Лукаша 7 разьдзел

Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2003

 
 

Калі Ён скончыў усе словы Свае люду, які слухаў, дык увайшоў у Капернаум.
 
А калі напоўніў Ён Сваімі словамі вушы людзей, што слухалі Яго, накіраваўся ў Кафарнаўм.

У аднаго сотніка слуга, якім ён даражыў, быў хворы пры сьмерці.
 
А ў аднаго сотніка быў слуга, які быў яму вельмі дарагі, моцна хворы і пры смерці.

Пачуўшы пра Ісуса, ён паслаў да Яго юдэйскіх старэйшынаў — прасіць Яго, каб прыйшоў ацаліць слугу ягонага.
 
І, калі пачуў ён пра Ісуса, паслаў да Яго старшыняў Юдэйскіх, просячы Яго, каб прыйшоў і аздаравіў слугу яго.

І яны, прыйшоўшы да Ісуса, прасілі Яго моцна, кажучы: ён варты, каб Ты зрабіў дзеля яго гэта,
 
Калі яны прыйшлі да Ісуса, шчыра прасілі Яго, кажучы: «Варты ён, каб гэта яму зрабіў,

бо ён любіць народ наш і збудаваў нам сынагогу.
 
бо ён любіць наш народ, нават пабудаваў нам сінагогу».

Ісус пайшоў зь імі. І калі Ён недалёка ўжо быў ад дома, сотнік прыслаў да Яго сяброў сказаць Яму: ня турбуйся, Госпадзе, бо я ня варты, каб Ты ўвайшоў пад мой дах;
 
Дык Ісус пайшоў з імі. А калі ўжо быў недалёка ад дома, паслаў сотнік сяброў сказаць Яму: «Госпадзе, не турбуйся, бо я не варты, каб Ты ўвайшоў пад дах мой,

таму і сябе самога не палічыў я вартым прыйсьці да Цябе; але скажы слова, і паправіцца слуга мой;
 
бо лічу, што і сам я  не варты прыйсці да Цябе; але скажы слова, і паздаравее слуга мой.

бо я і падуладны чалавек, але, маючы ў сябе ў падначаленьні вояў, кажу аднаму: «ідзі», і ідзе; і другому: «прыйдзі», і прыходзіць; і слузе майму: «зрабі тое», і робіць.
 
Бо і я — чалавек, пастаўлены пры ўладзе, маю пад сабой жаўнераў і кажу аднаму: «Ідзі», і ён ідзе, а другому: «Прыйдзі», і ён прыходзіць, і слузе свайму: «Рабі гэта», і ён робіць».

Пачуўшы гэта, Ісус зьдзівіўся яму і, павярнуўшыся, сказаў народу, які ішоў за Ім: кажу вам, што і ў Ізраілі не знайшоў Я такое веры.
 
Ісус, пачуўшы гэта, падзівіўся на яго ды, звярнуўшыся да тых, што ішлі за Ім у натоўпе, сказаў: «Кажу вам, не знайшоў я такой веры ў Ізраэлі!»

Пасланцы, вярнуўшыся ў дом, знайшлі хворага слугу здаровым.
 
І тыя, што былі адпраўлены дамоў, калі вярнуліся, знайшлі слугу здаровым.

Пасьля гэтага Ісус пайшоў у горад, які называўся Наін, і зь Ім ішлі многія вучні Ягоныя і мноства людзей.
 
І сталася пасля: адышоў у горад, які называецца Найм, і з Ім ішлі вучні Яго ды вялікі натоўп людзей.

Калі ж Ён наблізіўся да гарадзкое брамы, тут выносілі памерлага, адзінага сына ў маці, а яна была ўдава; і шмат людзей ішло зь ёю з горада.
 
А калі падыходзіў да брамы горада, якраз выносілі нябожчыка, адзінага сына маці сваёй, якая была ўдавой, ды мноства людзей з горада з ёю.

Убачыўшы яе, Гасподзь умілажаліўся зь яе і сказаў ёй: ня плач.
 
Калі ўбачыў яе Госпад, пашкадаваў яе ды сказаў ёй: «Не плач!»

І падышоўшы, дакрануўся да мараў; тыя, што несьлі, спыніліся; і Ён сказаў: хлопча! табе кажу, устань.
 
І падышоў і дакрануўся да труны; а тыя, што неслі, спыніліся. І гаворыць: «Юнача, кажу табе, устань!»

Мёртвы, падняўшыся, сеў і пачаў гаварыць; і аддаў яго Ісус маці ягонай.
 
І сеў той, які быў мёртвы, і пачаў гаварыць, і аддаў яго маці яго.

І ўсіх апанаваў страх, і славілі Бога, кажучы: вялікі прарок паўстаў сярод нас, і Бог наведаў народ Свой.
 
Дык усіх ахапіў страх і славілі Бога, кажучы: «Вялікі прарок паўстаў сярод нас», ды: «Бог наведаў народ Свой».

Такая пагалоска пра Яго разышлася па ўсёй Юдэі і па ўсім навакольлі.
 
І разнесліся словы гэтыя па ўсёй Юдэі і па ўсім наваколлі.

І абвясьцілі Яну вучні ягоныя пра ўсё тое.
 
І паведамілі Яну яго вучні пра ўсё гэта.

Ян, паклікаўшы двух вучняў сваіх, паслаў да Ісуса спытацца: ці Той Ты, Які павінен прыйсьці, ці чакаць нам другога?
 
Дык Ян паклікаў двух сваіх вучняў і паслаў іх да Госпада, кажучы: «Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?»

Яны, прыйшоўшы да Ісуса, сказалі: Ян Хрысьціцель паслаў нас да Цябе спытацца: ці Той Ты, Які мае прыйсьці, ці чакаць нам другога?
 
Як толькі яны прыйшлі да Яго, сказалі: «Ян Хрысціцель паслаў нас да Цябе, кажучы: «Ці Ты — Той, Які мае прыйсці, ці нам чакаць другога?»

А тым часам Ён многіх ацаліў ад хваробаў і немачаў і ад злых духаў, і многім сьляпым даў зрок.
 
У той час Ісус аздаравіў многіх ад хвароб, і ад пакут, і ад ліхіх духаў ды многім сляпым даў зрок.

І сказаў ім Ісус у адказ: ідзеце, скажэце Яну, што вы бачылі і чулі: сьляпыя робяцца відушчымі, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца дабравесьце;
 
І, адказваючы, сказаў ім Ісус: «Ідзіце і абвясціце Яну, што вы бачылі і чулі: сляпыя бачаць, кульгавыя ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца, глухія чуюць, мёртвыя ўваскрасаюць, убогім прыносіцца добрая вестка,

і дабрашчасны, хто не спакусіцца празь Мяне.
 
і шчасныя тыя, што з Мяне не згоршацца».

І калі пайшлі пасланцы Янавыя, Ён пачаў гаварыць людзям пра Яна: што глядзець хадзілі вы ў пустыню? ці ня трысьцінку, ветрам калыханую?
 
І, калі адышліся пасланцы Яна, пачаў Ён казаць пра Яна да народа: «Што вы выйшлі глядзець у пустыню? Ці трысціну,  якую вецер калыша?

што ж глядзець хадзілі вы? ці не чалавека, у мяккія шаты апранутага? Але тыя, хто апранаецца пышна і раскошна жыве, яны пры дварах царскіх.
 
Ды што выйшлі пабачыць? Мо чалавека, што апрануты ў мяккія шаты? Вось, тыя, што ў багатых шатах ды ў раскошы, у дамах царскіх жывуць.

Што ж глядзець хадзілі вы? ці не прарока? Таму, кажу вам, нават больш, чым прарока.
 
Дык што вы выйшлі пабачыць? Прарока? Так, кажу вам, і больш за прарока.

Гэта той, пра якога напісана: «вось, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які падрыхтуе шлях Твой перад Табою».
 
Ён той, аб кім напісана: «Вось жа, Я пасылаю анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Тваю перад Табою».

Бо кажу вам: сярод народжаных жанчынамі няма ніводнага прарока большага за Яна Хрысьціцеля; але найменшы ў Царстве Божым большы за яго.
 
Бо кажу вам: між народжаных жанчынамі няма большага за Яна, але найменшы ў Валадарстве Божым большы за яго».

І ўвесь народ, які слухаў, і мытнікі ўзьнесьлі Богу славу, ахрысьціўшыся хрышчэньнем Янавым;
 
І ўвесь народ, які яго чуў, і мытнікі славілі справядлівасць Божую, хрысцячыся хростам Янавым.

а фарысэі і законьнікі адверглі волю Божую пра сябе, ня хрысьціўшыся ў яго.
 
Фарызеі ж і заканазнаўцы пагарджалі задумай Божай аб сабе і не прынялі хросту ад яго.

Тады Гасподзь сказаў: з кім параўнаю людзей роду гэтага? і да каго яны падобныя?
 
«З кім мог бы параўнаць Я гэтае пакаленне людзей і да каго яны падобны?

яны падобныя да дзяцей, якія сядзяць на рынку, клічуць адно аднаго і кажуць: мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі; мы сьпявалі вам песьні журботныя, а вы не галасілі.
 
Яны падобны да хлапчанят, што сядзяць на рынку і кажуць адны да другіх: «Мы гралі вам на жалейцы, а вы не скакалі, галасілі мы, а вы не плакалі».

Бо прыйшоў Ян Хрысьціцель, ні хлеба ня есьць, ні віна ня п’е; і кажаце: «у ім дэман».
 
Прыйшоў Ян Хрысціцель, які хлеба не еў і віна не піў, — і вы кажаце: «Дэмана мае».

Прыйшоў Сын Чалавечы, есьць і п’е; і кажаце: «вось чалавек, які любіць есьці і піць віно, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».
 
Прыйшоў Сын Чалавечы, Які есць і п’е, і вы кажаце: «Вось чалавек, абжора і п’яніца, прыяцель мытнікаў і грэшнікаў».

І апраўдана мудрасьць усімі дзецьмі яе.
 
І апраўдана мудрасць усімі яе сынамі».

Нехта з фарысэяў прасіў Яго паесьці зь ім ежы; і Ён, увайшоўшы ў дом фарысэя, узьлёг.
 
Адзін фарызей запрасіў Яго да сябе на пасілак; і Ён, увайшоўшы ў дом фарызея, узлёг.

І вось, жанчына з таго горада, якая была грэшніца, даведаўшыся, што Ён узьляжыць у доме ў фарысэя, прынесла алавастравы посуд зь мірам;
 
І вось, адна жанчына, што была ў горадзе грэшніцай, як даведалася, што Ён узлягае пры стале ў доме фарызея, прынесла алябастравую пасудзіну алейку,

і, стаўшы ззаду каля ног Ягоных і плачучы, пачала абліваць ногі Ягоныя сьлязьмі і абціраць валасамі галавы сваёй, і цалавала ногі Яму, і мазала мірам.
 
ды, стаўшы ззаду каля ног Яго, пачала, плачучы, слязьмі абліваць ногі Яго і абцірала валасамі сваёй галавы, ды цалавала ногі Яго і намашчала іх алейкам.

Бачачы гэта, фарысэй, які запрасіў Яго, сказаў сам сабе: калі б Ён быў прарок, дык ведаў бы, хто і якая жанчына дакранаецца да Яго, бо яна грэшніца.
 
Бачачы гэта, фарызей, што запрасіў Яго, падумаў, кажучы ў душы сваёй: «Каб Ён быў прарокам, ведаў бы, што гэта за жанчына, якая датыкаецца да Яго, бо яна — грэшніца».

Зьвярнуўшыся да яго, Ісус сказаў: Сымоне! Я маю нешта сказаць табе. Ён кажа: скажы, Настаўнік.
 
І, адказваючы, сказаў яму Ісус: «Сімоне, маю табе нешта сказаць». А ён гаворыць: «Вучыцель, кажы».

Ісус сказаў: у аднаго пазыкоўца было два даўжнікі: адзін вінен быў пяцьсот дынараў, а другі пяцьдзясят;
 
«Нейкі пазычальнік меў двух даўжнікоў: адзін быў яму пяцьсот дынараў вінаваты, а другі — пяцьдзесят.

але як што яны ня мелі чым заплаціць, ён дараваў абодвум. Дык скажы, каторы зь іх болей палюбіць яго?
 
Калі не мелі з чаго аддаць, дараваў ім абодвум. Дык які з іх больш удзячны яму?»

Сымон адказаў: думаю, той, каму больш даравана. Ён сказаў яму: правільна ты разважыў.
 
Сімон, адказваючы, сказаў: «Думаю, што той, якому болей дараваў». А Ён сказаў яму: «Добра ты рассудзіў».

І абярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сымону: ці бачыш ты гэтую жанчыну? Я прыйшоў у дом твой, і ты вады Мне на ногі ня даў: а яна сьлязьмі абліла Мне ногі і валасамі галавы свае абцерла.
 
І, павярнуўшыся да жанчыны, сказаў Сімону: «Бачыш гэтую жанчыну? Увайшоў Я ў дом твой: і ты не падаў Мне вады на ногі; а яна слязамі абмыла ногі Мае і валасамі сваімі абцёрла.

Ты цалаваньня Мне ня даў; а яна, з той хвіліны, як Я прыйшоў, не перастае цалаваць Мне ногі.
 
Ты Мне пацалунку не даў; а яна, як толькі ўвайшла, не перастае цалаваць ногі Мае.

Ты галавы Мне алеем не памазаў; а яна мірам намасьціла Мне ногі.
 
Не намасціў ты галавы Маёй; а яна ногі Мае намасціла алейкам.

А таму кажу табе: даруюцца грахі ёй многія за тое, што яна палюбіла многа: а каму мала даруецца, той мала любіць.
 
Дзеля таго кажу табе: адпускаюцца многія грахі ёй, бо многа ўзлюбіла. А каму менш адпускаецца, той менш і любіць».

А ёй сказаў: даруюцца табе грахі.
 
Сказаў затым ёй: «Адпускаюцца грахі твае».

І тыя, што ўзьляжалі зь Ім, пачалі гаварыць самі сабе: хто гэта, што і грахі даруе?
 
І тыя, што ўзлягалі разам з Ім, сталі гаварыць між сабой: «Хто Ён, што нават грахі адпускае?»

А Ён сказаў жанчыне: вера твая ўратавала цябе; ідзі зь мірам.
 
Затым сказаў Ісус жанчыне: «Вера твая збавіла цябе; ідзі ў супакоі».