2 да Цімафея 2 разьдзел
Другое пасланьне да Цімафея
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Анатоля Клышкi
Дык мацуйся, сыне мой, у мілаце Хрыстом Ісусам.
Дык ты, сыне мой, узмацняйся ў ласцы, якая ў Хрысце Ісусе.
І што чуў ад мяне пры многіх сьведках, тое накажы верным людзям, якія былі б здольныя іншых вучыць.
і тое, што ты пачаў ад мяне праз многіх сведках, — даручы гэта верным людзям, якія будуць здольны і другіх навучыць.
Дык цярпі пакуты, як добры воін Ісуса Хрыста.
Цярпі ліха разам са мною як добры воін Хрыста Ісуса.
Ніякі воін ня зьвязвае сябе справамі буднымі, каб дагадзіць ваеначальніку.
Ніхто, служачы воінам, не аблытвае сябе жыццёвымі справамі, каб дагадзіць таму, хто залічыў яго ў войска.
Калі ж хто і змагаецца, вянка не здабудзе, калі будзе змагацца не паводле правіла.
Калі ж хто і змагаецца, не здабудзе вянка, калі будзе змагацца не паводле правілаў.
Працоўны ратай першы павінен скаштаваць пладоў.
Земляроб, які працуе, павінен перш атрымаць сваю долю пладоў.
Разумей, што я кажу. Хай дасьць табе Гасподзь разуменьне ва ўсім.
Разважай над тым, што я кажу, бо Госпад дасць табе разуменне ва ўсім.
Памятай (Госпада) Ісуса Хрыста ад семені Давідавага, Які ўваскрэс зь мёртвых, паводле зьвеставаньня майго.
Памятай Ісуса Хрыста, які ўваскрэс з мёртвых, ад насення Давідавага, паводле майго дабравешчання,
за якое я пакутую аж да кайданаў, як злодзей; але на слова Божае няма кайданаў.
у якім я цярплю ліха аж да кайданоў, як злачынец; але слова Божае не звязана кайданамі.
Таму я ўсё цярплю дзеля выбраных, каб і яны атрымалі збавеньне ў Ісусе Хрысьце зь вечнаю славаю.
Таму я ўсё зношу дзеля выбраных, каб і самі яны сустрэлі выратаванне, якое ў Хрысце Ісусе, з вечнаю славай.
Слушнае слова: калі мы зь Ім памерлі, дык зь Ім і ажывём;
Слушнае гэта слова: «Бо калі мы памерлі з Ім, то будзем і жыць з Ім;
калі церпім, дык зь Ім уладарыць будзем; калі зрачэмся, і Ён зрачэцца нас;
калі вытрымліваем, то будзем і цараваць з Ім; калі адрачомся ад Яго, то і Ён адрачэцца ад нас;
калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо Сябе зрачыся ня можа.
калі мы няверныя, Ён застаецца верны, бо адрачыся ад Сябе Ён не можа».
Гэта нагадвай, заклінаючы перад Госпадам ня ўступаць у спрэчкі, што зусім ня служыць на карысьць, а на разлад слухачам.
Напамінай пра гэта, заклінаючы перад Богам, не наладжваць слоўных бітваў, што зусім бескарысна, а толькі вядзе да згубы слухачоў.
Старайся паставіць сябе прад Богам годным, працаўніком бездакорным, які правільна выкладае слова праўды.
Пастарайся, каб стаў сам перад Богам годным, працаўніком, якому няма за што саромецца, які адкрыта рэжа слова праўды.
А непатрэбнага пустаслоўя пазьбягай; бо яны яшчэ больш будуць памнажаць бязбожнасьць,
А агіднага пустаслоўя пазбягай; бо яно яшчэ болей спрычыніцца да бязбожнасці.
і слова іхняе, як пухліна, будзе пашырацца. Такія Іменей і Філіт,
І слова іх, як гангрэна, будзе пашырацца; у іх ліку Гіменей і Філет,
якія адступіліся ад ісьціны, кажучы, што ўваскрэсеньне ўжо было, і разбураюць у некаторых веру.
якія адхіліліся ад праўды, кажучы, што ўваскрэсенне ўжо адбылося, і разбураюць веру некаторых.
Але цьвёрдая аснова Божая стаіць, маючы пячатку гэтую: «ведае Гасподзь Сваіх»; і: «хай адступіць ад няпраўды кожны, хто вызнае імя Госпада».
Аднак моцны падмурак Божы стаіць, маючы такую пячатку: «Госпад ведае Сваіх»; і: «Няхай адступіць ад няправеднасці кожны, хто называе імя Госпада».
А ў вялікім доме ёсьць посуд ня толькі залаты і срэбны, але і драўняны і гліняны; і адзін у ганаровым, а другі ў нізкім ужытку.
Але ў вялікім доме ёсць не толькі залаты і срэбны посуд, але і драўняны і гліняны, і адзін — для ганаровага ўжытку, другі — для штодзённага.
Дык вось, хто будзе чысты ад гэтага, той будзе пасудзінай у гонары, асьвечанай і карыснай Уладыку, прыдатнай на ўсякую добрую патрэбу.
Дык, калі хто ачысціць сябе ад гэтага, ён будзе начыннем для ганаровага ўжытку, асвячоным, карысным Гаспадару, прыдатным на ўсялякую добрую справу.
Юнацкіх пажадлівасьцяў пазьбягай, а трымайся праўды, веры, любові, згоды з усімі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.
Юнацкіх жа пажадлівасцяў пазбягай, дасягай праведнасці, веры, любові, міру з [усімі] тымі, хто заклікае Госпада ад чыстага сэрца.
Ад дурных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць незлагадзь;
А ад неразумных і невуцкіх спрэчак ухіляйся, ведаючы, што яны спараджаюць сваркі;
а рабу Госпада нельга сварыцца, а трэба быць прыязным да ўсіх, навучальным, нязлосным,
а слузе Госпада не належыць сварыцца, а быць мяккім да ўсіх, умець вучыць, быць незласлівым;
здольным лагодна настаўляць праціўнікаў, — можа, дасьць ім Бог пакаяньне для спазнаньня праўды,
які ў лагоднасці выхоўвае тых, хто працівіцца, — ці не дасць ім Бог пакаянн для спазнання ісціны,
каб яны вызваліліся зь цянётаў д’ябла, які залучыў іх у сваю волю.
і ці не апрытомнеюць і вырвуцца з пасткі д’ябла, злоўленыя ім для выканання яго волі.