Псалтыр 8 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад П. Татарыновіча

 
 

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Давідава.
 

Госпадзе Божа наш! якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсы!
 

З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага.
 

Калі я гляджу на нябёсы Твае, — твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў,
 

дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты?
 

Нядужа Ты зьменшыў яго перад анёламі: славаю, гонарам увянчаў яго;
 

паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё:
 

валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў гэтак сама,
 

птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі.
 

Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!