ты не хацеў.

Вось, застаецца вам дом ваш пусты, маўляю бо вам, што вы ня ўбачыце Мяне, пакуль ня прыйдзе час, калі скажаце: дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Госпада!
 
Вось, застанецца вам дом ваш. Бо кажу вам: не ўбачыце Мяне, аж пакуль не надыдзе час, калі скажаце: «Блаславёны, Хто прыходзіць у імя Госпада».