Мацьвея 24 разьдзел
Паводле Мацьвея Сьвятое Дабравесьце
Пераклад Васіля Сёмухі → Дабравесця / «Спадчына»; Клышка
І выйшаўшы, Ісус ішоў ад храма. І прыступілі вучні Ягоныя, каб паказаць Яму будынкі храма.
I, выйшаўшы са святыні, Ісус збіраўся ісці; ды падышлі Яго вучні, каб паказаць Яму будынкі святыні.
Ён жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Праўду кажу вам: не застанецца тут каменя на камені; усё будзе разбурана.
Ен жа сказаў ім: ці бачыце ўсё гэта? Папраўдзе кажу вам: не астанецца тут каменя на камені, які б не разбурыўся.
Калі ж сядзеў Ён на гары Аліўнай, дык прыступілі да Яго вучні асобна, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе? і якая азнака Твайго прыходу і сканчэньня веку?
Калі ж Ен сядзеў на Аліўнай гары, падышлі да Яго вучні на адзіноце, кажучы: скажы нам, калі гэта будзе і якая адзнака Твайго прыйсця і сканчэння веку?
І ў адказ Ісус сказаў ім: глядзеце, каб хто вас ня ўвёў у зман;
I ў адказ Ісус сказаў ім: глядзіце, каб хто не падмануў вас.
бо многія прыйдуць пад імем Маім і будуць казаць: «я Хрыстос», — і многіх увядуць у зман.
Бо многія прыйдуць пад Маім імем, кажучы: «я Хрыстос»; і шмат каго ўвядуць у зман.
Таксама пачуеце пра войны і ваенныя чуткі. Глядзеце, не жахайцеся; бо павінна ўсё тое быць. Але гэта яшчэ не канец:
Належыць пачуць вам пра войны і ваенныя пагалоскі; глядзіце не жахайцеся; бо гэта павінна адбыцца; але гэта яшчэ не канец.
бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будзе голад і пошасьці, і землятрусы месцамі.
Бо паўстане народ на народ і царства на царства; і будуць голад, і мор, і землятрусы месцамі.
А ўсё гэта — болесны пачатак.
Але ўсё гэта пачатак родавых боляў.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і забіваць вас; і вы будзеце зьненавіджаныя ўсімі народамі за імя Маё.
Тады будуць выдаваць вас на пакуты і будуць вас забіваць; і вас узненавідзяць усе народы за імя Маё.
І тады спакусяцца многія; і адзін аднаго будуць выдаваць, і зьненавідзяць адзін аднаго;
I тады епакусіцца шмат хто; і будуць выдаваць адзін аднаго і ненавідзець адзін аднаго;
і многія ілжэпрарокі паўстануць і ўвядуць у зман многіх;
I паўстане шмат фалынывых прарокаў і ўвядуць у зман шмат каго.
і ад памнажэньня беззаконьня ахалоне любоў у многіх;
I зза памнажэння беззаконня пахаладае ў многіх любоў;
а хто выцерпіць да канца, уратуецца.
Хто ж выцерпіць да канца, той уратуецца.
І абвешчана будзе гэтае Дабравесьце Царства па ўсім сьвеце, на сьведчаньне ўсім народам; і тады прыйдзе канец.
I будуць абвяшчаць гэтае Дабравесце Царства на цэлым свеце ў сведчанне ўсім народам; тады і прыйдзе канец.
Дык вось, калі ўгледзіце брыдоту спусташэньня, пра якую сказана праз прарока Данііла, якая паўстане на сьвятым месцы, — хто чытае, хай разумее, —
Дык вось, калі ўбачыце брыдоту спусташэння, пра якую было сказана праз Даніілапрарока, — што паўстане на святым месцы, — хто чытае, няхай разумее, —
тады хто будзе ў Юдэі, хай уцякаюць у горы;
Тады ўсе, хто будзе ў Іудзеі, няхай уцякаюць у горы;
і хто на даху, той хай ня сыходзіць узяць што-небудзь з дома свайго;
Хто на даху, няхай не спускаецца, каб узяць штонебудзь са свайго дома;
і хто ў полі, той хай не вяртаецца назад, каб узяць вопратку сваю.
А хто ў полі, няхай не вяртаецца назад, каб узяць сваё адзенне.
Гора ж цяжарным і тым, што кормяць грудзьмі ў тыя дні!
Бяда ж тым, хто мае ў лоне і корміць грудзьмі ў тыя дні.
Малецеся, каб ня сталіся ўцёкі вашы зімою, альбо ў суботу;
Маліцеся, каб не выпала вам уцякаць ані ўзімку, ані ў суботу;
бо тады будзе вялікі смутак, якога ня было ад пачатку сьвету да сёньня, і ня будзе.
Бо тады будзе вялікі ўціск, якога не было ад пачатку свету аж дагэтуль і не будзе.
І калі б не скараціліся тыя дні, дык не ўратавалася б ніякая плоць; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
I калі б не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не ацалеў; але дзеля выбраных скароцяцца тыя дні.
Тады калі хто скажа вам: «вось, тут Хрыстос», альбо «там», — ня верце;
Тады, калі хто вам скажа: «вось тут Хрыстос» ці «там», — не верце.
бо паўстануць ілжэхрысты ды ілжэпрарокі і дадуць азнакі і вялікія цуды, каб увесьці ў зман, калі ўдасца, і выбраных.
Бо паўстануць фальшывыя Хрыстосы і фальшывыя прарокі і пакажуць знакі вялікія і цуды, каб падмануць, калі ўдасца, і выбраных.
Вось, Я наперад сказаў вам.
Вось Я наперад вам сказаў.
Значыцца, калі скажуць вам: «вось Ён у пустыні», — ня выходзьце; «вось, Ён у патайных пакоях», — ня верце;
Таму, калі скажуць вам: «вось, Ен у пустэльні», — не выходзьце; «вось, Ен ва ўнутраных пакоях», — не верце.
бо, як маланка бліскае з усходу і відна бывае аж да захаду, такі будзе прыход Сына Чалавечага;
Бо як маланка блісне на ўсходзе і відаць аж на захадзе, такое будзе прыйсце Сына Чалавечага.
бо дзе будзе труп, там зьбяруцца арлы.
Бо дзе будзе труп, там збяруцца арлы.
І раптам, пасьля смутку дзён тых, сонца памеркне, і месяц ня дасьць сьвятла свайго, і зоркі спадуць зь неба, і сілы нябесныя пахіснуцца;
Зараз жа, пасля дзён уціску, сонца зацьміцца, месяц не дасць свайго святла, зоркі ўпадуць з неба, і нябесныя сілы страсянуцца.
і тады зьявіцца азнака Сына Чалавечага на небе; і тады заплачуць усе плямёны зямныя і ўбачаць Сына Чалавечага, Які будзе ісьці на аблоках нябесных зь сілаю і славаю вялікай;
I тады пакажацца знак Сына Чалавечага на небе: і тады загалосяць усе зямныя плямёны і ўбачаць Сына Чалавечага, што будзе ісці на воблаках нябесных з сілаю і славаю вялікай.
і пашле анёлаў Сваіх з трубою громагучнаю, і зьбяруць выбраных Ягоных ад чатырох вятроў, ад краю нябёсаў да краю іх.
I пашле Ен Сваіх Анёлаў з магутнагалосай трубою, і збяруць выбраных Яго з чатырох кірункаў свету ад аднаго краю неба аж да другога.
Ад смакоўніцы вазьмеце падабенства: калі гольле яе ўжо мякчэе і пускае лісьце, ведаеце, што блізка лета;
Ад фігавага дрэва прыкладу вучыцеся: калі галінка яго ўжо робіцца мяккаю і выпускае лісце, вы ведаеце, што блізка лета;
так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзьвярах.
Гэтак і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што блізка, пры дзвярах.
Праўду кажу вам: ня міне род гэты, як усё тое будзе;
Папраўдзе кажу вам: не міне гэты род, як усё гэта зробіцца.
неба і зямля мінуцца, а словы Мае ня мінуць;
Неба і зямля мінуцца, а Мае словы не знікнуць.
а пра дзень той і гадзіну ніхто ня ведае, ні анёлы нябесныя, а толькі Айцец Мой адзін;
Пра дзень жа той і гадзіну ніхто не ведае, ані Нябесныя Анёлы, ані Сын — адзін толькі Бацька.
але як было ў дні Ноя, так будзе і ў прыход Сына Чалавечага,
Як Ноевы дні; такое будзе прыйсце Сына Чалавечага.
бо як у дні перад патопам елі, пілі, жаніліся і выходзілі замуж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
Бо як у дні перад патопам елі і пілі, бралі і выходзілі замуж аж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг,
і не разумелі, пакуль ня прыйшоў патоп і не забраў усіх, — так будзе і прыход Сына Чалавечага;
I не разумелі, аж пакуль не прыйшоў патоп і не забраў усіх; такое будзе і прыйсце Сына Чалавечага.
тады будуць двое на полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца;
Тады два будзе ў полі: адзін возьмецца, а другі пакінецца.
дзьве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, а другая пакінецца.
Дзве будуць малоць у жорнах: адна возьмецца, другая пакінецца.
Дык чувайце ж, бо ня ведаеце, у якую гадзіну Гасподзь ваш прыйдзе.
Дык будзьце пільныя, бо вы не ведаеце, у якую гадзіну прыйдзе Госпад ваш.
Але гэта вы знаеце, што калі б ведаў гаспадар дома, у якую варту прыйдзе злодзей, дык чуваў бы і ня даў бы падкапаць дома свайго.
Ведайце ж гэта, што калі б знаццё гаспадару, у каторую варту прыйдзе злодзей, то ён пільнаваў бы і не даў бы падкапаць свайго дома.
Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў якую гадзіну ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, у якую вы не спадзеяцеся, прыйдзе Сын Чалавечы.
Хто ж верны і разумны раб, якога гаспадар ягоны паставіў над слугамі сваімі, каб даваў ім ежу ў свой час?
Хто ж верны і разумны раб, якога паставіў яго гаспадар над сваёю чэляддзю, каб даваў у пару ім есці?
Дабрашчасны той раб, якога гаспадар ягоны, прыйшоўшы застане, што робіць так;
Шчаслівы той раб, якога яго гаспадар, прыйшоўшы, знойдзе, што ён робіць гэта.
праўду кажу вам, што над усім маёнткам сваім паставіць яго.
Папраўдзе кажу вам, што над усім сваім маёнткам ён паставіць яго.
А калі скажа ліхі раб той ў сэрцы сваім: «ня хутка прыйдзе гаспадар мой»,
Калі ж той нядбайны раб скажа ў сэрцы сваім: марудзіць прыйсці мой гаспадар;
і пачне біць субратоў сваіх, і есьці і піць з п’яніцамі, —
I пачне біць іншых рабоў, сваіх таварышаў, есці і піць з п’яніцамі,
дык прыйдзе гаспадар раба таго ў дзень, у які ён не чакае, і ў гадзіну, у якую ня ведае,
То прыйдзе гаспадар таго раба ў дзень, у які той не чакае, і ў гадзіну, якой той не ведае,
і разатне яго напалам, і вызначыць яму аднолькавую долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгат зубоў.
I адлучыць яго, і вызначыць яму адну долю з крывадушнікамі; там будзе плач і скрыгат зубоў.