Лукаша 10 разьдзел
Паводле Лукаша Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Чарняўскага 2012
Пасьля гэтага выбраў Гасподзь і іншых вучняў, і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і мясьціну, куды Сам хацеў ісьці,
Пасля гэтага Госпад вызначыў іншых семдзесят два і паслаў іх перад Сабой па двое ў кожны горад і месца, куды меўся пайсці.
і сказаў ім: жніва многа, а работнікаў мала; дык вось малеце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво Сваё.
І казаў ім: «Жніво вялікае, працаўнікоў мала. Дык прасіце Госпада жніва, каб выслаў працаўнікоў на жніво Сваё.
Ідзеце! Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
Ідзіце; вось, Я пасылаю вас, як ягнят пасярод ваўкоў.
Не бярэце ні мяха, ні торбы, ні абутку, і нікога на дарозе ня вітайце.
Не насіце з сабою ані капшука, ані торбы, ані пасталоў ды нікога ў дарозе не вітайце.
У які дом увойдзеце, сьпярша кажэце: «мір дому гэтаму!»
У які дом увойдзеце, перш скажыце: “Супакой гэтаму дому”.
і калі будзе там сын міру, дык спачыне на ім мір ваш; а калі не, дык да вас вернецца;
І, калі будзе там сын супакою, застанецца на ім супакой ваш; а калі не, вернецца да вас.
а ў доме тым заставайцеся, ежце і пеце, што ў іх ёсьць: бо працаўнік варты ўзнагароды за працу сваю, не пераходзьце з дому ў дом.
У тым жа доме заставайцеся, ешце і піце, што ёсць у ім: працаўнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
І калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ежце, што вам дадуць;
І ў які горад увойдзеце і прымуць вас, ешце, што вам пададуць,
і ацаляйце ў ім хворых, і кажэце ім: «наблізілася да вас Царства Божае».
і аздараўляйце хворых, што ў ім, ды кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
А як прыйдзеце ў які горад, і ня прымуць вас, дык, выйшаўшы на вуліцу, скажэце:
А калі ў які горад увойдзеце і не прымуць вас, выходзячы на вуліцы іх, кажыце:
«і пыл, прыліплы да нас ад вашага горада, абцярушваем вам; аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Царства Божае».
“Нават і пыл, што прыліп нам да ног з вашага горада, абтрасаем мы на вас; а ўсё ж такі ведайце, што наблізілася Валадарства Божае”.
Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе радасьней, чым гораду таму.
Кажу вам, што лягчэй будзе Садому ў той дзень, чым гораду таму.
Гора табе, Харазіне! гора табе, Віфсаіда! бо, калі б у Тыры і Сідоне зьявіліся сілы, яўленыя ў вас, дык даўно б яны, седзячы ў вярэце і ў попеле, пакаяліся;
Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсайда! Бо калі б у Тыры і Сідоне гэтыя цуды адбываліся, што ў вас, яны б ужо даўно, у зрэбніцы і попеле седзячы, навяртанне чынілі.
але і Тыру і Сідону радасьней будзе на судзе, чым вам.
Аднак лягчэй будзе Тыру і Сідону на судзе, чым вам.
І ты, Капернауме, што да неба ўзвысіўся, да пекла зрынешся.
І ты, Кафарнаўм, хіба ты аж да неба ўзнёсся? Дыку пекла будзеш укінуты!
Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас цураецца, Мяне цураецца; а хто цураецца Мяне, цураецца Таго, Хто паслаў Мяне.
Хто вас слухае, Мяне слухае; і хто вамі пагарджае, Мною пагарджае; а хто Мною пагарджае, пагарджае Тым, Хто Мяне паслаў».
Семдзесят вучняў вярнуліся з радасьцю і казалі: Госпадзе! і дэманы слухаюцца нас у імя Тваё.
Затым з радасцю вярнуліся семдзесят два, кажучы: «Госпадзе, нават дэманы паддаюцца нам у імя Тваё!»
А Ён сказаў ім: Я бачыў сатану, які ўпаў зь неба, як маланка;
І гаворыць ім: «Я бачыў шатана, што падаў з неба, як маланка.
вось, даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам;
Вось жа, Я даў вам уладу таптаць змеяў і скарпіёнаў ды ўсю варожую сілу; і нішто вам не будзе шкодзіць.
аднак жа таму ня радуйцеся, што духі слухаюцца вас: а радуйцеся таму, што імёны вашыя напісаны на нябёсах.
Аднак не з таго весяліцеся, што духі вам паддаюцца, але з таго радуйцеся, што імёны вашы запісаны на нябёсах».
У тую хвіліну ўзрадаваўся духам Ісус і сказаў: слаўлю Цябе, Войча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты ўтоіў гэта ад мудрых і ад разумных і адкрыў малым дзецям; праўда, Войча! бо такая была Твая воля.
У той час узрадаваўся Ён у Духу Святым і сказаў: «Слаўлю Цябе, Ойча, Госпад неба і зямлі, што закрыў гэта перад мудрымі і прадбачлівымі і адкрыў гэта малым; так, Ойча, бо так спадабалася Табе.
І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў: усё перададзена Мне Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, апрача Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, апрача Сына, і каму Сын хоча адкрыць.
Усё дадзена Мне Айцом Маім; і ніхто не ведае, Хто ёсць Сын, толькі Айцец, і Хто ёсць Айцец, толькі Сын ды каму Сын хацеў бы адкрыць».
І зьвярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: дабрашчасныя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!
І, звярнуўшыся да вучняў Сваіх, сказаў: «Шчасныя вочы, якія бачаць, што вы бачыце.
бо кажу вам, што многія прарокі і цары хацелі бачыць, што вы бачылі, і ня ўбачылі, і чуць, што вы чулі, і ня чулі.
Бо кажу вам: многія прарокі і цары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і не бачылі, і чуць тое, што вы чуеце, і не чулі».
І вось, адзін законьнік устаў і, спакушаючы Яго, сказаў: Настаўнік, што мне рабіць, каб успадкаваць жыцьцё вечнае?
І вось, адзін заканазнаўца ўстаў, выпрабоўваючы Яго і кажучы: «Настаўнік, што маю рабіць, каб здабыць жыццё вечнае?»
А Ён сказаў яму: у законе што напісана? як чытаеш?
А Ісус сказаў яму: «Што напісана ў законе? Як чытаеш?»
Той сказаў у адказ: «палюбі Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцай тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і блізкага твайго, як самога сябе».
Той, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцай тваёй, і ўсім розумам тваім, і блізкага твайго, як сябе самога».
Ісус сказаў яму: слушна ты адказваў; так рабі і будзеш жыць.
Ісус сказаў яму: «Добра ты адказаў; рабі гэтак — і будзеш жыць».
Але той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: а хто мой блізкі?
Той, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой блізкі?»
На гэта сказаў Ісус: нейкі чалавек ішоў зь Ерусаліма ў Ерыхон і нарваўся на разбойнікаў, якія зьнялі зь яго вопратку, паранілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
Працягваючы, Ісус сказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузаліма ў Ерыхон і трапіў да разбойнікаў, якія абрабавалі яго і, пабіўшы, адышлі, пакінуўшы ледзь жывога.
З нагоды нейкі сьвятар ішоў тою дарогаю і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
Здарылася, што гэтаю дарогай праходзіў нейкі святар і, паглядзеўшы на яго, прайшоў міма.
Гэтак сама і лявіт, быўшы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
Таксама і левіт, калі быў недалёка ад таго месца і бачыў яго, прамінуў яго.
А нейкі Самаранін, праязджаючы, знайшоў яго і, убачыўшы яго, пашкадаваў,
А самарыцянін нейкі, праходзячы гэтай дарогай каля яго і ўбачыўшы яго, праявіў міласэрнасць,
і падышоўшы, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў гасьцініцу і паклапаціўся пра яго;
ды, падышоўшы, абвязаў раны яго, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы на сваю жывёліну, завёз у заезд, і даглядаў яго.
а на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў гаспадару гасьцініцы і сказаў яму: паклапаціся пра яго; і калі патраціш больш, я, калі вярнуся, аддам табе.
А назаўтра дастаў два дынары і даў гаспадару заезду і гаворыць: “Апякуйся над ім, а калі больш выдасі, я, як вярнуся, дадам табе”.
Хто з гэтых трох, думаеш ты, быў блізкі таму, што нарваўся на разбойнікаў?
Хто з гэтых трох, здаецца табе, быў блізкім таму, хто трапіў да разбойнікаў?»
Ён сказаў: той, які зрабіў яму міласьць. Тады Ісус сказаў яму: ідзі, і ты рабі гэтак сама.
Ён сказаў: «Той, хто аказаў яму міласэрнасць». І сказаў яму Ісус: «Ідзі і ты рабі падобна».
У часе дарогі іхняй, прыйшоў Ён у адно селішча; тут жанчына, імем Марфа, прыняла Яго ў дом свой;
Калі ж яны ішлі, Ён зайшоў у адно сяленне, і адна жанчына на імя Марта прыняла Яго.
у яе была сястра, імем Марыя, якая села да ног Ісуса і слухала слова Ягонае.
І была ў яе сястра на імя Марыя, якая нават села ля ног Госпада і слухала Яго слова.
А Марфа клапатала пра вялікае частаваньне, і падышоўшы, сказала: Госпадзе! ці Табе клопату няма, што сястра мая адну мяне пакінула служыць? скажы ёй, каб пасобіла мне.
Марта ж завіхалася старанна ва ўсякай паслузе, потым спынілася і гаворыць: «Госпадзе, хіба няма Табе справы, што сястра пакінула мяне адну паслугаваць? Дык скажы ёй, каб яна мне дапамагла».
А Ісус сказаў ёй у адказ: Марфа! Марфа! рупішся і завіхаешся ты занадта,
І, адказваючы, сказаў ёй Госпад: «Марта, Марта, пра многае ты рупішся і клапоцішся,
а адно толькі трэба, Марыя ж выбрала добрую долю, якая не адымецца ў яе.
а адно толькі патрэбна; Марыя выбрала найлепшую долю, якая не будзе аднята ў яе».