1 да Цімафея 2 разьдзел
Першае пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла
І вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякаваньні за ўсіх людзей,
Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей:
за цароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні;
за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці.
бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу,
Гэта добра і прыемна ў вачах Бога, Збаўцы нашага,
Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны.
які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды.
Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус,
Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі — Чалавек Езус Хрыстус,
Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне,
які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, дадзенае ў адпаведную пару,
дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам — праўду кажу ў Хрысьце, не маню, — настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.
дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам. Кажу праўду і не хлушу. Я настаўнік язычнікаў у веры і праўдзе.
І вось жадаю, каб на ўсякім месцы казалі малітвы мужчыны, узносячы чыстыя рукі бяз гневу і сумненьня;
Таму жадаю, каб мужчыны маліліся на кожным месцы, узносячы чыстыя рукі без гневу і спрэчак.
каб гэтак сама і жанчыны, у прыстойнай вопратцы, сарамяжліва і цнатліва, упрыгожвалі сябе не заплятаньнем валасоў, ні золатам, ні жэмчугам, ні каляровымі строямі,
Падобна і жанчыны няхай апранаюцца з належнай стрыманасцю, сціпла і прыстойна, аздабляючы сябе не пляценнем валасоў ці золатам або пэрламі ці каштоўнымі строямі,
а добрымі справамі, як прыстойна жанчынам, што прысьвячаюць сябе пабожнасьці.
але добрымі ўчынкамі, як належыць жанчынам, што імкнуцца да пабожнасці.
Жанчына хай вучыцца маўкліва, у вялікай пакоры;
Жанчына няхай вучыцца ў ціхасці і ў поўнай паслухмянасці.
а вучыць жанчыне не дазваляю, ні верхаводзіць над мужчынам, а быць у маўклівасьці.
А жанчыне не дазваляю навучаць і панаваць над мужам, але няхай застаецца ў ціхасці.
Бо раней створаны Адам, а потым Ева;
Бо першым быў створаны Адам, а потым Ева.
і не Адам зваблены, а жонка, звабіўшыся, пераступіла закон;
І не Адам быў зведзены, але жанчына была зведзеная і зграшыла.
аднак жа ўратуецца празь дзетародства, калі застанецца ў веры і любові і ў сьвятасьці з цнотаю.
Яна будзе збаўлена праз нараджэнне дзяцей, калі яны будуць трываць у веры, любові і святасці з развагаю.